Наталля Паржон - 30 гадоў у прафесіі

 

Наталля Паржон - 30 гадоў у прафесіі

Общество
13.04.2024
890

Кажуць, кожнае дзіця па-свойму таленавітае. Важна разглядзець гэту індывідуальнасць, каб знайсці для яе неабходную прастору для размаху крылаў. Менавіта першы настаўнік можа стаць важнай фігурай для развіцця дзіцяці. Мне здаецца, вучням Асінаўшчызненскай пачатковай школы пашанцавала: настаўніца пачатковых класаў Наталля ПАРЖОН з тых педагогаў, хто мае талент разгледзець здольнасці дзіцяці ў малым узросце.

IMG_6180.JPG

Вось ужо трыццаць гадоў, з моманту адкрыцця школы, працуе тут Наталля Мар’янаўна. «Быць настаўніцай марыла з дзяцінства. Я нарадзілася ў Асінаўшчызне. Памятаю, як у двор нашага дома мы выносілі сталы, крэслы. Дзеці сядалі за «парты» – і я пачынала весці ўрок, – успамінае суразмоўца. – У першай школе, дзе вучылася, былі цудоўныя педагогі. З цеплынёй і трапятаннем успамінаю першую настаўніцу Ларысу Іосіфаўну Бабкову, дырэктара школы, настаўніка біялогіі Станіслава Пятровіча Мінкевіча і яго жонку, настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Марыю Сцяпанаўну. Менавіта гэтыя людзі аказалі вялікі ўплыў на маё далейшае прафесійнае жыццё».

Субяседніца зазначае, што ўдзячная калегам, з якімі пачынала сваю працоўную дзейнасць, за падтрымку і падказкі. Увогуле маладым настаўнікам яна пажадала б не баяцца прасіць парады ў старэйшых, больш вопытных людзей. Гэта дасць магчымасць хутчэй ісці наперад і не вучыцца на асабістых памылках.

«Шмат чытаць, асвойваць новыя педагагічныя прыёмы і тэхналогіі, быць сучасным – у такім выпадку ты заўсёды будзеш цікавы сваім вучням», – лічыць Наталля Паржон і дадае: – Ад настаўніка пачатковай школы залежыць далейшы лёс дзіцяці: якое зерне пасееш у вучнях, такія плады і збярэш у старэйшых класах. Таму я строгая і патрабавальная да вучняў, а яшчэ больш – да сябе… Нягледзячы на вопыт і вялікі стаж работы, я па-ранейшаму хвалююся, калі пачынаецца новы набор у першы клас. Вельмі хочацца апраўдаць надзеі вучняў і бацькоў».

Галіна АНТОНАВА

Фота аўтара

 

 

Статьи по теме: