Думайце, што гаворыце

 

Думайце, што гаворыце

Общество
12.12.2023
471
На працягу амаль месяца мне давялося наведвацца ў горад. За гэты час мела магчымасць сустрэцца з  рознымі людзьмі. З аднымі пагутарыш – і ад іх усмешкі, шчырых слоў нібы вырастаюць крылы за спінай, душа пачынае свяціцца. Кожны вечар я падводжу вынік дня і дзякую Творцу за жыццё, за магчымасць дыхаць, бачыць, хадзіць без апоры, рабіць дабро і тварыць, за сустрэчу з цікавымі людзьмі.

На жаль, розныя людзі сустракаюцца ў розныя жыццё-выя моманты. Аднойчы ўвайшла я ў рэйсавы аўтобус, а адзін малады чалавек у мяне пытаецца: “Чаго так часта катаецеся ў горад?”. Я яму адказала, што зубы стаўлю. А ён мне: “Гэта ж цяпер дорага. Навошта траціцца? Бараду хутка падвяжуць і нічога не трэба будзе”. Я адразу падумала, што недачула, але хлопец яшчэ раз паўтарыў тое ж самае. Словы данесліся да вушэй вадзіцеля і пасажыраў. Вадзіцель аказаўся інтэлігентным чалавекам і адразу выказаў свае думкі: “Бараду падвяжуць і маладому, і старому, і ніхто не ведае, колькі каму акрэслена”.

А мне па галаве нібы ўдарылі кіем. Я пракруціла ў галаве словы маладога чалавека. Вырашыла, што хлопец вырас у сям’і, дзе адсутнічала павага, узаемаразуменне, ветлівасць. Вядома, я пакрыўдзілася.  Бернард Шоу пісаў: “Мы навучыліся лётаць у небе, як птушкі, плаваць у рэчцы, як рыбы. Цяпер засталося жыць, як людзі”. Трапна заўважана. Гэтаму трэба вучыцца. Мне хочацца, каб малады чалавек зразумеў сваю памылку ці то жарт, прачытаў гэтыя радкі і стараўся нікога не крыўдзіць. Каб ён ішоў па жыцці з дабрынёй і любоўю не толькі да людзей, а наогул, да ўсяго жывога, а калі памыляўся, то прасіў бы прабачэння.

Алена СТРАХ, в. Баярск.

Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях