Старшакласнікі самастойна правялі заняткі ў школе і адчулі сябе педагогамі

 

Старшакласнікі самастойна правялі заняткі ў школе і адчулі сябе педагогамі

Общество
12.05.2023
449

Напрыканцы навучальнага года вучні 11 класа  СШ №7 правялі дзень самакіравання. Як паказвае вопыт, гэта захапляльнае мерапрыемства для вучняў, калі настаўнікі могуць адпачыць ад напружанай працы, а дзецям прадастаўляецца магчымасць хай і на адзін дзень правесці ўрокі і адчуць сябе ў ролі педагога.

Дзеці старанна рыхтаваліся да гэтага дня: распрацавалі канспекты ўрокаў па англійскай мове, біялогіі, гісторыі, матэматыцы, працоўным навучанні, геаграфіі, беларускай літаратуры для вучняў 5 - 10 класаў і ўзгаднілі прапановы з настаўнікамі-прадметнікамі. Падчас урокаў “новапрызначаныя настаўнікі” правяралі хатнія заданні, сачылі за дысцыплінай і стараліся падзяліцца з малодшымі вучнямі ведамі, якімі валодалі самі.

Дзелячыся ўражаннямі, адзінаццацікласнікі прызналіся, што ў гэты дзень яны адчулі сябе сапраўднымі настаўнікамі. У поўнай меры ўсвядомілі цяжкасць і адказнасць, з якімі педагогі сутыкаюцца штодзень. А яшчэ дзеці паабяцалі да канца навучальнага года добрасумленна выконваць хатнія заданні, быць дысцыплінаванымі. А калі пераступяць парог школы - памятаць сваіх настаўнікаў і выхоўваць ва ўласных дзецях паважлівае стаўленне да педагогаў.

"Дзень самакіравання – выдатнае мерапрыемства не толькі для таго, каб даць старшакласнікам магчымасць праявіць свае здольнасці, але і каб папулярызаваць педагагічную прафесію”, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марыя Сташко.

Гэта не адзінае мерапрыемства, якое праводзілася ў школе для таго, каб звярнуць увагу дзяцей на прафесію педагога. У трэцяй чвэрці класныя кіраўнікі 8 - 9 класаў запрашалі на класныя і інфармацыйныя гадзіны педагогаў, якія дзяліліся тым, якім быў іх шлях да дадзенай прафесіі.

Таксама дзеці даведаліся, у якіх установах адукацыі можна атрымаць прафесію настаўніка, дзе ўзяць мэтавы накірунак, што такое педагагічныя класы і якія існуюць ільготы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Сустрэча навучэнцам вельмі спадабалася, некаторыя задумаліся аб тым, каб звязаць сваю будучыню з прафесіяй настаўніка.

Марыя Эдуардаўна запэўніла вучняў, што іх будуць рады бачыць у сценах роднай школы ў якасці педагога, а яшчэ адкрыла сакрэт, што класны кіраўнік 8 В Таццяна Скрыпнік – былая яе вучаніца, чым яна вельмі ганарыцца.

Марыя Сташко з вучнямі 8 В класа.jpg

Ксенія Латош праводзіць падагульняючы ўрок гісторыі ў 10 класе.jpg

Сямён Чартовіч тлумачыць тэму па матэматыцы ў 8 класе..jpg

Марыя ГОВІЧ,

настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №7.