Параднёны з полем

 

Параднёны з полем

Общество
19.11.2023
1055
Назіраць за усходам сонца, слухаць раннія спевы птушак, адчуваць прыемны пах свежаскошанай травы – пра гэта механізатар ВКУП “Саўгас Смаргонскі” Генадзь Аўгусціновіч расказвае надзвычай узнёсла. Дзясяткамі гадоў ён перажывае гэтыя адчуванні, а рамантычныя адносіны да таго, што адбываецца ў прыродзе, не страціў. Раніца вяскоўца зусім не такая, як ў гараджаніна.
IMG_9839.JPG

“Я люблю вёску, таму ніколі не імкнуўся ў горад. І тэхніку з маленства любіў. Мой тата ўсё жыццё адпрацаваў экскаватаршчыкам, і я з захапленнем назіраў за яго работай, - успамінае Генадзь Іванавіч. - Увесь час марыў стаць дарослым, каб самому зарабляць грошы. У пятнаццаць гадоў паступіў вучыцца на экскаватаршчыка ў Лідскае СПТВ, але пасля заканчэння ніколі не сеў за руль экскаватара. Адслужыўшы армію, у 1986 годзе, атрымаў правы шафёра, уладкаваўся вадзіцелем у мясцовы калгас імя Калініна. А праз амаль дзесяць гадоў я перасеў у трактар”.

Больш за чвэрць веку – такі механізатарскі стаж нашага героя. Яго канёк – нарыхтоўка кармоў для буйной рагатай жывёлы. Як вядома, малако ў каровы на языку. Смак, пах і нават адценне малака залежаць ад рацыёну рагулі. Калі пра гэта даведваешся, пачынаеш разумець і вялікую ролю механізатара ў развіцці жывёлагадоўлі.

Позняй восенню работы ў полі заканчваюцца, і Генадзь Іванавіч перасядае ў пагрузчык. Зімой работы ў гаспадарцы не спыняюцца. Хіба сам кіроўца, нарэшце, атрымлівае заслужаны адпачынак.

“Ці было жаданне штосьці мяняць у прафесійным жыцці? – паўтарае маё пытанне Генадзь Аўгусціновіч. - Карані ўжо пусціў, куды ляцець? Як пачынаеш сталець, адпадае ахвота ехаць “за мора” за доўгім рублём. Некалі я планаваў махнуць за мяжу, але хутка адмовіўся ад гэтай думкі. Навошта, калі можна на месцы добра
зарабляць? Толькі працаваць трэба шчыра. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Прыемна, што мае старанні заўсёды заўважае кіраўніцтва. Маю шмат узнагарод – і ад вобласці, і ад раёна, і ад гаспадаркі”.

На сёлетнім абласным свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Генадзь Іванавіч будзе ўдастоены яшчэ больш важкай ўзнагароды – падзякі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

У гэтым годзе наш герой атрымаў ільготную пенсію, мог бы спакойна ісці адпачываць. “Але з ганаровым статусам пенсіянера мірыцца не хачу, - смяецца Генадзь Іванавіч. – Пакуль буду мець сілы – буду працаваць”.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.

 

Статьи по теме: