Усё пачалося з камертона
Любоў да музыкі і спеваў у Віці праявілася рана. Пяцігадовы малы прасіў бацьку разбудзіць яго а поўначы, каб паслухаць па радыё выступленне Фёдара Шаляпіна. Неўзабаве хлопчык стаў займацца на скрыпцы. Пазней у рабоце з хорам Віктар Роўда дамагаўся амаль “скрыпічнага” спеўнага гучання – такога ж выразнага, гнуткага, бясконцага ў сваёй працягласці.
Два гады Віктар вучыўся ў смаргонскай школе, у дзевяць гадоў паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, дзе шмат увагі ўдзялялі музыцы. Семінарысты спявалі ў хоры. Восенню 1936 года, калі Віктару было амаль 15 гадоў, рэктар семінарыі падарыў яму камертон і прызначыў рэгентам семінарскага хору ў час будных богаслужэнняў. З таго моманту пачалася дырыжорская дзейнасць Роўды. У семінарскім хоры Віктар пазнаёміўся з будучай жонкай Сафіяй Ваяводскай, якая стала опернай спявачкай. Восенню 1938 года Рыгор Шырма запрасіў семінарыстаў у хор, дзе збіралася беларуская моладзь, спявала беларускія песні.
Пасля вайны Віктар Роўда паступіў адначасова на медыцынскі факультэт Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў Вільнюскую кансерваторыю. Слова “доктар” у адносінах да Віктара Роўды можна разглядаць у двух значэннях: урач і доктар навук.
“Маёй спецыялізацыяй была траўматалогія. Але ж праходзілі мы ўсе дысцыпліны, дый практыкі не цураліся, я і роды, здаралася, прымаў, - успамінаў Віктар Уладзіміравіч. - А пачалася гэта зацікаўленасць медыцынай яшчэ з ваенных гадоў. У 1942 – 1943 гадах, у нямецкай акупацыі, у Вільні, падпольна быў адкрыты медінстытут. Там я і займаўся. Немцы даведаліся, прыехалі з аблавай. Я схаваўся за сасудамі з фармалінам, прасядзеў там некалькі гадзін – так і выратаваўся”.
Калі гаварыць пра доктара навук… То афіцыйна Віктар Роўда – кандыдат мастацтвазнаўства, але назапашаныя веды і вопыт дазваляюць назваць яго доктарам у кубе. Кандыдацкую дысертацыю ён абараніў пасля аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі, куды ў 1951 годзе Віктара запрасіў Аляксандр Свешнікаў.
“Самым моцным маім сябрам быў Аляксандр Васільевіч Свешнікаў, рэктар Маскоўскай кансерваторыі. Велічыня! Шэсць гадоў я быў у яго аспірантам. Аднойчы ён падарыў фота, якое падпісаў : “Віцю Роўдзе. На доўгую памяць і ў знак вялікай дружбы і сімпатыі”, - у словах дырыжора добра прачытваўся гонар за такое сяброўства.
У Маскве Роўда выкладаў у кансерваторыі і працаваў хормайстрам у Дзяржаўным акадэмічным рускім хоры СССР, а таксама хормайстрам хору хлопчыкаў Маскоўскага харавога вучылішча і Опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі. А ў 1956 годзе сваю кіпучую творчую энергію паказаў у хормайстарскай рабоце з Дзяржаўнай капэлай БССР, якой дагэтуль кіраваў Рыгор Шырма.
Педагагічная дзейнасць Віктара Роўды ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе ён адпрацаваў амаль паўстагоддзя, праявілася ў трох кірунках: загадчыка кафедрай, кіраўніцтва студэнцкім хорам і вядзенне класа па спецыяльнасці “Харавое дырыжыраванне”. За гады работы са студэнцкім хорам (з 1961 года) праз яго школу прайшлі больш за 800 хормайстраў, яго вучні кіруюць царкоўнымі і прафесійнымі харавымі калектывамі, выкладаюць музыку і спевы дзецям.
“Сама постаць маэстра выклікала павагу і гонар. Віктар Уладзіміравіч нёс сябе прыгожа, годна і высакародна, - кажа Уладзімір Церабун, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, які быў знаёмы з дырыжорам. - Аднойчы мне давялося прысутнічаць на занятках у маэстра. Мы дамовіліся сустрэцца ў аўдыторыі. Невялічкае памяшканне, у якім стаяла піяніна, пюпітры з нотамі і два крэслы. На адным з іх, крыху прыўзнятым ад падлогі, сядзеў маэстра. На занятках была адна дзяўчына, з якой настаўнік вёў дыялог, даваў парады, слухаў, сам спяваў, рабіў заўвагі, зноў слухаў… Здавалася, што перада мной не прафесар музыкі, а доктар, які музычным паветрам лечыць сваю пацыентку, каб тая магла шырока і вольна дыхаць мелодыяй. Такія ўрокі трэба было здымаць на відэа і прапаноўваць для прагляду студэнтам і педагогам музычных устаноў”.
“Хор – справа тонкая, зграбная. А галоўнае – богатворная”
Хор Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў 1968 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у студэнцкім свяце Gaudeamus у Вільнюсе. Роўду давялося дырыжыраваць зводным пяцітысячным хорам. Прафесар Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра Повілас Гіліс, адзін з пастаянных арганізатараў свята песні ў Літве, дзяліўся сваімі ўражаннямі: “Што сказаць пра Віктара Уладзіміравіча як пра дырыжора на гэтых святах? Ён валодаў Божым дарам… І на рэпетыцыі, і на канцэрце прафесар Роўда праяўляў сябе як выканаўца самага высокага класа”.
Канцэртны хор студэнтаў акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Віктара Роўды дасягнуў значных поспехаў. У 1995 годзе гэты харавы калектыў заваяваў Гран-пры на Першым міжнародным фестывалі хароў у Кішынёве. У 1997 - быў удастоены двух кубкаў і трох залатых дыпломаў на ІІ міжнародным конкурсе хароў у Германіі, дзе таксама атрымаў вышэйшую ўзнагароду – прэмію “Оскар”, а таксама Гран-пры на XVI міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў Польшчы.
У шматлікіх інтэрв’ю Віктар Роўда адзначаў: “Хор – справа тонкая, зграбная. А галоўнае – богатворная. Кожнае слова, праспяванае хорам, мае сваю вагу, свой сэнс, які ў харавым выкананні набывае дадатковую энергетыку і ўздзеянне на слухачоў”. Ад кожнага выканаўцы ён патрабаваў выразнай дыкцыі, вострага пачуцця рытму, крыштальнай чысціні інтанацыі і жывога характару.
Фота Юрыя Іванова.
З 1965 года Віктар Роўда стаў працаваць яшчэ і галоўным дырыжорам, мастацкім кіраўніком акадэмічнага хору Беларускага тэлебачання і радыё. Напрыканцы 1960 – пачатку 1970-х гадоў скульптар Уладзімір Церабун вучыўся ў мастацкім інстытуце. “На той час штогод у пачатку красавіка ў філармоніі праходзіў канцэрт-справаздача аб’яднанага хору – кансерваторыі, а таксама радыё і тэлебачання. Кіраваў гэтымі калектывамі Віктар Роўда. Зала поўная. Такія канцэрты былі святам у музычнай культуры рэспублікі. Для сябе я адзначаў, як маэстра Роўда дырыжыруе. Я ніколі не бачыў размахвання рук і хістання яго постаці . Ён трымаў рукі перад сабой і кіраваў хорам пальцамі і вуснамі, мімікай. Які высокі ўзлёт і майстэрства! Якая высокая культура адносін да музыкі!
Роўда-дырыжор валодаў каласальнай сілай уздзеяння на хор. Гэта быў свайго роду магнетызм, мацнейшая энергетыка, якая ішла ад дырыжора, усяго аблічча яго фігуры, выразу твару, рухаў рук і пальцаў. Пры гэтым яго дырыжорскі жэст вылучаўся скупасцю, сабранасцю, лаканізмам – хор быў тым інструментам, на якім Віктар Роўда граў кожны дзень.
На адным з канцэртаў, бліжэй да заканчэння, большая частка хору пакінула сцэну – і паўза… За невялікі прамежак часу артысты раздзяліліся на чатыры хары. Адзін, разам з дырыжорам, застаўся на сцэне, іншыя размясціліся ў левым крыле філармоніі, у правым і на балконе, а потым усе разам пачалі спяваць песню “Ляціце, галубы, ляціце”. Гэта быў нейкі цуд стэрэафанічнага гучання харавога спеву. Такое не забываецца”.
Уладзімір Роўда духоўную музыку зрабіў здабыткам свецкай публікі, агучыў і запісаў на радыё ўвесь песенны фальклор, які сабраў Рыгор Шырма (больш за дзве тысячы песень!). У рэпертуары хору былі араторыі, кантаты, лірычныя і жартоўныя песні, з элементамі джазу, творы беларускіх, рускіх і замежных аўтараў. Віктар Роўда стаў складальнікам харавых зборнікаў, аўтарам хрэстаматый па дырыжыраванні, па якіх будзе вучыцца не адно пакаленне студэнтаў акадэміі музыкі.
У жніўні 1990 года за вялікія заслугі ў развіцці музычнага мастацтва хору Беларускага тэлебачання і радыё прысвоена ганаровае званне “Акадэмічны”, а ў верасні гэтага ж года Віктар Роўда быў удастоены звання “Народны артыст СССР”. На яго рахунку – ордэн Францыска Скарыны, прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”. Ён поўны кавалер ордэна Святога князя Данііла Маскоўскага. Імя Віктара Роўды ўнесена ва ўсе буйнейшыя музычныя энцыклапедыі.
Чытаю ўспаміны сваячкі Ірыны Баранавай: “Яго жыццё – гэта карпатлівая праца. Ні разу не памятаю, каб ён заставаўся дома на ўвесь дзень. Выхадныя не любіў у прынцыпе. Выкарыстоўваў любую магчымасць, каб папрацаваць – на радыё, у кансерваторыі… Часам, праўда, мог паехаць на летнік – адвозіў туды жонку. Але больш за дзве гадзіны там не вытрымліваў…
Кожныя суботу і нядзелю ён хадзіў на службу ў царкву і па магчымасці ўдзельнічаў у жыцці парафіі. У Петрапаўлаўскую царкву ахвяраваў крыж на іканастас, а калі ў Смаргоні аднаўлялі царкву, у якой служыў яго бацька, падарыў грошы на звон... Але гэта не дэманстравалася. Рабіць што-небудзь напаказ яму наогул не ўласціва”.
Смаргонь у яго сэрцы
“Ён увесь час падтрымліваў са смаргонцамі цесныя сувязі, - кажа Соф’я Лазар, былая загадчыца аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама. – Дапамагаў нам, асабліва напачатку станаўлення ансамбля песні і танца імя Агінскага(у 1960-я гады). Яму прысвоілі званне “Ганаровы грамадзянін Смаргоні” і заўсёды запрашалі на знакавыя мерапрыемствы горада. Віктар Уладзіміравіч стараўся ўдзельнічаць у іх. А яшчэ ён моцна сябраваў з Валянцінай Булавай, якая жыла на вуліцы Кірава”.
Інфармацыю пра сяброўства пацвердзіла Алена Булава, дачка Валянціны Іванаўны: “Маміны бацькі былі добра знаёмы з айцом Уладзімірам, татам Віктара Роўды. Маленькім хлопчыкам прыходзіў Валодзя з бацькамі да нас у госці. Ён быў меншы за маму на тры гады. Іх дружба расцягнулася на ўсё жыццё. Віктар Уладзіміравіч пасталеў, ажаніўся, стаў вядомым чалавекам, але не забываў нас, прыязджаў у госці, калі – адзін, калі – разам з жонкай і пляменнікам.
Мая мама была выдатнай кухаркай, і Роўда цаніў яе гэты талент. Асабліва любіў цэпеліны і фаршыраваную рыбу, да яго прыезду мама гэтыя стравы заўсёды гатавала.
Дарэчы, да вайны ў нашым доме выпякалі смаргонскія абаранкі, якія вазілі на продаж у Вільню, Ашмяны і ў іншыя месцы. Гэта быў сямейны бізнес. Маленькі Віця таксама ласаваўся смаргонскімі абаранкамі”.
Алена Булава па адукацыі харавы дырыжор. Можна сказаць, што першы іспыт, каб патрапіць у чароўны свет музыкі, яна здавала менавіта Віктару Роўду. “Віктар Уладзіміравіч аднойчы прапанаваў праверыць мой слых. Я яму праспявала песеньку, адбіла пэўны рытм – ён быў задаволены мной. Неўзабаве пасля гэтага я пайшла самастойна, нават маме не сказала, запісалася ў музычную школу. Было мне на той час гадоў восем.
Скончыўшы музычную школу Алена паступіла ў Маладзечанскае музвучылішча, а пасля – ва ўніверсітэт культуры. “Падчас вучобы ў музвучылішчы мы часта ездзілі на канцэрты хору, якім кіраваў Віктар Роўда. А яго вучань, наш педагог Анатоль Шунтаў, вёў у нас у вучылішчы хор. На першых парах мяне здзіўляла, як Анатоль Феліксавіч падобна да Віктара Уладзіміравіча трымае сябе, і нават дырыжыруе гэтак жа. Такі ж скупы і выразны жэст. Адчувалася, што настаўнік для вучня быў аўтарытэтам”.
Сярод шматлікіх вучняў Роўды і Валянціна Рэут з Ашмян, якая вучылася ў кансерваторыі з 1964 па 1969 гады. “Прафесар Роўда прымаў у нас у Маладзечанскім музвучылішчы дзяржаўныя экзамены. Пасля вучылішча чацвёра навучэнцаў установы патупілі ў кансерваторыю, а ўсіх на курсе, на кафедры харавога дырыжыравання, нас было восем, - расказвае Валянціна Фёдараўна. - Кожны год Віктар Уладзіміравіч да сябе ў клас браў аднаго вучня. На нашым курсе адзіным вучнем аказалася я. Мая першая рэакцыя – спалохалася. Калі першы раз ішла да яго ў клас, моцна баялася. Але страх тут жа прайшоў, бо я апынулася ў цудоўнай, душэўнай атмасферы. Неўзабаве зразумела, як мне пашанцавала. Галоўная рыса Віктара Роўды – патрабавальнасць. Да студэнтаў і найперш – да сябе. І гэта давала добрыя вынікі. Дрэнна вучыцца было немагчыма. Трэба было выкладацца на ўсе 100% і нават больш.
Пазней, каму б я не сказала, што скончыла клас Роўды (у музычных колах яго ведаў увесь Савецкі Саюз), да мяне адразу былі асаблівыя адносіны. Але і тут слабінцы не было месца. Трэба было трымаць марку, бо ты – вучаніца самога Роўды!”.
Сваіх студэнтаў Віктар Уладзіміравіч любіў бясконца. Яны давалі яму стымул да жыцця. Нават калі ляжаў у бальніцы, быў на валаску ад смерці, ён складаў праграмы для студэнтаў, будаваў планы. З Віктарам Уладзіміравічам у нас былі цесныя ўнутраныя сувязі, ён стаў для мяне другім бацькам. Яго смерць я перажыла вельмі цяжка”.
Віктар Роўда не забываў пра Смаргонь – месца, якое яго ўзгадавала. І Смаргонь дагэтуль памятае свайго сына. Адна з вуліц горада носіць яго імя. У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваюцца бюст маэстра - работа Уладзіміра Церабуна, а таксама асабістыя рэчы музыкі: сцэнічны касцюм, партфель, скрыпка, ноты, фотаздымкі і некаторыя ўзнагароды, якія перадала сюды ўдава Віктара Роўды.
У адным з апошніх інтэрв’ю на пытанне: ”Якое месца на зямлі для Вас наймілейшае?”, Віктар Уладзіміравіч адказаў: “Мая родная Смаргонь. Мяне туды цягне, як ручаёк да ракі. На месцы той царквушкі, дзе мяне хрысцілі, хутка пабудуюць храм”.
У лістападзе 2007 года маэстра пакінуў гэты свет, а ў верасні 2009 – Спаса-Праабражэнскі храм у Смаргоні адкрыўся для вернікаў.
Галіна АНТОНАВА.
Фота з архіва аўтара, Алены Булавай, Уладзіміра Церабуна, Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея і старонкі facebook.