Вольга ЯНЧУКОВІЧ: «Неабходна падтрымаць маладое пакаленне ў авалодванні мастацтвам жыць»

 

Вольга ЯНЧУКОВІЧ: «Неабходна падтрымаць маладое пакаленне ў авалодванні мастацтвам жыць»

Общество
17.01.2025
222

Смаргонь – гэта асаблівае месца, куды я заўсёды еду з радасцю. Кожны раз, калі бываю на малой радзіме, успамінаю верш Уладзіміра Караткевіча «На Беларусі Бог жыве». І хочацца перафразаваць класіка: «У Смаргоні Бог жыве», – менавіта з гэтага сцвярджэння пачалася наша размова з кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам кафедры педагогікі і псіхалогіі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Вольгай ЯНЧУКОВІЧ.

Вольга Васільеўна – наша зямлячка. Таленавітая, улюбёная ў жыццё, сваю работу і студэнтаў.

7.jpg

Яе Вялікасць кніга

– Вольга Васільеўна! Смаргонь… Якія пачуцці, успаміны выклікае ў Вас родны горад?

– Смаргонь – гэта найперш мае бацькі. На жаль, таты ўжо няма ўжывых, а ў маім сэрцы – заўсёды яго вобраз: чалавека светлага, добрага, з выдатным пачуццём гумару. Але якое  шчасце адчуваць, што любая матуля заўсёды мяне чакае. Смаргонь – гэта і маё першае каханне, якое стала лёсам. Мой муж ­Віктар таксама нара­дзіўся тут. Мы вучыліся ў СШ №1, былі аднакласнікамі, сядзелі за адной партай і вось ужо больш за трыццаць гадоў разам. Нарэшце, Смаргонь – гэта мае таленавітыя продкі. Бабуля па мамінай лініі ­Лукер’я ­Фядосаўна Зыковіч доўгі час працавала дырэктарам Дома культуры і стаяла ля вытокаў стварэння ансамбля песні і танца імя Міхала Клеафаса Агінскага. Уражвала не толькі бабуліна сацыяльная актыўнасць, але і яе высокі ўзровень эмпатыі, уменне кантактаваць з людзьмі любога ўзросту і характару.

5.jpg

IMG_2043.JPG

3.jpg

А мой дзядуля Міхаіл ­Гаўрылавіч падчас Вялікай Айчыннай вайны быў удзельнікам партызанскага атрада на Вілейшчыне, гераічна змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, за што быў удастоены шматлікіх узнагарод. Моцны духам чалавек, умеў прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць.

У прадзеда Гаўрылы была вялікая хатняя бібліятэка: кнігі на польскай, рускай, беларускай, нямецкай мовах. Таму можна сцвярджаць, што дзядуля жыў сярод кніг, любіў чытаць і таксама збіраў бібліятэку, валодаў замежнымі мовамі. Пазней гэта ўсё перайшло ў маё жыццё. «Яе Вялікасць кніга» – менавіта так ставіліся да друкаваных выданняў мае родныя. З маленства і дагэтуль я з неверагоднай павагай адношуся да кніг.

– Навука і кніга – гэта як два берагі адной ракі, як дзве паралельныя прамыя, якія не могуць існаваць адно без аднаго…

– Я вельмі люблю ­працаваць у Нацыянальнай бібліятэцы. Чытанне твораў Мамардашвілі, Франкла ці Канта ў навуковай зале бібліятэкі і работа над навуковым даследаваннем… Што можа быць цудоўней за гэта?! Калі ты сядзіш ля вакна і час ад часу пераводзіш позірк з кнігі на вячэрні Мінск…

Але давайце яшчэ на імгненне вернемся ў Ваша дзяцінства і юнацтва? Што яшчэ ўспамінаецца з таго часу?

– Вучоба ў музычнай школе па класе цымбалаў, дзе маёй настаўніцай была Марына Казіміраўна Бортнік, цудоўны чалавек і педагог. З кампазіцыяй «Спеў дубраў» я перамагла ў абласным конкурсе і стала прызёрам на рэспубліканскім. Неўзабаве стала ўдзельніцай ансамбля імя Агінскага. Наш дом заўсёды быў напоўнены гукамі музыкі. Успамінаю з пяшчотай хатнія музычныя вечары: за цымбаламі – я, за фартэпіяна – сястра, а нашы самыя лепшыя ў свеце слухачы – бацькі, бабуля і дзядуля. Мне прапаноўвалі падаваць дакументы ў музвучылішча, але я сябе прафесійным музыкам не бачыла. Пасля школы паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на факультэт гісторыі і замежных моў.

6.jpg

4.jpg

2.jpg

«Педагагічнае ВНУ для мяне было прадвызначана»

– Пры выбары будучай прафесіі, што было першасна: педагогіка ці любімыя прадметы – гісторыя і англійская мова?

– Безумоўна, педагогіка! Не памылюся, калі скажу, што я педагог у трэцім пакаленні. Бабуля – хоць і культработнік, але з дыпломам настаўніка пачатковых класаў. Мама Святлана ­Міхайлаўна Галота – настаўніца гісторыі і грамадазнаўства. Сваю педагагічную дзейнасць пачынала ў школе-інтэрнаце, дзе выхоўваліся дзеці са складанымі, паламанымі  лёсамі. Потым доўгі час працавала намеснікам дырэктара СШ №1. Мама і сёння верная прафесіі: яна выкладае ўрокі рэлігіі ў нядзельнай школе. Яе духоўная прыгажосць, сапраўдная любоў да дзяцей, пастаяннае імкненне да самаадукацыі сталі арыенцірам у маёй прафесійнай дзейнасці. Бабуля і мама для мяне – найперш, увасабленне асобы педагога. А пазней – мае школьныя настаўнікі. Кожны з іх сваім вобразам мыслення, карцінай свету заклаў ува мне нешта сваё. Таму педагагічная ВНУ для мяне была прадвызначана. Прычым з маленства. Мая любімая гульня была – у школу. Пасаджу лялек і тлумачу тэму, стаўлю адзнакі ў журнал.

У студэнцтве, пасля лекцый, калі заставалася ў кабінеце адна, каб дадаткова пазаймацца, то яскрава візуалізавала аўдыторыю, напоўненую студэнтамі, і сябе ў якасці выкладчыка.

– Вы вучыліся ў БДПУ, але працуеце ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Як Вы там апынуліся?

– Пасля заканчэння БДПУ з чырвоным дыпломам мне прапанавалі паступаць у аспірантуру. У 27 гадоў стала кандыдатам педагагічных навук. Потым атрымала запрашэнне працаваць у лінгвістычным універсітэце, якому верная вось ужо чвэрць веку.

Якія курсы Вы цяпер чытаеце студэнтам і ­магістрантам?

– Студэнтам – «Педагогіку» і «Асобасна-прафесійнае развіццё спецыяліста», магістрантам – «Метадалогію навуковага даследавання». Дарэчы, сярод магістрантаў ёсць шмат кітайцаў. Для тых, хто не вельмі добра валодае рускай мовай, лекцыі чытаю па-англійску. У Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі МДЛУ чытаю «Псіхалогію дзелавых стасункаў». Безумоўна, ажыццяўляю навуковае кіраўніцтва дыпломнымі работамі і магістарскімі дысертацыямі.

Да таго ж мяне запрашаюць выступаць з лекцыямі ў Акадэмію адукацыі. У свой час чытала аўтарскі курс «Інфармацыйная культура педагога як гатоўнасць да трансляцыі інавацыйнага педагагічнага вопыту» для дырэктараў школ, іх намеснікаў, настаўнікаў. Я была навуковым кансультантам двух рэспубліканскіх інавацыйных праектаў, якія рэалізоўваліся  на базе дванаццаці ўстаноў адукацыі Гродзеншчыны і Міншчыны.

– Хачу спыніцца яшчэ на адным кірунку Вашай дзейнасці – некаторы час паралельна з выкладчыцкай працай Вы з’яўляліся намеснікам галоўнага рэдактара навукова-тэарэтычнага і навукова-метадычнага часопіса «Адукацыя і выхаванне».

– Сапраўды, гэта быў новы для мяне, але вельмі сур’ёзны і захапляльны этап працоўнай дзейнасці, які патрабаваў шмат часу, сіл, увагі. Работа над тэматычнымі нумарамі, якія былі прысвечаныя значным падзеям у сферы адукацыі, інтэрв’ю, стасункі з іншымі аўтарамі, адбор і рэдагаванне тэкстаў. Мне падабалася гэта работа, але я зрабіла выбар на карысць педагогікі.

…Калі педагог і студэнт – на адным дыханні

– Ведаю, што ў мінулым месяцы каманда лінгвістычнага ўніверсітэта ўпершыню ўдзельнічала ў V Усерасійскай студэнцкай алімпіядзе (з міжнародным удзелам) па педагогіцы, псіхалогіі і методыцы выкладання замежных моў. Да ўдзелу ў алімпіядзе студэнтаў рыхтавалі Вы разам з калегамі. Выступленне беларускай каманды можна назваць бліскучым: яна атрымала дыплом I ступені і спецыяльны дыплом журы – за «Вернасць традыцыям і прыгажосць мовы». Раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра гэты конкурс.

– Арганізатарам алімпіяды выступіў Ніжагародскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт імя Дабралюбава. Конкурс аб’яднаў 11 каманд з 8 вышэйшых навучальных устаноў Расіі. Алімпіяда праходзіла ў два туры: завочным і вочным. Каманда з Беларусі сапраўды ўдзельнічала ўпершыню. Журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі нашых студэнтаў, высокія веды па ўсіх алімпіядных дысцыплінах, а таксама любоў да роднага краю, якую ім цудоўна ўдалося перадаць.

Расійскае журы адзначыла патрыятызм нашых студэнтаў. І мяне гэта неймаверна радуе, бо я сама шчыры патрыёт. Дзе б я ні была за мяжой, думка пра Беларусь мяне заўсёды грэе.  Памятаю, у Карлавых Варах пачула, як вулічны музыка зайграў «Паланэз Агінскага» – знаёмы з юнацтва, які выконвала на цымбалах… Быццам нейкая нябачная  сіла падняла мяне ў небе, як герояў карціны Марка Шагала і панесла над горадам.

…Альбо ўспамінаю аэрапорт Шарм-эль-Шэйха. Чатыры гадзіны раніцы. Гляджу праз вакно. Устае сонца. Воддаль – адзінокая пальма. І раптам бачу: ідзе на пасадку беларускі самалёт – бела-сіні з валошкай на хвасце. У той момант яна мне падалася жывым прывітаннем з Беларусі. Я не была на Радзіме 10 дзён. Адчула ўнутранае хваляванне, мае вочы напоўніліся слязамі… Як тонка і трапна зазначыў Алесь Ставер: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць».    

янчукович 2.jpg

– Адчуваю, што, выкладаючы дысцыпліну, Вы робіце важны акцэнт на выхаванні. Што імкнецеся давесці да сваіх амаль што дарослых выхаванцаў, акрамя ведаў па прадмеце?

– Вывучэнне дысцыпліны – гэта не мэта, а сродак для развіцця і квітнення асобы студэнта. Упэўнена, што педагог  найперш павінен падтрымаць маладога чалавека ў авалодванні мастацтвам жыць. Мы павінны выгадаваць творчых, думаючы,  улюбёных у жыццё людзей. У нашым універсітэце выхаванне асобы не аддзелена ад даследавання. Многія таленавітыя студэнты – удзельнікі майго студэнцкага навуковага аб’яднання «Таварыства маладых даследчыкаў». Яны ­праводзяць цікавыя навуковыя даследаванні, пра свае вынікі расказваюць не толькі на рэспубліканскіх, але і міжнародных канферэнцыях, атрымліваюць дыпломы лаўрэатаў міжнародных конкурсаў студэнцкіх навуковых работ.

Для мяне студэнцкая аўдыторыя – гэта энергія творчасці, радасці, навуковага пошуку. Я не чытаю лекцыі з паперкі, толькі дыялог, калі педагог і студэнт думаюць услых і… на адным дыханні. Прыемна чуць ад моладзі: «Вашы лекцыі як глыток паветра творчасці, жывых стасункаў. Вы дапамаглі атрымаць пачуццё ўнутранай свабоды і асабістай каштоўнасці».

– Прызнацца, мяне прымусіла задумацца Ваша думка, якая прагучала падчас адной з канферэнцый: «Чалавецтва выратуе самога сябе толькі тады, калі кожны з нас у кожную хвіліну жыцця будзе вырашаць пытанне: «Хто я?». Рэкамендуеце сваім студэнтам задаваць гэта пытанне часцей?

– Безумоўна! Мая адна з самых любімых кніг – «Скажы жыццю «Так!»: псіхолаг у канц­лагеры» Віктара Франкла, які выжыў у бездані чатырох канцлагераў і змог зберагчы ў сабе асобу. Ён выказаў думку пра тое, што сам чалавек мае магчымасць  вырашаць, хто ён: той, хто стварыў газавыя камеры, ці той, хто горда, з малітвай на вуснах, ішоў у гэтыя камеры? У кожнага з нас ­ёсць права выбару, як дзейнічаць у адпаведнай сітуацыі. І для гэтага сапраўды важна кожнаму з нас пастаянна адказваць на пытанне: «Хто я?». Мяркую, што з многіх магчымых катастроф, перад якімі сёння стаіць чалавецтва, самая трагічная – антрапалагічная: калі чалавек тушыць у сабе ўсё чалавечнае ці наогул не прыходзіць да свайго духоўнага пачатку.

муж.jpg

семья.jpg

Як бы Вы вызначылі сваё жыццёвае крэда?

– Калі ў сэнсе Сімвала веры, то… веру ў Чалавека, у яго магчымасці любіць і тварыць. Веру ў сваіх вучняў, у іх здольнасць развіваць у сабе чалавечнасць.

Калі гаварыць пра дэвіз жыцця, то гэта залатое правіла маралі, сфармуляванае Канфуцыем і Кантам: «Не рабі іншым таго, чаго не хочаш для сябе, і паводзь сябе з іншымі так, як хочаш, каб яны паводзілі з табой». Дзякуючы гэтаму наша жыццё напоўніцца сэнсам і каштоўнасцю.

Галіна АНТОНАВА

Фота з архіва Вольгі ЯНЧУКОВІЧ

Статьи по теме: