Марыць карысна для здароўя. Вера Мрочка адзначае 95-годдзе
Даволі рухавая, з ясным розумам, гаваркая… Жыццё Веру Лук’янаўну не песціла. Увесь час яна цяжка працавала: на будаўніцтве – падсобнай рабочай, у сельскай гаспадарцы – паляводам і даглядчыкам буйной рагатай жывёлы. Разам з мужам выгадавала чатырох сыноў, аднаго пахавала ў маладым узросце. Ужо 24 гады як удава.
Нягледзячы на перанесеныя выпрабаванні, застаецца жыццялюбам. “Вера ў Бога трымае мяне на плаву”, - усміхаецца юбілярка. А мы спрабуем разгадаць сакрэт яе даўгалецця. Стройная, ні граму лішняй вагі – і гэта не дзіва: тлустай ежы не ўжывае, любіць простыя стравы: малочны суп, мачанку, бліны, гародніну, якую сама вырасціла. “Як прыходзіць вясна, я “жыву” ў гародзе. Бывае, так запрацуюся, што і паесці забываю. Працую і спяваю сама сабе. Зямля мяне сілкуе”, - сцвярджае Вера Мрочка, і ў нас няма нагоды ёй не верыць.
Юбілярка прыпомніла, як сем гадоў таму зламала шыйку сцягна. Змагла падняцца і нават пайшла. З палачкай, але сама! З хворай нагой шчыравала на гародзе – і аднаўлялася.
“Мару да Андрэя Малахава на перадачу паехаць, я яму столькі б песень праспявала”, - прызналася нам Вера Лук’янаўна і зацягнула: “Расцвела под окошком белоснежная вишня”. А мы падумалі, што мары павінны збывацца. У любым узросце. Менавіта гэтага мы і жадаем нашай гераіні.
Галіна АНТОНАВА
Фота аўтара.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!