Трылер па-крэўску

 

Трылер па-крэўску

Татьяна ЛЫСКОВА
04.10.2023
1704
У рэдакцыю газеты “Светлы шлях” прыйшоў жахлівы ліст за подпісам жыхароў Крэва і Ракаўцаў. У ім паведамлялася, што на могілках у Крэве растуць атрутныя расліны, а “наўкол цішыня, а наўкол ні душы, толькі мёртвыя з косамі стаяць” (цытата з ліста). Набраўшыся мужнасці, карэспандэнты газеты “Светлы шлях” выехалі на крэўскія могілкі, каб разабрацца ў жудаснай сітуацыі.

Памерлых з косамі і атрутных раслін мы там не ўбачылі. Напэўна, гэта буйства фантазіі невядомага і вельмі ўражлівага аўтара ліста. Праўда, абыходзячы могілкі, некалькі разоў натрапілі на вялікія кусты залатарніку канадскага. Многія людзі па аналогіі з баршчэўнікам Сасноўскага лічаць гэту расліну атрутнай. На самой жа справе залатарнік, у адрозненні ад баршчэўніка, не ўтрымлівае ў сабе яду. Чалавек не павінен баяцца даткнуцца да сцябла альбо жоўтых суквеццяў: апёкаў залатарнік не выклікае. Небяспека расліны ў іншым. Яна наносяць вялікі ўрон навакольнаму асяроддзю, таму што гэты інвазіўны від актыўна прыгнятае наш беларускі раслінны свет. Ён здольны выцясняць з месца свайго росту ўсе іншыя насаджэнні, а заадно і насякомых, птушак, млекакормячых.

Ёсць людзі, якія перабольшваюць атрутныя магчымасці залатарніку, а ёсць і такія, хто недаацэньвае шкоду гэтай расліны і высаджвае яе ля хаты альбо ў месцах пахаванняў. Менавіта такую карціну мы і ўбачылі на крэўскіх могілках. Нам трапляліся магілы, якіх нават не бачна за разрослымі кустамі. Напэўна, людзі калісьці хацелі ўпрыгожыць могілкі, а пасля працэс выйшаў з-пад кантролю, і залатарнік заняў усё вольнае месца за агароджай, засланіўшы сабой крыжы і помнікі.

Навядзенне парадку на участках, адведзеных для пахавання, – справа людзей, а не мясцовай адміністрацыі. Барацьба з інвазіўнымі раслінамі – агульная задача землекарыстальнікаў. Чалавек, родныя якога пахаваны на могілках, адказвае ўсяго за некалькі квадратных метраў тэрыторыі. Няўжо складана падтрымліваць гэтыя пару квадратаў у парадку? Зразумела, што сітуацыі бываюць розныя, і на кожных могілках ёсць магілы, за якімі няма каму глядзець. Напэўна, тут павінен умяшацца сельвыканкам і вырашыць пытанне. Але гэта прыватныя выпадкі. Парадак на большасці могілках – на сумленні вясковых жыхароў.

IMG_0434.JPG

IMG_0436.JPG

IMG_0437.JPG

IMG_0438.JPG

IMG_0443.JPG

Таццяна ЛЫСКОВА.

Фота аўтара.