Сапраўднае шчасце ў працы

 

Сапраўднае шчасце ў працы

Общество
08.11.2024
905

На абласных «Дажынках-2024» у Мастах Уладзімір ШЭСТАК атрымаў падзяку Гродзенскага абласнога Аграпрамысловага Саюза за шматгадовую, добрасумленную працу на карысць аграпрамысловага комплексу Прынёманскага краю, асабістую заслугу і прыклад, як трэба любіць родную зямлю.

Больш за 40 гадоў прысвяціў Уладзімір Васільевіч працы на зямлі. Шлях у прафесію ў кожнага свой. Хтосьці прыслухоўваецца да парады бацькоў і сяброў. І добра, калі выбар супадае з уласным  жаданнем, якое з гадамі не прападае. Цягу да тэхнікі, да прывабнасці вясковага жыцця адчуваў Уладзімір Шэстак яшчэ з дзяцінства.

– Мой сусед працаваў на трактары і часта браў мяне з сабой, садзіў на калені і дазваляў нават крыху пакруціць руль. Пазней я меў вялікае жаданне сесці за руль аўтамабіля.

Пасля арміі Уладзімір Васільевіч паступіў у Ваўкавыскі аграрны тэхнікум. Пасля заканчэння тэхнікума спачатку працаваў загадчыкам фермы ў Слонімскім раёне, а затым прыехаў жыць і працаваць на малую радзіму жонкі на Смаргоншчыну, у вёску Жодзішкі. Уладкаваўся ў мясцовы калгас.

У 1986 годзе паступiў у Ленiнградскi дзяржаўны аграрны ўнiверсiтэт, які паспяхова закончыў па спецыяльнасці «вучоны аграном».

За пэўны час у гаспадарцы давялося папрацаваць механізатарам, iнжынерам, старшынёй прафкама, начальнікам комплексу, намеснікам старшыні гаспадаркі па механізацыі, начальнікам аграсэрвісу і дырэктарам філіяла «Жодзішкі».

– Пасада кіраўніка – самая складаная, – удакладніў Уладзімір Васільевіч. – Але, калі справы ідуць добра, усё атрымліваецца, і людзі задаволены заробкам і ўмовамі працы, то тады і сілы аднекуль бяруцца, і ўсё ідзе, як трэба.

Пра поспехі філіяла гаварылі самі паказчыкі. Гаспадарка працяглы час, калі ёй кіраваў Уладзімір Шэстак, была адной з лепшых у раёне. Ведалі поспехі працаўнікоў у вобласці і нават у рэспубліцы. Падчас «Дажынак» у Мастах Уладзімір Васільевіч узгадаў рэспубліканскія «Дажынкі-2011» у Кобрыне. Менавіта ў той год філіял «Жодзішкі» стаў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў.

Кіруючыся бацькавай навукай, што сапраўднае шчасце ў працы, Уладзімір Васільевіч пераадолеў усе складанасці, якія трапляліся на яго шляху, і заслужыў людскую павагу. А гэта, напэўна, самае галоўнае, калі людзі паважаюць, дзеці і ўнукі радуюць.

Шэстак.JPG

Галіна КОЗЕЛ

Фота Сяргея ЮРЭВІЧА

Статьи по теме: