Дзеці – наша люстэрка

Дзеці – наша люстэрка

Общество
16.02.2025
1943

Вольга і Аляксандр МАСЦЯНІЦЫ добра ведалі адзін аднаго, бо жылі ў Дабраўлянах на адной вуліцы, праз адну хату. У дзяцінстве разам гулялі і ў школу хадзілі.

Пасля арміі Аляксандр адразу заўважыў, якой бойкай, вясёлай прыгажуняй стала яго суседка. Прыгледзелася да юнака і Вольга. Хлопец пасля арміі памужнеў, стаў сур’ёзным. Паміж маладымі людзьмі ўзніклі пачуцці, якія ў хуткім часе перараслі ў каханне. Вяселле згулялі ў новай хаце, якую бацькі пабудавалі для сына, калі ён быў у арміі. У маладой пары была магчымасць паехаць жыць у Мінск, але яны вырашылі застацца на малой радзіме. Амаль 29 год жывуць тут у згодзе i ладзе.

Пачыналі сямейнае жыццё Аляксандр і Вольга не з нуля. У хляве ўжо была ўся жыўнасць – пасаг, які далі бацькі Вольгі. З першага дня муж і жонка вызначалі для сябе сямейныя каштоўнасці: для таго, каб быў у хаце дабрабыт і людская павага, патрэбна кіравацца баць­кавай навукай: «Праца і яе вынік, вось што робіць чалавека шчаслівым».

– Увесь час у нас была вялікая гаспадарка: па 12 кабаноў, 70 авечак, тры каровы, куры, гусі, – гаворыць Вольга. – Муж працаваў амаль увесь час шафёрам у калгаснай пажарцы, а затым – у пажарным падраздзяленні ў Лылойцях. Я шмат гадоў працавала ў ДРАЦ «Лясная паляна». Цяпер мы з мужам працуем у Лылойцінскім сельскім клубе: я –  прыбіральшчыцай памяшкання, а Саша – качагарам.

– Нашы дзеці, сын і дачка, заўсёды дапамагалі нам па гаспадарцы, – далучыўся на нашай размовы Аляксандр Мар’янавіч.

– У дзяцей увесь час былі хатнія абавязкі, і яны спраўляліся з імі добра і самастойна. Мы і цяпер ганарымся імі, – адзначыла Вольга Антонаўна і паказала падзячнае пісьмо бацькам ад адміністрацыі Мінскага завода «Атлант» за добрае выхаванне сына Уладзіслава.

Дзеці выраслі працавітымі і адказнымі. Нягледзячы на тое, што жывуць сын і дачка ў Мінску, прыязджаюць да баць­коў часта і безадказна. Апошнія 15 гадоў сям’я займаецца вырошчваннем бульбы. Гэта праца не з лёгкіх, патрабуе шмат сілы і часу. У гэтай справе бацькам таксама дапамагаюць дзеці.

– Мы жывём і працуем дзеля нашых дзяцей. Дапамаглі ім набыць жыллё. Дзеці самі стараюцца стварыць свой дабрабыт, а мы ім дапамагаем, як некалі дапамагалі нам нашы бацькі. Тут галоўнае разумець, што дзеці – гэта наша люстэрка, працяг роду, – выказалі сваю думку Вольга Антонаўна і Аляксандр Мар’янавіч.

изображение_viber_2025-02-16_16-37-43-850.jpg

Галіна КОЗЕЛ

Фота аўтара

Статьи по теме: