Паселішчы з назвай Чаркасы вядомы з часоў Вітаўта. Тады вялікі князь для абароны муроў Крэўскага замка стварыў абарончы пас татарскіх асад вакол гэтага старадаўняга месца. Як адзначыў у сваёй працы 1929 года “Гербаўнік татарскіх сем’яў у Польшчы” вядомы даследчык татарскіх радаводаў Станіслаў Дзядулевіч, назва Чаркасы мае ўсходняе паходжанне і перакладаецца са старатурэцкай мовы як пасяленне “камандзіра войска”.
Лёс маёнтка Чаркасы
Менавіта пры старадаўнім шляху на Ліду і Навагрудак з’явілася найбліжэйшая да мястэчка паселішча з такой назвай. З вялікай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што тут у далёкія часы ВКЛ заснаваў пасяленне кіраўнік абароны мясцовага замка. Насельнікі другой аднайменнай смаргонскай вёскі каля Сяльца кантралявалі Полацкі напрамак, а недалёкія Чаркасы Ашмянскага раёна прыкрывалі ад варожых навал стратэгічны Віленскі накірунак.
Па рэвізіі татарскіх уладанняў 1631 года побач з Сяльцом знаходзілася рэзідэнцыя першай асобы ўсяго Найманскага харунжаства Віленскага сцягу – харунжага Абрахіма Кенскага. З цягам часу гэтыя асады страцілі першапачатковае значэнне і ператварыліся ў звычайныя сельскія паселішчы. Былую веліч аднайменнага маёнтка, што прытуліўся да левага берага ракі Краўлянкі, узгадалі складальнікі ваенна-тапаграфічнай карты Віленскай губерні 1865 гг., калі пазначылі яго як “Каралеўскія Чаркасы”. У 1809 годзе фальварак належаў маёру Шахуневічу, потым перайшоў ва ўласнасць Рамуальда Марцінавіча Даўгялы. Побач знаходзіліся водны млын, грэбля, пастаялы двор з карчмой.
Напрыканцы 19 стагоддзя ўладанне набывае вядомы этнограф, фалькларыст, археограф і педагог Юльян Фаміч Крачкоўскі (1840-1903). У працы І. Гашкевіча “Поўны спіс населеных мест са статыстычнымі дадзенымі. Віленская губернія” за 1905 год знаходзім звесткі, што ў маёнтку Крачкоўскага Чаркасы Крэўскай воласці стала пражывала 7 мужчын і 5 жанчын. Побач, каля млына, – двое мужчын і столькі ж жанчын. Узгадваючы адметнасць былога месца, нельга абысці ўвагай некаторых прадстаўнікоў славутага роду Крачкоўскіх. Гэты маляўнічы куток Крэўшчыны натхняў іх на творчую дзейнасць.
Малодшы сын Юльяна Крачкоўскага Ігнат Крачкоўскі (1883-1951) з’яўляўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, адным з заснавальнікаў арабістыкі ў Савецкім Саюзе, акадэмікам АН СССР, польскай Акадэміі навук, правадзейным сябрам Арабска АН, ганаровым сябрам Іранскай і іншых акадэмій. Даследаваў татарскія літаратурныя творы на беларускай мове, пісаныя арабскімі літарамі.
Старэйшы сын – вядомы ў Расіі ваенны хірург Мікалай Крачкоўскі (1871-1927) – удасканальваў сваё прафесійнае майстэрства на розных месцах службы. Пасля заканчэння ваеннай кар’еры вярнуўся ў Чаркасы і ўладкаваўся галоўным доктарам у крэўскі сельскі лекарскі ўчастак. Любіў сельскую гаспадарку, займаўся конегадоўляй, трымаў вадзяны млын.
У Чаркасах з’явіўся на свет яго сын, выдатны мастак-графік Зміцер Крачкоўскі (1910 -1991). Калі гаварыць вобразна, тут закладваўся падмурак яго светапогляду, распрацоўваліся многія тэмы мастацкіх прац.
Падзеі Першай сусветнай вайны цалкам знішчылі ўсе пабудовы фальварка. Засталіся толькі каменныя падмуркі ад сядзібы, гаспадарчых будынкаў і млына. Увесь зямельны абшар, а гэта 90 дзесяцін ворыва, 50 дзесяцін лясоў і 10 дзесяцін лугоў, былі перакапаныя траншэямі, парушаны варонкамі, загароджаныя калючым дротам. У час вайны па тэрыторыі фальварка пралягала перадавая лінія абароны рускай арміі. Млын трапіў у нейтральную зону. Першы бой у гэтай мясціне адбыўся паміж Тыфліскім палком Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі і 375-м ландверным палком 89-й нямецкай пяхотнай дывізіі 11 (24 па н.ст.) верасня 1915 года. Некалькі дзён 2 Каўказскі армейскі корпус стрымліваў наступленне германцаў. За мужнасць палкоў дывізіі, якія вытрымалі тут жорсткія атакі праціўніка пры ліквідацыі нямецкага прарыву, галоўнакамандуючы прызначыў на кожную роту і батарэю па дзве медалі.
У журналах ваенных дзеянняў палкоў корпуса за перыяд з верасня па лістапад ёсць апісанне баёў, але адсутнічаюць звесткі пра тое, што адбывалася ў саміх Чаркасах. У палкавой хроніцы Мінгрэльскага палка знайшліся звесткі пра лёс суседніх Вярэбушак. З надыходам прыцемак 8 (21) кастрычніка 1915 года была выслана на пазіцыю партыя палкавых разведчыкаў. Іх спрабавалі абстраляць праціўнікі, якія знаходзіліся ў вёсцы Вярэбушкі, але разведчыкі “праніклі ў гэтую вёску і падпалілі яе”.
Сумным склаўся лёс недалёкага фальварка Ходзькаўшчына, які належыў агенту страхавога таварыства Яну Лакуціеўскаму. У Маладзечанскім занальным архіве захоўваецца справа аб знішчэнні пабудоў і маёмасці гэтай мясціны. З яе вынікае, што прыкладна 24 (07.10) верасня 1915 года фальварак быў падпалены салдатамі Еўпатарыйскага палка па загаду іх штаба. Накіраваны на высвятленне прычын пажару кананір Барсукоў патлумачыў пры дазнанні, чаму не затрымаў падпальшчыкаў: “Я іх не затрымаў, таму што меркаваў нашае адступленне, так як штаб гэтага палка перайшоў у іншую вёску і лічыў нармальным загад спаліць маёнтак”.
Верагодна, такая трагічная гісторыя адбылася ў Чаркасах. У міжваенны час пачалася цяжкая праца па ўзнаўленні тутэйшай гаспадаркі і жылля. Млын быў адбудаваны іншымі людзьмі з умовай: праз 20 гадоў працы яны вернуць яго ва ўласнасць Крачкоўскім.
Далейшая гісторыя Чаркасоў нагадвае лёс шматлікіх малых паселішчаў: зыход гаспадароў, за імі занядбанне гаспадаркі і канчатковая страта населенага пункта. Сёння тут пра былыя часы можа распавесці тое нешматлікае, што засталося: невялікая прысада старадрэў і паўразбураны падмурак млына.
Уладзімір ПРЫХАЧ.
Малюнак Веры КРАЧКОЎСКАЙ з надпісам на адвароце: “Дом у сядзібе Чаркасы, дзе была “Дзіўная бібліятэка”. Лета 1915 года.
Интересные и актуальные новости Сморгонского района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!