Гандаль – сфера заўсёды навідавоку

 

Гандаль – сфера заўсёды навідавоку

Общество
28.07.2023
857
“Нават калі закрываецца ўсяго адзін магазін, для насельніцтва нашай невялікай Смаргоні гэта адчувальна. А ўявіце, калі раптам закрыюцца адразу ўсе, які будзе калапс!” - філасофствуе намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Шчэберака (на фота). Мы сустрэліся з ёю напярэдадні Дня гандлю, каб паразважаць, чым у гэтай сферы можа ганарыцца наш раён, а што патрабуе павышанай увагі з боку ўласнікаў, работнікаў і пакупнікоў.

2Z3A7315.JPG

- Таццяна Мікалаеўна, паказчыкі рознічнага гандлю – адзін з маркераў узроўню жыцця насельніцтва. Калі параўноўваць з аналагічным перыядам мінулага года, як яны выглядаюць на Смаргоншчыне?

- Магу адзначыць, што мы расцём. Рознічны тавараабарот склаў 101,4% у параўнанні з першай паловай мінулага года. Калі браць толькі чэрвень, то гэты паказчык яшчэ вышэйшы. Ад чаго залежыць тавараабарот? У першую чаргу, ад узроўню заработнай платы. А яна расце. Таму не дзіва, што адкрываюцца новыя аб’екты. Плошча нашай гандлёвай сеткі “прырасла” на тысячу квадратных метраў. На выездзе з горада адкрыліся магазіны па продажы электратавараў і акумулятараў, там жа з’явілася кафэ “Кветкі з водарам кавы”. Добра прынялі пакупнікі дыскаунтэр “Дабрацэн”. Ёсць магазіны і кафэ, якія ўзнавілі сваю працу. Напрыклад, “Маяк” у мікрараёне Карані. Там вельмі не хапала вялікага гандлёвага аб’екта, каб можна было набыць усе групы тавараў у адным месцы. Бачым, што “Маяк” удала ўпісаўся ў гэту нішу. Дарэчы, новае кафэ адкрылася ў сельскай мясцовасці. Прадпрыемства “Дэйрыфарм” выкупіла будынак лазні, дзе адкрыла “Сэйд Ная” . Пакуль гэтае кафэ працуе па папярэдніх заказах, але спадзяёмся, што турыстычны патэнцыял Крэва стане штуршком для рэгулярнай работы. Упэўнена, гэта ацэняць і мясцовыя жыхары, і госці аграгарадка.

2Z3A7359.JPG

- Калі гаварыць пра сельскую мясцовасць, ці не “абдзелены” жыхары вёсак даступнасцю тавараў або іх асартыментам?

- Згодна з сацыяльнымі стандартамі, калі ў вёсцы пражывае менш за 200 чалавек, стацыянарныя магазіны там могуць быць заменены аўталаўкамі. Так склалася, што ўсе аўтамагазіны на Смаргоншчыне прыватныя. Гэта не тое каб добра, хацелася б бачыць канкурэнцыю з боку дзяржаўных арганізацый, напрыклад, спажыўтаварыства. Але мы бачым, што прыватнікі з задачай спраўляюцца. Калі я прыязджаю ў сельскую мясцовасць на сустрэчу з насельніцтвам, у першую чаргу пытаюся ў людзей, ці задавальняе іх расклад руху аўтамагазінаў, асартымент. І ведаеце, незадаволеных вельмі мала. Прыватныя прадпрымальнікі стараюцца выконваць любыя пажаданні людзей. Зразумела, самалёт вам на продаж не прывязуць, але будаўнічыя матэрыялы, штосьці з гаспадарчых тавараў – ахвотна.

2Z3A7352.JPG

- Ведаю, што Вы заўсёды сочыце за гандлёвымі аб’ектамі, якія адкрываюць прыватныя асобы, падтрымліваеце пачынаючых прадпрымальнікаў. Але часта мы назіраем карціну, калі новы магазін ці кафэ адкрываецца, працуе некалькі месяцаў ці гадоў, а потым нечакана знікае. У чым Вы бачыце прычыну гэтага?

- Лічу, што часцей за ўсё гэта непрадуманасць
 крокаў. Перад адкрыццём магазіна ці кафэ трэба зрабіць бізнес-план, прадказаць розныя варыянты развіцця падзей. На жаль, часта здараецца наад­варот.

2Z3A7350.JPG

- Чаго, на Вашу думку, не хапае гандлёвай сферы Смаргон­шчыны?

- Што датычыцца прадуктаў харчавання, то лічу, што смаргонскія магазіны задавальняюць попыт пакупнікоў поўнасцю. А вось за прамысловымі таварамі людзі часта едуць, напрыклад, у суседняе Маладзечна. Хацелася б, каб знаходзілі ўсё патрэбнае ў Смаргоні. Але райвыканкам не можа прымусіць
прадпрымальніка гандляваць нейкай прадукцыяй. Часта чую нараканні, што немагчыма купіць той ці іншы тавар, заўсёды адказваю: “Вы можаце заняць
гэтую нішу”. Сёння падтрымка малога бізнесу вельмі вялікая. Калі не хапае ў горадзе сямейнага кафэ – то адчыніце такое. Другое пытанне, ці будзе яно карыстацца попытам. Ніхто не хоча працаваць у мінус.

2Z3A7363.JPG

- Ці могуць сёння дзяржаўныя магазіны скласці канкурэнцыю прыватным?

- Безумоўна, могуць. Больш таго, такая канкурэнцыя – стымул для абодвух бакоў. Сёння дзяржаўным магазінам, ды і невялікім гандлёвым кропкам, што належаць прыватным асобам, цяжка выжываць.
На рынак прыйшло многа дыскаунтэраў. Але невялікія магазіны знаходзяць сваіх пакупнікоў. Чым яны прывабліваюць?
Часта гэта магазіны ў крокавай даступнасці. Пакупнікі і прадаўцы гадамі ведаюць адно аднаго ў твар. Гэта ўжо псіхалагічны момант. Ды і асартымент, як бачым, не ўступае буйным гандлёвым сеткам.

- Калі гаварыць пра чалавечы фактар у гандлі, сучасны прадавец адрозніваецца ад свайго калегі, гадоў, скажам, 20 - 30 таму?

- Безумоўна! Сёння прадавец – гэта і дарадца, і псіхолаг. Ён не проста павінен узважыць тавар і ўзяць за яго грошы. Трэба яшчэ ўмець прапанаваць штосьці пакупніку, дапамагчы выбраць тое, чым потым будуць з задавальненнем карыстацца. Для гэтага прадавец павінен ведаць кожны прадукт, кожную рэч, якой ён гандлюе. І ўмець знайсці падыход да кожнага кліента. У мяне няма нараканняў да нашых прадаўцоў. Гэта сфера, якая кожны дзень навідавоку, бачу, што людзі тут працуюць з душой і любяць сваю работу.

Віялета ВОЙТКА.

Фота аўтара.



Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

 #Новости_Светлы_Шлях