Напярэдадні Дня Перамогі ў Асінаўшчызненскай пачатковай школе прайшоў урок памяці
У гісторыі кожнага народа ёсць даты, якія не забываюцца, колькі б часу ні прайшло. Так падкрэсліваецца значнасць тых падзей і асаблівыя адносіны людзей да іх. У рамках святочных мерапрыемстваў з нагоды 78-й гадавіны Вялікай Перамогі ў 4 класе Асінаўшчызненскай пачатковай школы прайшоў адзіны ўрок “Нам гэты мір завешчана берагчы”.
Класны кіраўнік Наталля Паржон звярнула ўвагу на трагічныя старонкі вайны, звязаныя з нашым раёнам: жыццё людзей у акупацыі, мужная барацьба за вызваленне. Яна расказала аб тым, што на тэрыторыі Смаргоншчыны вядзецца следства па фактах генацыду мірнага насельніцтва.
Навучэнцы ўспомнілі пра гераізм непаўналетніх хлапчукоў і дзяўчынак, якія ваявалі нароўні з дарослымі ў дзеючай арміі і партызанскіх атрадах, удзельнічалі ў падпольных арганізацыях (Марат Казей, Валя Коцік, Зіна Партнова).
Хвілінай маўчання ўдзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць усіх салдат – герояў вайны, якія ахвяравалі сваім жыццё, прыбліжалі Перамогу.
Падводзячы вынікі сустрэчы, навучэнцы разважалі, што ім, сучаснаму пакаленню, трэба добра ведаць і памятаць пра тыя жудасныя падзеі, каб быць удзячнымі за мірнае неба, магчымасць вучыцца, быць шчаслівымі ў незалежнай краіне, за прыклад бязмежнай любові да сваёй Айчыны.
У час адзінага ўрока
Паведамленне пра Марата Казея
Жанна Грышан,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Асінаўшчызненскай пачатковай школы.