Уладары лічбаў

 

Уладары лічбаў

Общество
23.08.2023
553
“Дарослыя вельмі любяць лічбы”, - абураўся Ліс з казкі “Маленькі прынц”. Калі становішся дарослым, у нейкі момант ловіш сябе на тым, што многае ў жыцці і сапраўды характарызуецца матэматычнымі знакамі. А лепш за ўсё гэта ведаюць работнікі аддзела статыстыкі Смаргонскага раёна, якія 23 жніўня адзначаюць сваё прафесійнае свята.

20200706_110044_2.jpg

“Мы збіраем, аналізуем, правяраем, кантралюем дадзеныя па раёне і адпраўляем іх у галоўнае статыстычнае ўпраўленне”, - коратка падсумоўвае рабочыя працэсы намеснік начальніка аддзела Святлана Лукша.

Дадзеныя, з якімі працуюць у аддзеле статыстыкі, самыя розныя: пачынаючы ад колькасці насель­ніцтва і заканчваючы даходамі і расходамі буйнейшых прадпрыемстваў. Усе гэтыя паказчыкі важныя  для развіцця краіны ў цэлым: можна прааналізаваць, як працуе эканоміка Беларусі, спрагназаваць, якім будзе яе развіццё ў далейшым.

Можа здавацца, што простаму абывальніку не надта гэта і цікава, але тут спецыялісты могуць і запярэчыць. “Мы працуем не толь­кі з прадпрыемствамі, але і з сем’ямі”, - расказвае эканаміст Марына Жываткевіч. Праца статыстычнага аддзела становіцца заўважнай, калі ў сям’ю прыхо­дзіць пісьмо з просьбай расказаць пра ўзрост і месца працы ўсіх, хто пражывае ў кватэры. І многія гэтага палохаюцца. Марына Жываткевіч запэўніла, што тут цалкам ананімна. Калі да вас ­тэлефануюць або прыходзяць з аддзела статыстыкі, гэта не значыць, што вас падазраваюць у парушэнні законаў. Сем’і выбіраюцца выпадкова. Але такія лічбы важныя, каб ацаніць ­ступень занятасці насельніцтва ў эканоміцы раёна.

Яшчэ адзін цікавы для насельніцтва від дзейнасці – збор даных аб тым, колькі зарабляюць і колькі трацяць на жыццё сем’і. Такія мерапрыемствы праводзяцца ў сельвыканкамах. На працягу месяца сям’я вядзе дзённік, дзе ўлічваюцца ўсе даходы і расходы, нават тое, што прыносіць прыся­дзібная гаспадарка. У канцы месяца падводзяцца вынікі. Людзі пагаджаюцца, бо і самім бывае дзіўна глядзець на лічбы ў дзённіку, многія нават прыблізна не ведаюць, колькі ідзе на прадукты харчавання, транспарт, адзенне. А такі дзённік дазваляе прааналізаваць сямейныя затраты, адмовіцца ад лішняга і накіраваць грошы ў бок чагосьці больш важнага.

Заўсёды цікавіць жыхароў раёна колькасць насельніцтва. Разам са Святланай Лукшай мы параўналі лічбы на 1 студзеня 2013 і 1 студзеня 2023 гадоў. Колькасць насельніцтва на Смаргоншчыне за дзесяцігодку зменшылася на 4586 чалавек, пры гэтым больш “пацярпела” сель­ская мясцовасць, тут жыхароў стала менш амаль на 3,5 тысячы чалавек. А вось ­колькасць дзяцей да 17 год амаль не змянілася – зменшылася на 89 чалавек. Калі глядзець даныя Белстата па Смаргоншчыне і ў цэлым па Беларусі, то змяншаецца “вага” сель­скіх жыхароў. Для нашага часу гэта заканамерна, але засмучае. Ды на тое яны і лічбы, каб іх аналізаваць, рабіць высновы і праводзіць працу над памылкамі.

Віялета ВОЙТКА.

Фота з архіва аддзела статыстыкі Смаргонскага раёна.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях