Дуб - як сімвал мудрасці і сілы


Все новости


Дуб - як сімвал мудрасці і сілы

Макарович.JPG

У Наваспаску ён свой, мясцовы, гэтай зямлёй выгадаваны. Памятае, як жылі пры паляках, як восенню 39-га Саветы прыйшлі. А потым тры гады пад фашысцкай акупацыяй. Аднаго брата ў Германію вывезлі, другога прымусілі працаваць на смалярні ў Залессі. Шчасце, што ўсе жывыя засталіся. Пасля вайны школу скончыў, сем класаў. І падаўся ў педагогі. Тады з яго класа ў Ашмянскі педтэхнікум (яго пазней у вучылішча перайменавалі) аж сем чалавек паехалі паступаць. І ўсе паступілі. Успамінае Васіль Тамашэўскі, як пасля экзаменаў на субяседаванне прыходзілі: сядзяць за доўгім сталом дырэктар, выкладчыкі, а перад імі босы будучы педагог. І ні адзін не глянуў скосу, маўляў, прыйшла тут бедната. Дырэктар Міхаіл Фёдаравіч ціха так: “Вы прабачце, калі ласка, у вас ёсць што абуць? Калі ёсць, то схадзіце абуйцеся”.

Увогуле, кожнага з педагогаў Макаравіч успамінае з цеплынёй: яны далі вельмі трывалую прафесійную аснову. І на першым працоўным месцы малады настаўнік адчуваў сябе даволі ўпэўнена. Гэта сярод вучняў. А вось, заходзячы ў настаўніцкую, хваляваўся і чырванеў. Усяму віной настаўніца рускай мовы Марыя Пугачова. Тая ўжо “вопытная” – год адпрацавала. Але гэтак жа пунсавелі яе шчокі, калі Васіль Макаравіч сустракаўся з ёй у калідоры. Яна пазней прызналася, што пры першым годзе шапнула сяброўцы на вуха: “От бы мне такога мужа!”

Галантны кавалер ажно з Ябравічаў на веласіпедзе на спатканні ездзіў (яго перавялі туды кіраваць пачатковай школай). А Марыю Іванаўну праз год прызначылі загадчыцай у Гамзічы, тады і вырашылі пажаніцца. Ды толькі і пасля вяселля не давялося разам пабыць, колькі хацелася. Васіля Макаравіча прызвалі ў армію. Ажно тры гады ў Калінінградзе адслужыў, пакуль прыйшла чарга спакойнага сямейнага жыцця.

 Яшчэ да арміі разам паступілі ў інстытут у Вільнюс. Жонка паспела скончыць, а перад вяртаннем Васіля Макаравіча рускае аддзяленне закрылі. Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, паступаў у Мінскі педагагічны. Паспеў папрацаваць у Рацавічах, дзе нават біялогію выкладаў (Макаравіч матэматык). А потым прыехаў дырэктарам у Сялец. Вельмі радавала тое, што ў суседняй Суцькаўскай школе кіраваў сябра дзяцінства Мікалай Шунько, з якім у Ашмянах разам вучыліся і пасля сувязі не гублялі. Нават не думалі тады, што давядзецца Васілю Тамашэўскаму замест сябра дырэктарам стаць. Прызнаецца Макаравіч, не хацелася, але меркавання работнікаў асабліва не пыталіся. Ды нядоўга і Тамашэўскі начальнікам пабыў. Зрабілі новаму дырэктару такую “ласку”: закрылі ў Наваспаску царкву, а бярвенне з яе загадалі перавезці да школы і зрабіць прыбудову. “Царкву разабраць? Я ж мясцовы! Мне людзі не даруюць!” – упіраўся Макаравіч. Цягнуў час, пісаў адпіскі, так яго і знялі з пасады за нерашучасць. Можа, і да лепшага. Затое з’явіўся час, каб бліжэй пазнаёміцца з вучнямі.

Макаравіч перакладае паперы ў вялікай папцы: граматы за настаўніцкія заслугі, за дэпутацкія (больш за 20 гадоў запар Васіля Тамашэўскага выбіралі дэпутатам), падзячныя пісьмы… “Такога дабра ў мяне многа”, - махае рукой. А самыя дарагія ўзнагароды раскрывае перада мною і хітра ўсміхаецца. А там сертыфікат на “Зорку Героя”, якую ўручылі яму першыя выпускнікі. Сама зорка з паўкіло важыць, а ў сертыфікаце па пунктах напісана, за што былыя вучні паважаюць свайго настаўніка. Там і толькі ім адным зразумелыя сяброўскія жарты і кранальныя словы ўдзячнасці. Сертыфікат гэты Макаравіч беражэ, захоўвае разам з пісьмамі ад вучняў. Ды і былыя школьнікі, якім ужо самім пад семдзесят, можа, гадоў не даюць пра сябе забыць: тэлефануюць, прыязджаюць. Для Макаравіча яны засталіся такімі ж, як на школьнай фатаграфіі, дзе настаўнік не выглядае больш дарослым, чым вучні. Макаравіч памятае кожнага, хто ўваходзіў з партфелем у яго клас. У кожным бачыў асобу. “Дзеці такія псіхолагі, лепшыя за дыпламаваных! – гаворыць настаўнік. – Яны-то шкоднікі, але калі з імі па-добраму, то і яны гэтак жа адзываюцца”. Пра шкоднікаў Васіль Макаравіч расказвае з асаблівым смехам: як прыехаў новы настаўнік на машыне, а дзеці яго ахрысцілі Віні-Пухам, пазначыўшы мянушку на запыленым аўтамабільным шкле. І як вучня са свайго класа на веласіпедзе ў школу вазіў: “Не ходзіць і не ходзіць Лёнька ў школу. Ну ніяк раніцай прачнуцца не можа. Еду за ім у Цары, саджаю на багажнік – і ў школу. А насустрач людзі на работу ў калгас ідуць, смяюцца з нас. Я яшчэ і песню заспяваю, як стары асёл маладога вязе”. Лёнька зусім нядоўга ў яго класе правучыўся, а пасля восьмага ўвогуле з’ехаў. Доўга Макаравіч пра яго не чуў нічога, а неўзабаве з Масквы пісьмо ад яго прыходзіць: “Вітаю, дарагі мой сябра Вася!” Жарт настаўнік ацаніў: расказвае і заліваецца смехам. А я думаю: як жа запаў у душу чалавек, калі праз столькі гадоў ты пішаш яму!

Тамашэўскія выгадавалі траіх дзяцей. “Харошыя яны ў мяне,” – хваліць сыноў і дачку Макаравіч. "Харошыя", - згаджаюся я, гледзячы на акуратна
абкошаны падворак, на няскончаную агароджу, якая чакае прыезду рукастых хлопцаў у выхадныя. Макаравіч вядзе мяне да свайго дуба. “Ты прыхіліся да яго, набярыся сілы,” – раіць ён. Дуб вялізны што ў вышыню, што ў шырыню. Васіль Макаравіч з сынам спрабавалі шукаць пра яго звесткі. Знайшлі, што з кожным годам дрэва прыбаўляе каля аднаго сантыметра ў абхваце. Атрымліваецца, што дубу ўжо вякоў з пяць.

Настаўнік кладзе рукі на шурпатую кару, прывычна праходзіцца пальцамі па месцы, дзе калісьці было вялікае дупло. Дуб загаіў гэтую рану. Ён моцны. Можа, яшчэ не адзін век прастаіць. Чалавечае жыццё куды карацейшае. Але і яго дастаткова, каб дзяліцца з іншымі сілаю, мудрасцю і сардэчнай дабрынёй.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

06.10.2019

Возврат к списку