Па смаргонскіх дарогах едзе блакітнае дзіва
“Не прадаецца, у гонках не ўдзельнічае, вяселлі не возіць” – адразу расставіў усе кропкі над “і” гаспадар. Ён упэўнены, што такой машыне даўно не месца на сучасных дарогах, і выязджае на ёй рэдка – толькі каб не застойвалася ў гаражы. Па машыне бачна, што яе берагуць – ні драпінкі, ні плямкі. Як выпусцілі ў 1960 годзе, так нічога не варылі, не перараблялі. Тры гады назад смаргонскаму пенсіянеру падараваў гэты аўтамабіль сын. За гэты час рамонту запатрабавалі толькі тармазы – раз’ела шлангі з-за неадпаведнасці тармазной вадкасці (тую, якую залівалі ў “Волгу” першапачаткова, даўно не выпускаюць).
“Калісьці ў 1979 годзе я купіў сваю першую машыну – “Запарожац”. Каб мне тады такую “Волгу”, я б танцаваў ад шчасця”, - смяецца гаспадар. Але і сёння па тым, як беражліва адчыняе ён дзверцы, у якім парадку трымае салон, бачна, што блакітны “ГАЗ” прыносіць яму радасць, задавальненне і гонар.
Віялета ВОЙТКА.
Фота аўтара.