У мікрараёне Усходнім у маляроў часова перакваліфікаваліся работнікі па комплекснай уборцы тэрыторый. Яны фарбавалі цокаль шматпавярховага жылога дома №45 па вул. Юбілейнай. Работа спорылася, метр за метам цокаль пакрываўся новай фарбай.
Яшчэ адна група дворнікаў працавала ў цэнтры горада. Жанчыны спачатку пафарбавалі ўваходы ў пад’езды, дзверы, лаўкі і сметніцы ў доме №16. Як адзначыў майстар Дзмітрый Мех, надвор’е добрае, сонечнае, таму за працоўны дзень работніцы паспеюць надаць свежы выгляд пад’ездам суседніх дамоў і ўсяму таму, што каля іх знаходзіцца.
У цэнтральнай частцы горада, каля дома № 21 па вул. Кутузава працавалі спецыялісты ЖРЭСа. І хаця іх штодзённая работа звязана з камп’ютарамі, калькулятарамі, іншай арганізацыйнай тэхнікай, тым не менш падчас суботніка прадстаўнікі адміністрацыі ўпэўнена трымалі ў руках пэндзлі і малярныя валікі.
У Заходнім мікрараёне таксама працавалі спецыялісты ЖРЭСа – бухгалтары, інжынеры, эканамісты. На момант нашага прыезду яны фарбавалі цокаль шматпавярховага жылога дома №97 па вуліцы Савецкай. У гэты час мужчыны рыхтавалі пад пафарбоўку падмурак дома №95 па гэтай жа вуліцы.