На базе Смаргонскага доследнага лясгаса прайшоў абласны семінар па ахове працы
Перад удзельнікамі семінара выступіла з інфармацыяй начальнік міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Святлана Шатохіна. Янараспавяла аб траўматызме на вытворчасці, прыняцці неабходных мер па яго прадухіленні.
Потым прадстаўнікі лясгасаў накіраваліся на лесасеку, дзе ім расказалі аб правядзенні лесанарыхтоўчых работ. Тут жа было паказана, як пры дапамозе розных тэхнічных сродкаў можна бяспечна пакласці на зямлю сасну, якая завісла паміж дрэў.
На лесапункце Смаргонскага доследнага лясгаса, што знаходзіцца у горадзе каля чыгуначных пуцей, увага была звернута на бяспеку падчас загрузкі піламатэрыялаў у вагоны. У гэты час работнікі стаяць на спецыяльнай металічнай пляцоўцы, якая размешчана на ўзроўні верхняга краю вагона. Каб папярэдзіць падзенне з вышыні і траўміраванне людзей, спецыялісты сталічнай фірмы прадэманстравалі спецыяльнае страховачнае прыстасаванне. Адна яго частка надзяваецца на работніка і замацоўваецца на целе, потым прышпільваецца карабін з трывалай стужкай, якая пры дапамозе спецыяльнага фіксатара мацуецца да парэнчы пляцоўкі. Калі нават і аступіцца работнік, то не будзе траўміраваны, бо павісне на страховачным прыстасаванні паміж пляцоўкай і зямлёю. Тут жа была звернута ўвага работнікаў лесу на правільнае складзіраванне перад пагрузкай бярвенняў, піламатэрыялаў.
У дрэваапрацоўчым цэху “Бялкоўшчына” ўдзельнікі абласнога семінару па ахове працы паглядзелі прадукцыю, выкананне работ, забяспечанасць работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы.
Потым у лясгасе былі падведзены вынікі гэтага мерапрыемства.