Археолагі падчас раскопак у Крэве, на Юравай гары, знайшлі мураваны падмурак

 

Археолагі падчас раскопак у Крэве, на Юравай гары, знайшлі мураваны падмурак

Галина АНТОНОВА
16.11.2021
4687
На мінулых выходных на Юравай гары ў Крэве працавалі археолагі са сталіцы. Кіраваў раскопкамі кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алег Дзярновіч. Алег Іванавіч даследуе гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і Балтыйскага рэгіёну 13 – 17 стагоддзяў.

Дзярнович.jpg

Археолаг Алег ДЗЯРНОВІЧ за працай.


гора.jpg

Восеньскія раскопкі на Юравай гары ў Крэве.


Вось што ён расказаў нашай газеце: “Крэўскі замак пабудаваны прыкладна ў 20-30 гадах XIVстагоддзя. Для яго будаўніцтва выбралі адмысловае, нізкае, месца, куды цяжка падвесці сценабітную збою.

У 2012 годзе, падчас археалагічных раскопак у Крэве, на Юравай гары, мы натрапілі на каменныя канструкцыі. У гэтым сезоне паднялі тут зямны пласт і выявілі мураваны падмурак пад нейкую драўляную канструкцыю. У нас з’явілася думка, што на Юравай гары мог знаходзіцца сігнальны пост (дазорная вежа), з якога можна было сузіраць Крэва як на далоні”.

Што падштурхнула навукоўцаў да гэтай думкі? Найперш тое, што ў нямецкіх хроніках ёсць ўпамінанне, калі аддзелы Нямецкага ордэна выпраўляліся ў рэйды на Літву, то сутыкалася з сістэмай, з дапамогай якой ад гары да гары, ад гарадзішча да гарадзішча перадавалася інфармацыя агнём (паходняй).

“Напэўна, нейкая сігнальная сістэма існавала і ў Крэве. Мы не ведаем, якая, але можам дапусціць, што падобная да той, што апісваецца ў нямецкіх хроніках. І хутчэй за ўсё, знаходзілася яна на Юравай гары – у геаграфічна-геалагічным пункце, які дамінуе над наваколлем Крэўскага замка”, - падвёў рысу пад размовай Алег Дзярновіч.

Алег Іванавіч таксама прапанаваў для азнаямлення малюнкі Язэпа Драздовіча, якія могуць быць цікавымі для чытачоў.

выгляд крэва.jpg

Выгляд Юравай гары з Крэўскага замка. Малюнак Язэпа Драздовіча. 1929 год.

вежа.jpg

На думку Язэпа Драздовіча, вежы такога тыпу маглі выглядаць наступным чынам. Язэп Драздовіч. Сігнальная вежа “Веджа”. Тып гістарычнай беларускай будоўлі. 1920 год.

Дарэчы, існуе верагоднасць, што вежа можа з’явіцца на Юравай гары. Прынамсі, ёсць зацікаўленыя людзі, якія гэта пытанне пачалі вырашаць. 

Галіна АНТОНАВА.

Фота з архіва Алега ДЗЯРНОВІЧА.