Паспрачаемся аб густах: чым будуць карміць школьныя сталоўкі?
Ірына Віктараўна расказала, што хоць школы Смаргоншчыны не ўдзельнічалі ў эксперыменце, меню ў сталоўках папоўнілася новымі стравамі. Сачылі, як дзеці ўспрынялі новаўвядзенні, праводзілі анкетаванне і сярод вучняў, і сярод бацькоў.
Мы задаліся пытаннем, адкуль жа бярэцца спіс страў, якія прапануюць дзецям у школе. Аказваецца, меню распрацоўваецца ў Міністэрстве адукацыі. Мінулае, па якім гатавалі раней, з’явілася ажно ў 2006 годзе. Не дзіва, што многія стравы прыеліся дзецям. А што будзе, калі школьныя сталоўкі пачнуць працаваць па новых прынцыпах?
“Па сутнасці, стравы будуць гатавацца з тых жа прадуктаў, што і раней. Зменяцца спосабы прыгатавання. Мы паспрабавалі ўжо ўвесці нешта новае ў мінулым годзе. І ўбачылі, што, напрыклад, нагетсы – тое ж курынае філе – але ў адходы не пайшло амаль нічога з дзіцячых сталоў. Нешта мяняць не будзем. Тое ж бульбяное пюрэ школьнікі добра ядуць заўсёды”, - разважае Ірына Шумак.
Спецыялісты мяркуюць, што добра дзеці прымуць мітболы з сырам, запечаную бульбу, новыя салаты, безумоўна, парадуе дзяцей гарачы шакалад.
Ірына Віктараўна запэўніла, што школы раёна гатовыя да новаўвядзенняў. Хоць афіцыйна не ўсе навучальныя ўстановы пераходзяць на новыя прынцыпы работы, меню для ўсіх будзе адзінае. Дарэчы, і тут магчымы змены. Работнікі сталовых адсочваюць, якія стравы не карыстаюцца попытам. Тады ўжо справа тэхнолага падумаць, чым можна замяніць іх.
Змяняецца таксама час наведвання сталоўкі. Цяпер школьнікаў будуць карміць не раней, чым праз дзве гадзіны пасля пачатку ўрокаў. Гэта можа выклікаць некаторыя цяжкасці ў навучальных установах, дзе колькасць дзяцей значна перавышае колькасць месцаў у сталоўках. Але з цягам часу будуць вырашаць і гэтую праблему.
Сваё бачанне перамен у арганізацыі харчавання выказала шэф-повар Залескай сярэдняй школы Вольга Гнілазуб. “Мы ўжо спрабавалі гатаваць накаторыя стравы, - распавядае яна.
“Новыя стравы з’явіліся і ў меню дзіцячага садка. Напрыклад, дранікамі маленькія выхаванцы былі вельмі задаволеныя”, - падзялілася Вольга Міхайлаўна.
Ці прывядзе новая сістэма харчавання да паляпшэння апетыту школьнікаў – пакажа навучальны год. Будуць і далей праводзіцца апытанні і анкетаванні, каб выпрацаваць сістэму, якая задаволіць усіх.
Віялета ВОЙТКА.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!