Захавальніца народных паданняў

Захавальніца народных паданняў

Общество
14.07.2024
878

Дом 74-гадовай Галіны МАТОШКА з усіх бакоў акружаны лесам. Але гэта не хутар. Дом адносіцца да вёскі Слабсны. Галіна Сігізмундаўна тут нарадзілася. Пасля заканчэння Ашмянскага сельгастэхнікума працавала бухгалтарам, а потым вырашыла памяняць прафесію. Адвучыўшыся ў Вільнюскім бібліятэчным каледжы, стала бібліятэкарам Бялкоўшчынскай бібліятэкі. Гэтай справе прысвяціла 28 гадоў. Галіна Сігізмундаўна ведае шмат мясцовых паданняў, якія пачула ад старажылаў.  Адно з іх жанчына расказала нам. 

«Адкуль пайшла назва вёскі Слабсны? »

Слабсны заўсёды былі маляўнічым паселішчам. Вакол – прыгожы лес. За вёскай бярэ пачатак рака Гервятка. У гэтым прыгожым спакойным месцы жылі і працавалі людзі.

У адной сям’і нарадзілася дзяўчынка, кволенькая, слабенькая. Яе назвалі Слабена. Падрасла, але да работы сілы не мела. Хадзіла, пра нешта марыла, любіла на зоркі глядзець.

Неўзабаве ў вёсцы аднекуль з’явіўся нямы хлопчык. Пазнаёміўся з дзяўчынкай. Дзеці сталі моцна сябраваць. Аднаму чалавеку не спадабалася, што ў вёсцы з’явіўся яшчэ адзін лішні «рот». Ён таксама, як і Слабена, не працуе, а карміць яго трэба. Да таго ж у вёсцы настаў голад: прапала зерне, стала падаць жывёла. Каб было менш едакоў, людзі вырашылі пазбавіцца ад нямога хлопчыка. Выкапалі яму, закінулі туды малога. Паляцелі зверху камяні і зямля. Не ўдзельнічалі ў гэтай страшнай справе толькі дзеці і старыя.

Хлопчык закрычаў Слабене: «Бяжы!». Дзяўчынка пабегла. Раз’юшаны натоўп – за ёй. Дзяўчынка забегла ў царкву, людзі – за ёй. Нечакана царква рухнула пад зямлю разам са Слабенай і людзьмі. Наверсе аказаліся толькі царкоўныя званы, якія сталі моцна і доўга званіць. На звон прыйшлі людзі з пушчы, якія ўбачылі дзяцей і старых. «Тут не засталося дужых і маладых. Цяпер у нас будуць слабыя сны, бо давядзецца шмат працаваць. Слабыя сны. Слабыя сны…» – паўтараў адзін стары мужчына. З таго часу населены пункт сталі называць Слабсны.

А дзяўчынку Слабену і нямога хлопчыка, кажуць, і цяпер можна ўбачыць. У жніўні. Калі ўзбярэшся на ўзгорак за вёскай і будзеш углядацца ў неба, то заўважыш воблачка, на якім плывуць дзеці.

матошка.JPG

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

Статьи по теме: