«Уратаваныя краскі»: выстава работ Ніны Бохан адкрылася ў Заслаўі

«Уратаваныя краскі»: выстава работ Ніны Бохан адкрылася ў Заслаўі

Общество
10.03.2025
1378

Самабытная мастачка Ніна БОХАН «выйшла» па-за межы Смаргоншчыны. І вельмі спадабалася тым, хто ўпершыню пазнаёміўся з яе творамі.  У гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» адкрылася выстава «Ніна Бохан. Уратаваныя краскі».

IMG_0510.JPG

IMG_0530.JPG

Самабытная мастачка Ніна Бохан некалькі разоў была гераіняй «светлашляхаўскіх» матэрыялаў. Яна не мела ні пашпарту, ні жылля, хадзіла па вёсках і стварала прыгажосць у вясковых хатах.  На выставе ў Заслаўі прадстаўлены работы (маляванкі і абразы) самой Ніны Бохан, што былі знойдзены на тэрыторыі Смаргонскага, Астравецкага і Маладзечанскага раёнаў. Экспазіцыя дапоўнена фотаархівам і іншымі экспанатамі. Прыцягвае ўвагу  цікавая інсталяцыя. Паліто, хустка, сумачка, драўляны чамаданчык – рэчы не Ніны Бохан, але вельмі падобныя да тых, якія можна разглядзець на фотаздымках мастачкі.

IMG_0504.JPG

IMG_0565.JPG

У адкрыцці выставы прыняла ўдзел пісьменніца і журналіст газеты «Светлы шлях» Галіна Антонава. Яна вывучала жыццёвы і творчы лёс мастачкі, шукала па людзях яе работы. Галіна таксама прадставіла на выставе сваю кнігу «Самародкі», у якую ўвайшоў нарыс пра Ніну Бохан. Выступіла  яшчэ адна смаргонка Эдзіта Бранцэвіч,  якая прыдумала казкі для дзяцей па матывах «боханаўскіх» маляванак і выкарыстоўвае прынты «ад Ніны» ў адзенні для дзяцей і дарослых.

IMG_0558.JPG

На экспазіцыі можна пабачыць копію работы (у натуральны велічыню ), якую напісала гомельская мастачка Святлана Наздрын-Платніцкая. Яна выпадкова знайшла інфармацыю пра Ніну Бохан на сайце «Светлага шляху». Гісторыя самабытнай творцы моцна ўразіла Святлану, чатыры гады таму яна стварыла партрэт гераіні выставы. Гомельская мастачка таксама прысутнічала на адкрыцці выставы ў Заслаўі.

IMG_0538.JPG

Сярод ганаровых гасцей прысутнічаў і Алег Дзярновіч, кандыдат гістарычных навук, археолаг, які разам з калегамі шмат гадоў шчыруе ў Крэўскім замку. Менавіта з яго лёгкай рукі (дакладней, прапановы) і з’явілася гэта выстава ў Заслаўскім музеі.

IMG_0528.JPG

«Калі не хапае вясновых пачуццяў, калі хочацца раю ў душы і шчырага здзіўлення - абавязкова наведайце Заслаўе, дзе пачала работу выстава маляваных дываноў непаўторнай, чароўнай, загадкавай мастачкі Ніны Бохан», - вось так душэўна мастачка, рупліўца захавання і адраджэння традыцыі роспісу беларускіх маляваных дываноў Ірына Князева запрасіла сяброў наведаць музейную экспазіцыю. Працаваць выстава будзе да канца сакавіка.

IMG_0547.JPG

IMG_0583.JPG

IMG_0578.JPG

IMG_0514.JPG

IMG_0551.JPG

Аляксандра ЦЫБОЎСКАЯ

Фота Галіны АНТОНАВАЙ 
Теги: культура

Статьи по теме: