Прадаўжальнік традыцый народных

 

Прадаўжальнік традыцый народных

Общество
04.05.2024
822

Дабрадушны і непаўторны. З прыемнай усмешкай, якая тут жа перадаецца субяседніку. Чэслаў КУРЧЭЎСКІ са Старой Рудні любіць заходзіць да нас у рэдакцыю, каб падзяліцца вясковымі навінамі.

У Чэслава Іванавіча – дзве вышэйшыя адукацыі. Ён скончыў Мінскі педінстытут імя М. Горкага (цяпер гэта педуніверсітэт імя М. Танка) і інстытут культуры. У свой час працаваў у Суцькаве настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе, а таксама загадчыкам бібліятэкі.

Наш суразмоўца любіць успамінаць час, калі  ён разам з загадчыцай Суцькаўскага клуба Соф’яй Шэляпень ствараў фальклорны калектыў «Суцькаўскія вячоркі». У яго складзе было 30 чалавек, улюбёных у народныя песні, танцы і гумар. Самадзейныя артысты нават удзельнічалі ў святкаванні юбілею горада Гродна. «Выступалі на возеры Юбілейным на пантонных мастах. На працягу гадзіны прадстаўлялі сваю канцэртную праграму, за што гледачы нас адарылі гучнымі апладысментамі, а аблвыканкам уручыў дыплом і падарункі, – прыпомніў Чэслаў Курчэўскі. – Увогуле з малых гадоў я люблю танцаваць і спяваць, мой тата быў выдатны танцор, а маці цудоўна спявала. Музычнай адукацыі ў мяне няма, маю добры слых і голас, так мне сказаў Мікалай Ходаш, вядомы смаргонскі музыка, ён паставіў мне голас».

Калі я шчыраваў на культурнай ніве, то любіў дэкламаваць байкі і вершы, пераўвасабляцца ў розных герояў – на смаргонскіх святах быў Несцеркам, Калабком, Цыганкай».

У суботу, 4 мая, Чэслаў Іванавіч адзначыць 65-годдзе. Ён дагэтуль з задавальненнем спявае і танцуе. Вельмі аптымістычны і прамяністы чалавек. Разам з тым, ён прадаўжае яшчэ адну народную традыцыю – спявае на пахаваннях. «Пачынаў спяваць па католіках, цяпер хаджу і па праваслаўных. Ведаю шмат каталіцкіх песень, – зазначае субяседнік. – Па праваслаўных трэба адчытаць вялікія малітвы, 20 кафізмаў. Я адчытваю нараспеў. Для мяне гэта не складана, бо ў студэнцтве вывучаў стараславянскую мову, добра ведаю таксама польскую, рускую і беларускую мовы. Бог даў мне голас, таму спевамі стараюся аддзячыць яго за такі дар».

IMG_1193.JPG

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара