Хто запальвае вулічныя ліхтары?

 

Хто запальвае вулічныя ліхтары?

Общество
22.11.2023
563
Хто вырашае, ў які час павінна ўключацца святло на гарадскіх вуліцах? Хто лічыць, якая колькасць ліхтароў аптымальная ў тым ці іншым месцы? Як увогуле ліхтары “ведаюць”, калі ім трэба ўключацца? Усе гэтыя і іншыя пытанні мы задалі галоўнаму энергетыку РУП “ЖКГ” Дзмітрыю Рубану.
DSC02057.jpg

“Колькасць ліхтароў і адлегласць паміж імі вызначаюцца яшчэ пры будаўніцтве вуліцы, - тлумачыць Дзмітрый Барысавіч. – Але гэта не значыць, што на вуліцах, якія праектаваліся па старых нормах, асвячэнне назаўсёды застанецца без зменаў. Мы маніторым, правяраем іх асвятленне, калі нешта не адпавядае закону, прымаем меры: мяняем лямпачкі на больш магутныя, дадаем ліхтары”.

Цяжка не заўважыць, што на некаторых вуліцах горада святло гарыць на працягу ўсёй ночы, а якіясьці куткі ў пэўны час становяцца цёмнымі. Гэта рэгулюецца рашэннем раённага выканаўчага камітэта. Апошняе такое рашэнне, згодна з якім уключаюцца і запальваюцца ліхтары, было прынята 11 ліпеня. Згодна з ім у цёмны час сутак святло не выключаецца ўвогуле на цэнтральных вуліцах, выездах з горада і вуліцах, якія да іх прылягаюць (проста тэхнічна немагчыма адключыць паасобку). Сюды адносяцца Камінскага, Асланава, Леніна, Савецкая, Ветэранаў і іншыя.

Вуліца Ураджайная, праезд Трактарны, перавулкі Глухі і Паштовы становяцца цёмнымі ў 22 гадзіны і загараюцца ліхтарамі ў 6 гадзін раніцы.

На вуліцы Якуба Коласа ад перакрыжавання з вуліцай Чырвонаармейскай да перакрыжавання з вуліцай Сініцкага асвятленне выключаецца з 24 да 6 гадзін. Крыху даўжэй гарыць святло на вуліцах Суворава, Завадской, Каранёўскай і Бульвары Надзей – там стане цёмна ў 1 гадзіну ночы. У 22.45 гаснуць ліхтары на вуліцы Чырвонаармейскай (ад дома №31 да прыпынку “Маладзёжнага”), Якуба Коласа (ад перакрыжавання з вуліцай Балыша, да перакрыжавання з Чырвонаармейскай), Роўды і Дзяругі. На праспекце Індустрыяльным (у межах свабоднай эканамічнай зоны “Гроднаінвест”) пасля 21 гадзіны вечара і да 5 гадзін раніцы асветлены толькі перакрыжаванні і пешаходныя пераходы. На ўсіх астатніх вуліцах святло выключаецца ў 22.45 і ўключаецца ў 6 гадзін.

Святло на вуліцах уключаецца аўтаматычна з дапамогай рэле. Але энергетыкі разумеюць, што ў некаторыя дні час заходу і ўсходу сонца змяшчаецца на некалькі хвілін, а ў пахмурнае надвор’е ўвогуле цямнее значна раней, чым у сонечнае. Тады час уключэння і выключэння на рэле змяняюць у той ці іншы бок.

Электраэнергія, патрэбная для асвятлення вуліц горада, аплачваецца з раённага бюджэта.

Віялета ВОЙТКА.


Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях