“Зямля не церпіць раўнадушных…”

 

“Зямля не церпіць раўнадушных…”

Общество
19.11.2023
2080
У сельскай гаспадарцы Смаргонскага раёна занята 1450 чалавек. Работа кожнага з іх – гэта частка адной вялікай справы па забеспячэнні жыхароў Беларусі смачнымі і якаснымі прадуктамі харчавання. У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці можна падвесці ўжо некаторыя вынікі года ў гэтай галіне, што мы і робім разам з Сяргеем Мядзвецкасам, першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
2Z3A0064.JPG

- Сяргей Тадэвушавіч, галоўнае пытанне па выніках сельскагаспадарчага года – гэта заўсёды памер “караваю”. Які ён сёлета, і як Вы ацэньваеце вынік?

- “Каравай” усё ж хацелася б большы. Разам з кукурузай мы намалацілі 52956 тон зерня. Гэта значна менш, чым летась, дало аб сабе знаць засушлівае лета. Цэлы месяц мы чакалі ападкаў, а ў гэты час ішоў самы наліў каласоў. Недахоп вільгаці негатыўна паўплываў на вынікі. Але сабранага ўраджаю нам хапіла, каб выканаць задачу па продажы зерня ў лік дзяржзаказу. Таксама мы выканалі абавязацельствы па пастаўцы масланасення рапсу і паспяхова ўбіраем цукровыя буракі. У цэлым мы планавалі сабраць куды больш зерня, але недабор не крытычны.

Калі гаварыць пра грубыя кармы, малавата ў гэтым годзе нарыхтавалі сенажу. Але не падвяла кукуруза. Мы нарыхтавалі сіласу на 28 тысяч тон больш, чым у мінулым годзе, і ў цэлым захавалі баланс.

- Віншуючы сельскіх працаўнікоў з прафесійным святам, Вы сказалі: “Заўсёды здаецца, што зрабіць можна было больш і лепш…” Калі гаварыць пра чалавечы фактар, сапраўды можна было спрацаваць лепш?

- Дастаткова цяжка даваць ацэнку сялянскай працы, ці то кіраўнік гаспадаркі, ці то механізатар. Усе супрацоўнікі сельскагаспадарчых арганізацый працуюць у вельмі напружаным рэжыме. Апошнім часам захоўваецца тэндэнцыя дэфіцыту кадраў. Калі ёсць кадравы рэзерв, працаваць нашмат лягчэй: гэта і размераны графік работы, стабільныя выхадныя. Мы да гэтага вельмі імкнёмся, разумеем, што працаўнікі будуць якасней і эфектыўней рэалізоўваць свае навыкі. Трэба, каб нават у разгар уборачнай кампаніі чалавек працаваў не больш за восем, максімум дзесяць гадзін у суткі. Інакш накопліваецца стомленасць. Таму некарэктна будзе ў адрас людзей, якія знаходзяцца на рабочым месцы куды даўжэй, сказаць, што яны недапрацоўваюць. А па ўнясенні мінеральных угнаенняў, сродкаў аховы раслін зроблена было ўсё, як належыць, тут таксама няма заўваг.

Каб даць людзям дадатковы стымул, мы імкнёмся да росту фінансавага дабрабыту сваіх работнікаў. Магу сказаць, што сярэдняя зарплата ў гаспадарках раёна – 1610 рублёў. У параўнанні з мінулым годам яна павысілася на 29%.

- Напрыканцы года падводзяцца вынікі не толькі ў раслінаводстве, але і ў іншых галінах. Пагаворым пра жывёлагадоўлю. Якія гаспадаркі лідзіруюць тут?

- Вытворчасць малака – гэта тое, дзеля чаго, у першую чаргу, працуе галіна раслінаводства, забяспечваючы якасныя кармы. Сёння жывёлагадоўля – гэта 70% выручкі сельгаспрадпрыемстваў. Тут мы стабільна расцём. За 10 сёлетніх месяцаў мы па надоях ужо перагналі паказчык усяго мінулага года амаль на паўтоны. Да канца года павінна быць не менш за 7,5 тысяча кілаграмаў малака. Тут нашы флагманы – гэта “АграСолы” і “Жодзішкі”. Але да іх упэўнена падцягваюцца “Сінькі”, “Саўбел 2016” і “Саўгас Смаргонскі”, яны паляпшаюць паказчыкі вельмі хуткімі тэмпамі.

- Чым абумоўлены такі хуткі рост?

- Мая думка, што, у першую чаргу, змянілася арганізацыя працы. Гаспадарка можа не мець суперсучасных харомаў і тэхнікі. Але калі ёсць калектыў, нацэлены на вынік, поспех абавязкова будзе. Я кажу і пра людзей, якія працуюць на нарыхтоўцы кармоў (а якасныя кармы вельмі важныя для надояў), і пра калектывы малочна-таварных комплексаў. Кармленне, даенне, захоўванне нормаў па лячэнні – чым бліжэй усё гэта да эталону, тым лепшы вынік.

- Як плануеце паляпшаць работу гэтай галіны ў наступным годзе?

- Будзем займацца рэканструкцыяй тых малочна-таварных комплексаў, якія гэтага патрабуюць, і будаўніцтвам новых. У верасні 2024 года плануецца ўвод МТК “Кавалі”, а яшчэ праз некалькі месяцаў пасля гэтага – МТК “Паніжаны”. Гэта комплексы на 777 і 720 галоў. Таму малака раён надоіць, спадзяёмся, яшчэ больш.

- Ці важкую ролю ў сельскай гаспадарцы Смаргоншчыны іграюць фермерскія гаспадаркі? Што Вы можаце сказаць пра іх?

- Нягледзячы на тое, што часам узнікаюць пытанні па землекарыстанні, па рэалізацыі прадукцыі, фермеры Смаргоншчыны з года ў год нарошчваюць абароты. Цяпер у нас 34 фермерскія гаспадаркі, сярод якіх вымалёўваюцца лідары. Некаторыя з іх апрацоўваюць больш за 1000 га зямлі. Вынікі іх працы ўжо істотна ўплываюць на агульнараённыя – яны нядрэнныя і па ўраджайнасці, і па культуры земляробства. Гэта вельмі добрая тэндэнцыя. Як я бачу беларускага фермера? Гэта чалавек, які любіць зямлю, любіць месца, дзе жыве, хоча зрабіць яго лепшым. Фермер паважае сваіх работнікаў і паспяхова зарабляе на справе свайго жыцця. Аднак трэба разумець, што ў фермерстве нельга разлічваць на зверхпрыбытак і гіперабагачэнне, а трэба быць гатовым да працы, цярпення, адсутнасці адпачынку і няхуткай аддачы.

 Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.

 

Статьи по теме: