Гонар школы – знакамітыя выпускнікі

 

Гонар школы – знакамітыя выпускнікі

Общество
20.01.2025
84

У кожнай школы ёсць свае вартасці. Але ёсць і тое, што іх аб’ядноўвае: у першую суботу лютага праходзіць традыцыйны вечар сустрэчы з выпускнікамі. Унікальнасць школы ў тым, што плён яе працы бачны не адразу, а праз гады і дзесяцігоддзі. Вынікі працы школы – яе выпускнікі, якія дасягнулі прафесійных вышынь. Гэта людзі, пра якіх мы з гордасцю кажам: «Яны вучыліся ў нашай школе».

Сярод знакамітых выпускнікоў Вішнеўскай сярэдняй школы – дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «АграСолы» Вольга Лук’яненка. На днях у рамках прафарыентацыйнай работы адбылася сустрэча старшакласнікаў нашай школы з Вольгай Іванаўнай.

Супрацьпаставіўшы цяжкасцям велізарную працавітасць, вопыт, самаахвярнасць і веру ў лепшы зыход, Вольга Лук’яненка змагла дабіцца значных вынікаў у вытворчасці. Сёння КСУП «АграСолы» знаходзіцца ў ліку лепшых прадпрыемстваў Гродзеншчыны. Тэхналогіі ўдасканальваюцца вельмі хутка, і гаспадарка імкнецца ісці ў нагу з часам.  Прыкладам таму з’яўляюцца нядаўна ўзведзеныя сельскагаспадарчыя аб’екты. Вольга Лук’яненка прапанавала навучэнцам наведаць малочна-таварны комплекс «Вікторыя»,  міні-завод па вытворчасці камбікорму, цэх па перапрацоўцы рапсу.

Вольга Іванаўна расказала навучэнцам пра свой шлях у сельскую гаспадарку, пра штодзённыя клопаты, поспехі і няўдачы. Напрыклад, па аб’ёме малака, якое рэалізуецца, гаспадарка займае другое месца ў вобласці. Сёння гэта лічба дасягае 100 тон у дзень. Дырэктар КСУП адзначыла, што згуртаваная каманда – галоўны фактар поспеху прадпрыемства. Дырэктар клапоціцца пра тое, каб людзі з радасцю ішлі на работу і мелі ўсе ўмовы для эфектыўнай працы. Работнікам прадстаўляецца добраўпарадкаванае жыллё, годны заробак з поўным сацыяльным пакетам. Заключаюцца мэтавыя дагаворы на падрыхтоўку маладых спецыялістаў.

Вольга Іванаўна мае званні «Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» і «Ганаровага грамадзяніна Смаргонскага раёна», з’яўляецца лаўрэатам прэміі «Чалавек года Гродзеншчыны ў вытворчай сферы за 2018 год», узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». Жыць так, каб у справах не было застою, быць адкрытай да людзей, кожны дзень рабіць крыху больш, чым было ў планах, – такімі жыццёвымі ўстаноўкамі кіруецца Вольга Іванаўна.

Экскурсія завяршылася ў кафэ «РознаСолы», дзе Вольга Лук’яненка адказала на шматлікія пытанні навучэнцаў. Сустрэча са знакамітай выпускніцай Вішнеўскай СШ пакінула незабыўныя ўражанні.

2.jpg

4.jpg

Нэлі ТУМАШ, настаўнік гісторыі ДУА «Вішнеўская сярэдняя школа»

Статьи по теме: