Ткацкі станок, на якім выткала не адзін дзясятак дываноў. Даўно станок стаіць у адзіноце, чакае зорнага часу. Можа, калі ўнук Дзіма знойдзе час, каб абсталяваць у хаце музей сялянскага быту.
Тканыя дываны – гэта асобны скарб, які можна разглядаць доўга, бо кожны гэты твор народнага мастацтва ўнікальны, непаўторны і па-свойму прыгожы. У Галіны Казіміраўны захаваліся тры тканыя дываны і ручнік для вясельнага свята (на Смаргоншчыне яго называлі “дружкам”) – таксама тканы і аздоблены карункамі.
У выдатным стане захаваліся льняныя фіранкі, якія Галіна Казіміраўна вышывала, калі нарадзіла дзіця – у 60-х гадах мінулага стагоддзя. Узор на іх таксама ўнікальны. Майстрыха кажа, што і дагэтуль добра захаваўся рулон ільнянога палатна, якое сама ткала больш за паўстагоддзя таму. Менавіта з гэтай тканіны яна і пашыла фіранкі.
“Няма таго, што раньш было…”. Гэта цяпер свата на вяселлі вызначаюць магазіннай кветкай са стужкамі. А раней для паважанага госця нявеста сваімі рукамі вырабляла ручнік. І не для яго аднаго. Вясельнаму ручніку раней адводзілася адмысловая роля. Іх трэба было багата назапасіць да вяселля. Самы вялікі і аздоблены – жаніху ў знак згоды нявесты і яе бацькоў на шлюб. Ручнікамі адорвала нявеста жаніхову радню. Імі ўпрыгожвалі вясельны “цягнік”: прывязвалі замест лейцаў, увівалі дугі, укладвалі іх уздоўж конскіх спін. І ўсе, хто ўдзельнічаў у паездцы, таксама былі імі абазначаны: жаніх і нявеста трымалі ручнік у руках, дружку павязвалі крыж-накрыж на грудзі. Вось адкуль пайшоў звычай цяпер апранаць стужкі сведкам.
Галіна Койра паказала і ажурны дыванок (посцілку ці абрус – не ведаю, як правільна назваць). Ён таксама зроблены сваімі рукамі з кужалю (ніткі з ачэсанага лёну). І майму захапленню няма мяжы, наколькі развітай была творчая жылка ў простых людзей.
Жыў у Вайнідзенятах майстар Уладзімір Дзямідаў (у народзе яго называлі Дзямідкам). Уладзімір Дзямідавіч ствараў гіпсавыя скульптуры, якія сам і размалёўваў. Гэтымі фігуркамі жыхары Смаргоншчыны аздаблялі не толькі сваё жытло, але і тэрыторыю каля хаты. У Галіны Казіміраўны захаваліся тры гіпсавыя скульптуры ад майстра з Вайнідзенят, пра якога, відаць, варта напісаць асобны матэрыял.
Сямейныя рэліквіі, бясцэнныя скарбы. Колькі іх захоўваецца ў сем’ях жыхароў Смаргоншчыны?! То чаму б не расказаць пра іх? Мы звяртаемся да чытачоў нашай газеты – далучайцеся! Тэлефануйце па нумары 3-84-19, пішыце (г. Смаргонь, вул. Савецкая, 29, рэдакцыя газеты “Светлы шлях”). Расказвайце пра тыя неверагодныя рэчы (гэта могуць быць не толькі прадметы быту, але і фотаздымкі, дакументы і шмат чаго іншага), якія захоўваюцца ў вас. Мы гатовы прыехаць да вас, запісаць вашу гісторыю, сфатаграфаваць сямейныя рэліквіі.
Наш новы праект “Сямейны скарб” – гэта аповед пра культурную спадчыну, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Спадзяёмся, праект будзе цікавы для шырокага кола чытачоў.