Міхаіл БУТАР з вёскі Загор’е, як і яго бацька Антон, быў добрым музыкам і шаўцом. З дванаццаці гадоў яго ўжо запрашалі з акардэонам на вяселлі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Міхаіла забралі на фронт. Пра вайну салдат расказваў сваім праўнучкам Ксеніі і Марыне.
Міхаіл БУТАР: жыві, музыка!
Жывеш і не ведаеш, што з табой здарыцца ў наступную хвіліну, – гаварыў ён.
– Аднойчы раніцай мы адправіліся на заданне. Пачало світаць. Ішлі праз поле, прабіраліся праз калючую драціну. Я нахіліўся, узяўся рукою за дрот і адразу пачуў удар па галаве. Наперадзе быў нямецкі снайпер, ён і стрэліў.
Прыйшоў у прытомнасць у шпіталі. Была паранена галава і перабіты тры пальцы на правай руцэ. У той час ён падумаў, што, хутчэй за ўсё, ампутуюць пальцы (так рабілі звычайна, каб пазбегнуць заражэння крыві).
Ваенны ўрач абыходзіў параненых, даваў парады, раптам падышоў да ложка Міхаіла і суха сказаў: «Ампутаваць».
– Доктар, я ж музыка! – усхваляваўся Міхаіл.
Урач зірнуў у бок ложка, усміхнуўся і прамовіў:
– Жыві, музыка!
Вось так Міхаіл Бутар пазбег ампутацыі пальцаў на руцэ, а калі вярнуўся з вайны, адыграў яшчэ сотню вяселляў.
Галіна КОЗЕЛ
Фота з сямейнага архіва сям’і КАБАК