Свет гісторый нашых продкаў

 

Свет гісторый нашых продкаў

Общество
19.04.2023
898

Арыгінальныя пано, прыгожыя фігуркі і цэлыя кампазіцыі… Хіба можна паверыць у тое, што ўсё гэта зроблена не з гліны і не з гіпсу?

Алена Ларыёнава, кіраўніца гуртка “Юны мастак”, які працуе ў Вішнеўскім Доме культуры, упэўнена: “Калі дзіця любіць рабіць нешта сваімі рукамі, а пластылін ўжо надакучыў, варта паспрабаваць салёнае цеста. Яно дае бязмежны прастор для творчасці – пачынаючы з самастойнага прыгатавання самога цеста і заканчваючы гульнямі з атрыманымі вырабамі.

Лепка – карысны занятак як для дарослых, так і для дзяцей, бо развівае дробную маторыку рук, уяўленне, творчыя здольнасці. Салёнае цеста зусім не ліпне да рук, не пэцкае рэчы, а гатуецца з самых простых інгрэдыентаў: шклянка мукі, шклянка дробнай солі “Экстра”, перамяшаць і паціху дадаваць вады. Размешанае цеста не павінна быць рэдкім. Гатовыя рэчы сушацца (можна і ў духоўцы), пакрываюцца фарбай, а потым лакам”.

IMG_0243.JPG

IMG_0246.JPG

IMG_0248.JPG

У гурток да Алены Віктараўна спяшаюцца дзеці малодшых класаў. Пасля напружанага школьнага дня такія заняткі - сапраўдная перазагрузка. А якія цудоўныя рэчы малыя робяць сваімі рукамі! Алена паказала нам кампазіцыю, якая была створана да Вялікадня: ваза ў выглядзе курачкі і распісныя яечкі – выдатнае ўпрыгожванне святочнага стала.

IMG_0214.JPG

У Алены Віктараўны ёсць дзве сястры. Таксама асобы творчыя. Наталля Жураўлёва працуе ў Смаргонскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, вядзе гурток “Мяккая цацка”. Марына Зенкевіч – у раённым Доме рамёстваў. Яна цудоўная вязальшчыца, нават робіць рэчы ў тэхніцы ярнбомбінг (вязанае графіці – малады кірунак у вулічным мастацтве). Стварыла і цэлую “армію” лялек-мотанак, а таксама з рознымі травянымі напаўняльнікамі, лялек на заварнік, тэкстыльных.

Асвоіла гэту творчасць і Алена Ларыёнава. Шмат зацікаўленых сабралася каля выставы яе лялек-мотанак, якая была прадстаўлена падчас падвядзення вынікаў работы сферы культуры за мінулы год. Некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства нават загадвалі жаданне і  завязвалі стужачкі на рукі ляльцы Жаданніцы.

1.jpg

2.jpg

IMG_0215.JPG

 Побач стаялі Берагіня (своеасаблівая памочніца гаспадыні, сімвал дабрабыту і дастатку), Радасцея (тая, што нясе радасць і аптымізм людзям, яе можна пазнаць па руках, паднятых угару), Спадарожніца (аберагае ў дарозе), Дабрабытніца ( у яе кладуць  манету, каб яна несла багацце ў сям’ю)...

IMG_0227.JPG

Як вядома, раней такія лялькі былі атрыбутамі кожнага славянскага дома. Лялек рабілі на святы, важныя падзеі і па іншых асаблівых прычынах. Лялькі-абярэгі выконвалі розную “працу”: гульнявыя – рабіліся толькі для забавы дзяцей, не выконвалі ролю містычных ахоўнікаў. Гэта былі цацачныя птушкі або звяры, а не фігуркі людзей. Абрадавыя – служылі ў адпраўленні абрадаў. Да зімовага сонцастаяння, напрыклад, рабілі Каляду. Гэтую фігурку спальвалі падчас абраду ў азнаменаванне перамогі над сіламі зімы. Лялькі-абярэгі рабіліся спецыяльна для абароны дзяцей, для маладых людзей - хлопцаў і дзяўчат, для цяжарных, для дабрабыту і росквіту роду. Такія лялькі Алена Ларыёнава звычайна рыхтуе да купальскага свята, якое стала брэндавым для Вішнева.

IMG_0240.JPG

“Да кожнай лялькі прыглядаюся, перадаю ёй свае думкі, эмоцыі. Пакуль зраблю, яна становіцца для мяне роднай”, - усміхаецца наша суразмоўца. Лялькі-мотанкі робяць і юныя вішнеўцы, спасцігаючы пры гэтым цікавую гісторыю нашых продкаў.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.