У касцёле Прасвятой Троіцы ў Жодзішках падчас свята Божага Нараджэння збіраюцца вернікі з аграгарадка Жодзішкі і навакольных вёсак.
Духоўныя традыцыі жывуць
Аб духоўных традыцыях мы даведаліся ад жыхароў аграгарадка.
У гэты святочны час шануюцца традыцыі, якія напаўняюць свята асаблівым сэнсам – гэта Вігілійная вячэра напярэдадні свята Божага Нараджэння.
Яна мае сямейны характар. Ніхто ў гэты вечар не павінен быць у адзіноце. Вігілійная вячэра звычайна пачынаецца пасля таго, як у небе загарыцца першая зорка. На стол пад белы абрус кладзецца сена, каб нагадаць пра тое, што Ісус нарадзіўся на сене. У цэнтры стаяць свечка, фігурка маленькага Ісуса і аплаткі.
На стале абавязкова стравы: аўсяны кісель, салодкі густы кісель, абаранкі з макам… Гаспадыні рыхтуюць посную ежу: катлеты з грыбоў, рыбу, уласныя рэцэпты ежы, напрыклад, кулябякі.
Самы старэйшы ў сям’і запальвае свечку і чытае малітву. Гаспадар раздае аплаткі ўсім, хто завітаў на куццю. Яны, у сваю чаргу, дзеляцца імі паміж сабой, – духоўным хлебам. Існуе традыцыя: пакуццяваўшы, не прыбіраць куццю са стала. Гэта сімвалічна азначае, што нашы продкі таксама прымаюць удзел у Вігілійнай вячэры.
Пасля вячэры, у 22 гадзіны, усёй сям’ёй вернікі ідуць у касцёл Прасвятой Троіцы на Святую Імшу – пастэрку, назва якой паходзіць ад лацінскага слова «пастух». Менавіта пастухам анёлы расказалі навіну аб нараджэнні Хрыста. Яны першыя і прыйшлі пакланіцца нованароджанаму. Вернікі прыходзяць у касцёл у святую ноч, як і тыя пастушкі, прывітаць Немаўлятка.
Гучыць арган, урачыстасць распачынаецца супольнай малітвай. Ксёндз віншуе вернікаў са святам.
Прыгожыя дэкарацыі (імправізаваныя яслі) і ўзнёслае гучанне аргана спрыяюць святочнаму настрою, дапамагаюць засяродзіцца на вялікай падзеі.
Галіна КОЗЕЛ
Фото прадставiла Яна ГIЛЬ