Інфармацыйна-прапагандысцкая група наведала вайсковую часць 2044
З інфармацыяй аб злачынствах, якія ўчыняюцца ў сетцы Інтэрнэт, выступіў першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі Іван Руткоўскі. Ён прывёў канкрэтныя выпадкі ашуканства, назваў колькасць пацярпелых смаргонцаў, заклікаў прысутных быць асцярожнымі, каб не трапіць у непрыемную сітуацыю.
Галоўны інжынер КУП ЖРЭС Іван Старавойтаў распавёў пра добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, рамонт жыллёвага фонду, уцяпленне старых шматпавярховых дамоў з мэтай зніжэння цеплазатрат на іх абаграванне. Што датычыць апошняга, то згодна з заканадаўствам на гэту справу выкарыстоўваюцца бюджэтныя фінансавыя сродкі і сабраныя жыльцамі грошы.
Аб сацыяльна-эканамічным развіцці раёна расказала Вольга Богма, начальнік аддзела па кіраванні і распараджэнні дзяржаўнай маёмасцю ўпраўлення эканомікі райвыканкама.
Эмацыянальным было выступленне Марыны Кавальскай, намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх. Яна акцэнтавала ўвагу на на нядобранадзейных сем’ях, дзе ёсць дзеці. Іх прыходзіцца забіраць, змяшчаць у прытулак, а татаў і мам пазбаўляць бацькоўскіх правоў.
Загадчык інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Валянціна Сапач распавяла аб заражэнні вірусам імунадэфіцыту чалавека, колькасці ВІЧ-інфіцыраваных у нашым раёне, мерах перасцярогі ад гэтага захворвання.
Юрый ЯНУШКЕВІЧ.
Фота аўтара.