Сёння нашы смакавыя рэцэптары распешчаны рознымі прысмакамі. Нам падавай моці з жасмінам і матчай альбо круасаны з галетамі белага шакаладу. А ў ХIХ – ХХ стагоддзях для многіх дэсертным далікатэсам лічыліся смаргонскія абаранкі, слава пра якія пайшла далёка за межы Смаргоні. Кожны гаспадар, калі вяртаўся з кірмашу дадому, вёз некалькі звязкаў смаргонскіх абаранкаў.
Смак смаргонскіх абаранкаў
Прайшло ўжо больш за паўстагоддзя – а мы па-ранейшаму можам сцвярджаць, што ў вытворчым цэху «Смаргонь» філіяла «Лідскі хлебазавод» ААТ «Гроднахлебпрам» выпякаюць вельмі смачныя абараначныя вырабы, якія па-ранейшаму карыстаюцца попытам у пакупнікоў.
«У 2013 годзе ў нас была ўстаноўлена лінія па вытворчасці сушак, - адзначае вядучы інжынер-тэхнолаг Вольга Страшынская. - Выпуск сушак ажыццяўляецца па безрасстоечнай тэхналогіі, гэта значыць паскоранай, якая выключае працэс браджэння цеста. Машына замешвае цеста, яно непрацяглы час «адлежваецца» і потым часткамі трапляе ў апрацоўчыя машыны. Пры вытворчасці сушак асноўнай аперацыяй з’яўляецца апарка (абдаванне парам), у выніку чаго ствараецца «каркас» вырабу і глянцавая паверхня».
Дарэчы, апарка замяняе традыцыйны працэс абварвання, які ў мінулым стагоддзі выконвалі абараначніцы: кожную сушку трэба было апусціць у кіпень і крыху паварыць. Дарэчы, старажытны рэцэпт смаргонскія хлебапёкі выкарыстоўвалі на майстар-класе, які яны праводзілі падчас фестывалю «Смаргонскія абаранкі». «Па смакавых якасцях нашы сушкі і абаранкі, створаныя па старажытных рэцэптах, амаль не адрозніваліся», - зазначыла Вольга Веніямінаўна.
Цяпер вытворчасць сушак у Смаргоні прадстаўлена 8 найменнямі. Гэта лінейка сушак «Гармонія» з рознымі водарамі. Найбольш запатрабаваныя ў пакупнікоў сушкі з водарам ванілі: «Смаргонская», «Беласнежка», «Лідская сласцёна», «Кроха».
У асноўным пры вырабе сушак выкарыстоўваецца мука першага гатунку, толькі «Лідская сласцёна» і «Беласнежка» вырабляюцца з мукі вышэйшага гатунку, яны ўтрымліваюць больш цукру і тлушчу. Асалода для гурманаў.
Купіць смаргонскі брэнд можна не толькі ў фірменных магазінах хлебазавода, але і іншых гандлёвых кропках горада, у тым ліку супермаркетах.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара