У госці да Агінскага завіталі вучні Сольскай СШ

 

У госці да Агінскага завіталі вучні Сольскай СШ

Общество
08.06.2023
574

 Залессе – маляўнічы куток зямлі беларускай, які вабіць усіх, каго цікавіць гісторыя і культура нашага краю. Каб пазнаёміцца з жыццём і дзейнасцю таленавітага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, вучні пачатковых класаў ДУА “Сольская сярэдняя школа” наведалі музей-сядзібу М. К. Агінскага.

Знаёмячыся з экспазіцыямі музея, школьнікі з цікавасцю слухалі аповеды экскурсавода пра сям’ю Агінскага, яго дзяцінства і любоў да музыкі, пра настаўніка і сяброў. Падчас экскурсіі дзеці ўважліва разглядалі галерэю партрэтаў членаў сям’і, родных і блізкіх людзей роду Агінскіх. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што сядзіба ў Залессі была месцам, дзе збіраліся знакамітыя людзі таго часу. Іх вабіла творчая атмасфера сядзібы з яе тэатральнай і музычнымі заламі, аранжарэямі, паркам, канюшнямі і нават звярынцамі.

 11.png

 Зала “Музыка Агінскага” зацікавіла вучняў музычнымі інструментамі 19 ст. Чароўныя гукі сумнай і адначасова мужнай мелодыі паланэза “Развітанне з Радзімай” дазволілі ім акунуцца ў тое музычнае асяроддзе, якое панавала ў гэтым палацы пры жыцці кампазітара.

Уразілі вучняў інтэр’ер і экспанаты “Вялікай гасцінай”: незвычайны гадзіннік, разное люстэрка, адмысловы посуд. Асабліва здзівіла тое, што ўсе гэтыя рэчы адносяцца да 19 стагоддзя.

 22.png

 Зацікавіў дзяцей вялікі більярдны стол. Госці Агінскага любілі праводіць вольны час за гульнёй у більярд.

 33.png

 У тэатральна-музычнай зале палаца школьнікі размясціліся на крэслах, каб на хвіліну ўявіць сябе гледачамі тэатральнай пастаноўкі з музыкай, танцамі, дзеяннямі.

 4.png

 Захапленне і эстэтычную асалоду атрымалі дзеці ад прыгажосці зімовай аранжарэі. Колькі разнастайных экзатычных раслін яны тут убачылі!

Напрыканцы экскурсіі вучні падзяліліся сваімі ўражаннямі, выказалі пажаданні і далей падарожнічаць па славутых мясцінах Беларусі.

Ірына Ядзевіч,

настаўнік пачатковых класаў ДУА

“Сольская сярэдняя школа”.