Злачынствы на тэрыторыі Смаргонскага раёна за апошнія тыдні
Мёд захоўваўся ў падвале дома па вуліцы Заходняй, што ў Смаргоні. Але яго нейкім чынам “унюхаў” жыхар прыгараднай вёскі. А далей, як кажуць, справа тэхнікі. З тэхнічных сродкаў аматар пажывіцца мядком прыхапіў з сабою нешта накшталт ломіка. Схованку ў горадзе знайшоў хутка. Замок супраціўляўся нядоўга. Праз хвіліну-другую шлях да духмянага салодкага прадукту быў адкрыты. Гаспадару падвала злодзей не пакінуў ні слоіка, забраў усе шэсць.
***
Жыхарка Смаргоні, мабыць, забылася, што ў нашым горадзе яшчэ ёсць зладзеі. Пакінуўшы незамкнёную аўтамашыну на вул. Камсамольскай, жанчына пайшла па сваіх справах. Калі ж вярнулася, то ў салоне легкавушкі не ўбачыла кашалька ад сусветна вядомай фірмы. Разам з кашальком зніклі беларускія рублі і амерыканскія долары.
***
Пакінуць нейкую рэч у раздзявалцы без гардэробшчыка амаль тое ж самае, што аддаць яе злодзею. Выпадкаў крадзяжоў з такіх раздзявалак нямала. Адзін з іх адбыўся нядаўна ў сельскай музычнай школе. Вучаніца пасля ўрока не знайшла на месцы свой тэлефон.
***
У адным з кафэ горада таксама ненадзейны гардэроб. Мясцовы жыхар пакінуў у ім куртку. А калі праз нейкі час сабраўся дамоў, то не ўбачыў яе ў гардэробе.
***
Хлопцы з Астраўца прыехалі ў Солы. Але іх цікавілі не дзяўчаты. Жыхары суседняга райцэнтра заглянулі на тэрыторыю мехдвара мясцовай гаспадаркі і ўзрадаваліся: дамоў яны вернуцца не з пустымі рукамі. Зварачны апарат і два зварачныя трымальнікі, шліфавальная машынка і 30 метраў электрычнага кабелю – такі набытак заезджых зладзеяў.
***
Такому ў школе не вучаць, але злодзеем аказаўся старшакласнік смаргонскай школы. Злачынства ён учыніў не ў сценах роднай альма-матар. І нават не ў горадзе. Пацярпеў жыхар Асінаўшчызны. Школьнік сарваў навясны замок на дзвярах будуемага дома па вул. Зялёнай і ўкраў адтуль акустычную сістэму, партатыўнае зараднае прыстасаванне, будаўнічыя інструменты і дробныя электратавары. Не абмінуў юны злодзей і незамкнёны аўтамабіль, які стаяў на падворку дома.Уладальнік аўто потым не далічыўся пластмасавай скрынкі з грашыма.
***
У Смаргоні з пад’езда дома па вул. Кутузава прапаў “Мерседэс-Бенц”. “Хто і як яго туды загнаў?” – спытаеце вы. Былы ўладальнік гэтага транспартнага сродку. Стаяў ён на лесвічнай пляцоўцы паміж 8 і 9 паверхамі. І калі б быў прышпілены ланцугом з замком да металічнага прутка лесвічнай парэнчы, то, напэўна, застаўся б на сваім месцы.
А цяпер, як кажуць, трэба раскрыць карты. Такую назву мае ўкрадзены веласіпед, які быў выпушчаны ў сусветна вядомай аўтамабільнай фірме. Яго і купіў смаргонец.
***
Зручны момант, лоўкасць рук - і вось ужо ў грошай новы ўладальнік. Так здарылася і ў Жодзішках. Варта было гаспадыні хаты адлучыцца на некалькі хвілін, як 400 яе рублікаў трапілі ў кішэню злодзея, які завітаў да гэтай жанчыны пад выглядам прыстойнага чалавека.
Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.