85 гадоў жыцця i мудрасці

85 гадоў жыцця i мудрасці

Общество
15.03.2025
481
Ядвіга МУРАШКА нарадзілася і жыве ў невялічкай вёсачцы Заблоцце, што ў Жадзішкоўскім сельсавеце. У сакавіку ёй споўнілася 85 гадоў.

Галя Ко.jpg

Ядвіга Мурашка

– Бацькоўская хата грэе мяне, маіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія вельмі часта прыязджаюць, – адзначае Ядвіга Іванаўна. – У вёсцы такі ўзрост маю, напэўна, толькі я, ды і людзей мала жыве цяпер тут, – удакладняе наша суразмоўца і пачынае расказваць пра сваё жыццё.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было крыху больш года. Як і ўсе мужчыны, бацька змагаўся з ворагам на фронце. Немцы часта прыходзілі ў вёску, забіралі ­харчы. А калі хто не хацеў ­аддаваць, страшылі расстрэлам.

– Нам самім не было чаго есці. Памятаю, аладкі з лебяды мама пякла. Такія яны смачныя                      былі, – дзеліцца сваімі ўспамінамі жанчына.

Прыгадала Ядвіга Іванаўна і сваю маладосць.

– Жылі бедна, але ж весела. Кожную суботу былі ў вёсцы танцы. Клуба не было, і таму дзяўчаты давалі па чарзе сваю хату і вячэру для ўсіх, хто прыходзіў танцаваць, а хлопцы наймалі музыку. Такая была традыцыя.

Замуж Ядвіга выйшла, калі яшчэ дваццаці гадоў не было. Першая нарадзілася двойня, хлопчык і дзяўчынка. Праз два гады нарадзіўся яшчэ сынок.

Калі дзеці падраслі, дапамагалі лён рваць, буракі палолі па 40 – 60 сотак. Увесь час працавала Ядвіга Іванаўна ў паляводчай брыга­дзе мясцовай гаспадаркі, выконвала розную сельскагаспадарчую работу, толькі апошнія 7 гадоў да пенсіі была поварам у калгаснай сталовай. Абедамі механізатараў карміла. Стараліся з дзяўчатамі варыць смачную ежу, і ў той час часта ўспамінала матуліны аладкі з лебяды. А ў думках жадала, каб ніхто і ніколі не зведаў той «смакаты».

– Цяпер жыць вельмі добра. Дзеці ў мяне цудоўныя. Унукі і праўнукі дораць любоў і ласку. У дзень свайго 85-годдзя прымала віншаванні не толькі ад сваіх родных, віншавалі ­хрэснікі, аднавяскоўцы, ветэранская арганізацыя гаспадаркі, –

расказала наша суразмоўца.

Галіна КОЗЕЛ

Фота з сямейнага архіва  Ядвігі Мурашкі