Жыццё патрабуе руху, альбо Як адмовіцца ад аўто?

 

Жыццё патрабуе руху, альбо Як адмовіцца ад аўто?

Общество
22.09.2023
620
Без аўтатранспарту - асабістых аўтамабіляў, таксі, аўтобусаў, матацыклаў, фур і грузавікоў - ужо немагчыма ўявіць нашы гарады і шашы. Дзесьці і для кагосьці гэта зручны і часам адзіны даступны сродак перамяшчэння, для кагосьці – працоўная занятасць, эталон прэстыжу, любімы від спорту.

Але ўсё ж ёсць адзін дзень у годзе - 22 верасня, калі многія свядома і добраахвотна адмаўляюцца ад сваіх “жалезных сяброў”, якія спажываюць паліва. Такім чынам адначасова прапагандуецца ідэя пешага і веласіпеднага спосабаў перамяшчэння, выкарыстання грамадскага транспарту і электратэхнікі.

IMG_9174.JPG

Жанна Луіза Кальман - французская доўгажыхарка, старэйшая сярод тых, хто жыў на Зямлі, і чые даты нараджэння і смерці дакументальна пацверджаны. Жанчына памерла ва ўзросце 122 гадоў.

Цікавы момант. Кальман заўсёды вяла актыўны лад жыцця: гуляла ў тэніс, да 100 гадоў каталася на веласіпедзе, займалася фехтаваннем, вельмі любіла гуляць на прыродзе. Мае гераіні (абедзве Жанны!) – таксама ­людзі актыўныя. І ў многіх жыццёвых выпадках абыходзяцца без аўто.

Хадзьба – не хобі, а лад жыцця

Хадзіць пешшу – самы даступны від нагрузкі. Ён не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, спартыўнага рыштунку, затое станоўча ўплывае на арганізм чалавека! Робіць мацнейшымі сэрца і сасуды, нармалізуе ціск, павышае тонус мышцаў і работу галаўнога мозгу, паляпшае сон, пазбаўляе ад трывог і стрэсу.

Пра гэта ўсё ведае трэнер СДЮСШАР Жанна Грэхава, таму на працягу многіх гадоў ходзіць на работу пехатой. Акрамя пералічаных плюсаў, з дапамогай хадзьбы Жанна Васільеўна вырашыла яшчэ адну праблему – яна не падстройваецца пад грамадскі транспарт. За 45 хвілін хуткім крокам пераадольвае адлегласць ад Каранёў да цэнтра (трэніроўкі праводзіць у СШ №1 ці ў спарткомплексе “Юнацтва”).

“Бегаць у маім узросце не рэкамендуецца, гэта вялікая нагрузка на сэрца, на суставы, іншая справа – хадзьба. Такі зарад энергіі атрымліваеш, калі прой­дзешся! – усміхаецца Жанна Грэхава. - Рухаюся  звычайна хуткім крокам, размахваю рукамі, каб застою крыві не было. Іду і любуюся, як сонца падымаецца, як прырода абуджаецца ад сну.

Напачатку, калі стала хадзіць пехатой¸ знаёмыя спыняліся, прапаноўвалі падвезці на аўтамабілі, а цяпер толькі пасігналяць і рукой памахаюць – вітаюцца. Яны ведаюць пра маю ранішнюю звычку”.

Работа ў Жанны Васільеўны не сядзячая, падчас заняткаў трэнер увесь час на нагах. Да таго ж, як у кожнай гаспадыні, вечарам хатніх спраў хапае, таму дадому жанчына  вяртаецца аўтатранспартам. Але і пасля работы ў Жанны Грэхавай ёсць прычына, каб выйсці на прагулку – яе дзве сабачкі любяць  вячэрні праменад. 

Веласіпед карысны і для таліі, і для кашальку, і для экалогіі

Жанчына ў прыгожай сукенцы на веласіпедзе – такі сюжэт можна нярэдка сустрэць на палотнах мастакоў. Хто-хто, а мастакі ведаюць толк у прыгажосці.

IMG_9554.JPG

Жанна Лумпіева настолькі ўпэўнена сябе адчувае за рулём “двухколавага сябра”, што можа дазволіць сабе спадніцу любой даўжыні. “А вось з вялікімі абцасамі – складаней. Усё ж для язды на веласіпедзе такі абутак нязручны”, - смяецца Жанна Мікалаеўна.

Мая суразмоўца – кіроўца веласіпеда з вялікім стажам. Навучылася ездзіць на “двухкалёсніку” самастойна яшчэ ў класе трэцім. Прычым веласіпед быў вялікі, з высокай рамай. Адзін – на ўсю сям’ю. “Няпроста было яго “асядлаць”, трэба было прылаўчыцца ногі пад рамай трымаць. Часта падала, але не здавалася, - кажа Жанна Лумпіева. - Пасля заканчэння школы доўга веласіпедам не карысталася. Купіла новы ў 33 гады. Я ўжо была замужам, мы перабраліся ў свой дом на вуліцы Скарыны. Тады зразумела, што без транспартнага сродку не абыдуся. Машына ў нашай сям’і ёсць, але навучыцца ­вадзіць аўто ніколі не мела жадання.

Двухколавы памочнік дапамагае аператыўна вырашаць штодзённыя справы. На работу – з работы (за 10 - 15 хвілін дабіраюся на веласіпедзе, пехатой – 40), па магазінах і іншых аб’ектах… Калі выпадае снег, пачынаю адчуваць усю значнасць для мяне гэтага транспартнага сродку”.

Язда на веласіпедзе мае шмат плюсаў. Гэта цудоўная фізічная нагрузка для ўсяго арганізма. Асабліва карысная, калі ты рабочы дзень адсядзіш за камп’ютарам (як у выпадку з Жаннай Лумпіевай). Да таго ж такая язда трэніруе вочы, паколькі ўвесь час даводзіцца сачыць за дарогай, пераключаць позірк з прадмета на прадмет. У выніку – зрок абвастраецца, не развіваецца блізарукасць.

“Сапраўднае шчасце – у летнюю спёку пракаціцца на веласіпедзе, - зазначае Жанна Мікалаеўна. – Зімой без веласіпеда сумую. Падстройваюся пад грамадскі транспарт ці пераглядаем з мужам планы на дзень, каб ён мог мяне падвезці на работу ці дадому”.

Паважаныя чытачы, мы не дарма прывялі прыклады нашых гераінь, як яны абыходзяцца ў штодзённым жыцці без аўтамабіля. Ні ў якім разе не пераконваем вас зусім адмовіцца ад любімай машыны. Але хаця б на адзін дзень – 22 верасня, як гэта робяць ва ўсім свеце.


Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях