Экспазіцыю пад адкрытым небам прадставілі ўдзельнікам свята супрацоўнікі Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея.
“Сёння мы вырашылі сарыгінальнічаць: упершыню адмовіліся ад традыцыйных планшэтаў, а замест іх прадстаўляем копіі сапраўдных малюнкаў партызанскага быту з “Сшытку рагачоўскіх партызанаў”. Арыгінал, дарэчы, захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, - зазначыў захавальнік фондаў Смаргонскага гісторыка-краязнаўчага музея Павел Картавік. - Дапаўняюць выставу гістарычныя фотаздымкі. Адзін з іх зроблены ваенным карэспандэнтам Яўгенам Вараб’ёвым паблізу ад Смаргоні ў 1944 годзе, на другім - удзельнікі разведвальна-дыверсійнай групы “Бура” разам са сваім камандзірам Мікалаем Міхайлашавым і сувязным Аляксандрам Дзяругам, фота зроблена ў Смаргоні напачатку 1970-х гадоў”.
На выставе можна было пазнаёміцца і з іншымі музейнымі экспанатамі. Сярод іх – сапраўдны ваенна-палявы тэлефонны апарат ТАІ-43, афіцэрскі планшэт, макет пісталета-кулямёта ППШ, руская каска, нажніцы для пераразання дроту, сапёрная лапатка, ранец і вугальны прас, якімі карысталіся партызаны, а таксама алюмініевы посуд, які зрабілі партызаны з брыгады Суворава са збітага нямецкага самалёта.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.