Раённы выканаўчы камітэт разгледзеў вынікі расследавання няшчаснага выпадку на “Белагратэрмінале”

 

Раённы выканаўчы камітэт разгледзеў вынікі расследавання няшчаснага выпадку на “Белагратэрмінале”

Происшествия и безопасность
19.03.2020
1558
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Генадзь Харужык адзначыў, што летась у раёне павялічылася колькасць выпадкаў траўміравання работнікаў у параўнанні з 2018 годам (з 14 да 17).

Робіцца нямала для таго, каб прадухіліць іх. Рэгулярна на прадпрыемствы і ў арганізацыі выязджае мабільная група райвыканкама, якая выяўляе недахопы ў арганізацыі работы па ахове працы, дае наймальнікам пэўны тэрмін на іх ухіленне, праводзяцца абласныя і раённыя дні аховы працы, падчас якіх разглядаюцца пытанні бяспекі на вытворчасці.

На аб’екты рэгулярна выязджаюць спецыялісты службаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да аховы працы, правяраюць, падказваюць наймальнікам, што неабходна зрабіць для таго, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў. Да злосных парушальнікаў працоўнай дысцыпліны прымяняюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння. На выязное пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта па разглядзе няшчаснага выпадку былі запрошаны кіраўнікі, інжынеры па ахове працы прадпрыемстваў і арганізацый.

Няшчасны выпадак са слесарам-рамонтнікам “Белагратэрмінала” здарыўся напрыканцы мінулага года. Як адзначыла начальнік міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Святлана Шатохіна, работнік быў траўміраваны пры абслугоўванні шнэкавага прэса. Падчас зняцця стопарных балтоў, якія злучаюць адкідныя паўкорпусы зеернай камеры, слесары не ўстанавілі стопарныя штыфты. З-за гэтага адзін паўкорпус з’ехаў уніз і прыціснуў руку слесару-рамонтніку.

IMG_0077.JPG

Старшыня райвыканкама Генадзь ХАРУЖЫК вядзе выязное пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта


Падчас расследавання няшчаснага выпадку было ўстаноўлена, што дапусціў парушэнне патрабаванняў па ахове працы дзяжурны інжынер рамонтна-механічнага аддзела службы галоўнага механіка, пад чыім кіраўніцтвам знаходзіліся слесары-рамонтнікі. Вінаваты прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, а наймальнік прыцягнуў яго яшчэ і да дысцыплінарнай. Таксама было ўстаноўлена, што рамонтнік не меў кваліфікацыі па прафесіі, не прайшоў навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў па пытаннях аховы працы. А яшчэ ён не быў азнаёмлены з інструкцыяй па тэхнічным рамонце абсталявання, якая вызначае парадак правядзення работ па тэхнічным абслугоўванні і рамонце тэхналагічнага абсталявання.

На пасяджэнні заслухалі дзяжурнага інжынера рамонтна-механічнага аддзела, іншых інжынерна-тэхнічных работнікаў, якія маюць непасрэднае дачыненне да аховы працы на вытворчасці. Звяртаючыся да дырэктара “Белагратэрмінала” Валянціна Радзько, намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака адзначыла, што гэта прадпрыемства адно з лепшых у раёне, тут наладжаны парадак і дысцыпліна, аднак, як паказаў няшчасны выпадак, дзесьці ёсць прабел. Кіраўнік прадпрыемства паведаміў, што прыняты неабходныя меры, каб у далейшым пазбегнуць траўміравання на вытворчасці, наладжана навучанне і перанавучанне персаналу.

Юрый ЯНУШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Статьи по теме: