Прафесія журналіста – незвычайная. Назіраць за падзеямі і адлюстроўваць іх скрозь прызму ўласнага светапогляду, дзяліцца сваімі эмоцыямі, даносіць да сэрца чытачоў сутнасць таго, што адбываецца, захапляльна і адказна. Работнікі СМІ ствараюць летапіс эпохі, занатоўваюць імгненні і такім чынам дапамагаюць землякам арыентавацца ў велізарнай інфармацыйнай прасторы.
Ні дня без радка. Карэспандэнт Галіна Антонава – пра работу ў газеце
Напярэдадні 80-годдзя газеты «Светлы шлях» мы вядзём гутарку з карэспандэнтам гэтага выдання Галінай АНТОНАВАЙ, лаўрэатам абласной прэміі імя А. І. Дубко «За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва», з нядаўняга часу – сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
– Галіна Францішкаўна, раскажыце, як Вы прыйшлі ў прафесію?
– Я выхоўвалася ў сям’і галоўнага інжынера і падатковага інспектара. Мае бацькі былі далёкія ад літаратуры і мастацтва. Мы ніколі не абмяркоўвалі прачытаны твор і не бывалі з сям’ёй у мастацкім музеі. Бацькі найперш выхоўвалі ўва мне дабрыню, спагаду, сумленнасць і працавітасць. Маім любімым прадметам у школе спачатку была матэматыка. Пакуль у маім жыцці не з’явілася Станіслава Станіславаўна Баркоўская, якая стала выкладаць у нас беларускую мову і літаратуру (я вучылася у Сольскай сярэдняй школе). Гэты педагог не толькі пасеяла ўва мне велізарную любоў да ўсяго роднага, асабліва да беларускай мовы і літаратуры, але і ўскосна дапамагла зрабіць прафесійны выбар. Часам я думаю, каб Станіслава Станіславаўна выкладала матэматыку, кім бы я магла стаць?..
У Беларускім дзяржаўным універсітэце былі выдатныя выкладчыкі, якія дапамаглі нам, студэнтам, больш тонка адчуваць адценні слова, перажываць эмоцыі ад прачытанага твора, удумліва працаваць над творчымі работамі. Я ніколі не пашкадавала, што не стала эканамістам ці юрыстам (у маім юнацтве гэтыя прафесіі лічыліся самымі прэстыжнымі). Дваццаць чатыры гады ў журналістыцы – і адчуваю, што не «згарэла» ў прафесіі. Мне дагэтуль усё цікава. Асабліва людзі.
– На Ваш погляд, чым работа журналіста ў «раёнцы» адрозніваецца ад работы ў абласных і рэспубліканскіх выданнях?
– Найперш тым, што раённыя журналісты – універсалы. Кірунак нашай работы – умоўны. Нават калі ты «адказваеш» у газеце за культуру ці адукацыю, гэта не значыць, што ты не будзеш пісаць пра сельскую гаспадарку ці прамысловасць. Да таго ж мы, як ніхто, блізка знаходзімся каля рабочага, вяскоўца, ведаем, чым дыхаюць гэтыя людзі. Іх жыццёвая мудрасць бясцэнная. Стасункі з людзьмі «ад зямлі» мне вельмі падабаюцца. Магчымасці сустракацца з такімі героямі ў журналістаў нерэгіянальных СМІ нашмат меншыя, чым у нас.
Да таго ж паэт Мар’ян Дукса, які быў вялікім сябрам «Светлага шляху», таксама разважаў пра адрозненні: «Як няпроста працаваць у «раёнцы». Гэта з рэспубліканскіх СМІ прыехаў журналіст, напісаў, паехаў – і ўсё з ім паехала. А раённы журналіст застаецца жыць між людзей. Вельмі адказная праца». З аўтарытэтным чалавекам нельга не пагадзіцца: многія факты і нават дробязі пераправяраеш, бо ведаеш, якая будзе цана памылкі. Як кажуць, што напісана пяром, тое не высячэш сякерай. Памылку заўважаць тысячы чытачоў. Хаця трэба прызнаць: мы таксама памыляемся, бо кожны з нас – жывы чалавек.
– Якія жанры журналістыкі Вам найбольш блізкія?
– Безумоўна, нарыс і інтэрв’ю. Кожны раз, калі знаёмлюся з новым героем, па-сапраўднаму пачынаю яго любіць. А пра любімага чалавека хочацца расказаць цікава, шчыра, душэўна, глыбока.
Памятаю, стварала цыкл матэрыялаў «Памяці Маэстра», прысвечаны Аляксандру Дзяругу, вядомаму смаргонцу, заслужанаму дзеячу БССР, стваральніку першага ў Беларусі цымбальнага аркестра, вялікаму педагогу і фатографу. На працягу 2019 і першай паловы 2020 года пісала нарысы, у выніку чаго раскрыўся цэлы пласт смаргонскай гісторыі 1940 – 1970 гадоў мінулага стагоддзя. Часам настолькі пагружалася ў тэму, што, скончыўшы работу, выходзіла на вуліцу, мне падавалася, што я зараз сустрэну Аляксандра Дзяругу. Памятаю, пра такое паглыбленне «ў тэму» (калі працуеш і нічога вакол не заўважаеш), мне расказвалі хірург Юрый Давыдаў і мастак Анатоль Бяляўскі. Тое самае магу сказаць і пра сябе.
Дарэчы, калі тэкст лёгка чытаецца, гэта не значыць, што ён лёгка ствараецца. Пра мукі творчасці можа расказаць, напэўна, кожны журналіст. А галоўны крытэрый, па якім вызначаю якасць сваёй работы – матэрыял павінен найперш падабацца самому аўтару. Гэтаму мяне навучыў былы рэдактар «Светлага шляху» Аляксандр Лазоўскі. На жаль, не заўсёды напісаны матэрыял падабаецца, бо журналістыка патрабуе аператыўнасці. Бывае, што элементарна не хапае часу на шліфаванне тэкстаў.
– Ці падабаецца Вам пісаць нататкі ці замалёўкі?
– Безумоўна! Прызнаюся: я не магу ўвесь час засяроджвацца толькі на вялікіх матэрыялах. Гэта цяжка псіхалагічна. Невялікія матэрыялы патрабуюць ад карэспандэнта ўмення коратка расказаць пра галоўнае. Гэтаму таксама трэба вучыцца. Для сябе я тлумачу, што нататкі ці замалёўкі мне патрэбны яшчэ і для ачышчэння маёй журналісцкай «палітры», на якой пазней ствараецца больш важкі матэрыял.
– Ці ёсць матэрыял, які Вы лічыце для сябе самым галоўным?
– Ёсць. Гэта раскрыццё асобы новага імя ў інсітным мастацтве самадзейнай мастачкі Ніны Бохан – мая самая грунтоўная праца. Па сутнасці, гэта журналісцкае даследаванне, якое расцягнулася на чатыры гады і яшчэ не скончана. Увесь час знаходзяцца новыя работы мастачкі і новыя падрабязнасці яе жыцця.
– Чым сучасная рэгіянальная журналістыка адрозніваецца ад той, якая была дваццаць гадоў таму?
– Найперш – аператыўнасцю. Калі я прыйшла ў «Светлы шлях», сайта ў газеты яшчэ не было. Прайшло мерапрыемства – і ты можаш спакойнай на наступны дзень пісаць матэрыял. Да таго ж мы, карэспандэнты, часцей за ўсё працавалі ў тандэме з фотакарэспандэнтам Міхаілам Разумнікам. Кожны з нас мог засяродзіцца на сваім. Цяпер, як правіла, адзін карэспандэнт і фатаграфуе, і піша, пакуль адбываецца мерапрыемства, напаўняе тэлеграм-канал газеты. Такая праца патрабуе моцнай канцэнтрацыі. Важна не прапусціць галоўнае. Да таго ж сучасныя рэгіянальныя выданні маюць не толькі папяровыя версіі, акрамя сайта інфармацыяй напаўняюцца сацыяльныя сеткі і мэсанджары.
Прафесія журналіста ўнікальная: яна дазваляе глядзець на свет з розных бакоў, датыкацца да розных сфер жыцця. Гэта цудоўна: учора ты рабіў рэпартаж з прадпрыемства, сёння – на выязным прыёме грамадзян старшыні аблвыканкама, заўтра едзеш у сям’ю, дзе гаспадар разводзіць галубоў, а на паслязаўтра запланавана сустрэча з маці, якая выхоўвае дачку з інваліднасцю. Новыя лакацыі, новыя людзі, розныя лёсы. Ні ў адной іншай прафесіі няма такой разнастайнасці.
– Давайце пагаворым яшчэ пра адзін кірунак Вашай творчай дзейнасці – стварэнне кніг пра вядомых землякоў Смаргоншчыны.
– Кажуць, газета (маецца на ўвазе папяровы варыянт) жыве адзін дзень. Часам больш – у тых, хто ў сямейным архіве захоўвае дарагія сэрцу публікацыі. Але кнігі – гэта ўсё ж большая памяць. Таму і ствараю іх, быццам здаю свой творчы багаж на доўгае захаванне. Кнігі – гэта вынік буйных праектаў газеты «Светлы шлях».
Усе мае героі – выбітныя людзі Смаргоншчыны. Многія з іх пайшлі ў іншы свет, многія – жывуць і абагачаюць духоўна наш край. Пра іх варта ведаць, бо яны – наша багацце. Стварыць першую кнігу «Дзяруга» мяне натхніў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Церабун. Аляксандр Дзяруга быў настаўнікам усёй смаргонскай моладзі, важкі ўклад ён унёс і ў выхаванне будучага скульптара. Уладзімір Васільевіч вельмі хацеў захаваць памяць пра Настаўніка, быў вельмі рады, што кніга з’явілася. Пасля гэтага пабачылі свет «Самародкі», «Лілія Трохалева. Веліч малой радзімы», «Месца пад сонцам» і літаральна на мінулым тыдні – новая кніга «Знайсці сябе». Дарэчы, да апошняй кнігі Уладзімір Церабун напісаў прадмову, паспеў пабачыць сігнальны экзэмпляр. Мы нават пачалі абмяркоўваць правядзенне прэзентацыі. На жаль, Уладзімір Васільевіч нядаўна пакінуў гэты свет – і мне цяжка асэнсаваць, што чалавек, які ўвесь час суправаджаў мяне падчас стварэння кніг (даваў слушныя парады і нават рэкамендаваў герояў), адпусціў мяне: «Ідзі, Галя, адна». Упэўнена, ён бы за мяне парадаваўся, калі б даведаўся, што я стала сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
– У 2021 годзе Вы сталі лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко «За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» (намінацыя – «Журналіст года»). Цяпер – сябрам Саюза пісьменнікаў…
– Дагэтуль у Саюзе са Смаргоні была толькі паэтка Ала Клемянок (Страшынская) – мая старэйшая калега, з якой некалькі гадоў пашчасціла разам працаваць, мы нават сядзелі ў адным кабінеце. І прэмія імя Аляксандра Дубко, і прыняцце ў Саюз – гэта высокая адзнака маёй дзейнасці, якая не дае магчымасці расслабіцца. Я разумею, што павінна трымаць сябе ў выдатнай творчай форме, каб ствараць яшчэ больш вартае, цікавае, важнае. «Ні дня без радка» – гэты афарызм можна прымяніць да любога чалавека, які працуе са словам. Толькі так: калі пішаш з дня ў дзень, ты набываеш прафесіяналізм. Гэта разумеюць мае калегі, з якімі мне ў розныя гады давялося працаваць. І цяпер у газеце – цудоўная каманда, у якой камфортна тварыць. Ёсць аксакалы і ёсць моладзь – людзі зацікаўленыя, улюбёныя ў работу і нашу газету.
Вікторыя Валянцінава
Фота Сяргея Юрэвіча і з архіва Галіны Антонавай