У “акенцах творчасці” – лылойцінскія таленты
Падчас агляду-конкурсу журы вызначае лепшыя нумары, з якімі артысты пасля выступаюць на раённых святах, а таксама ўдзельнічаюць у рэгіянальных і абласных конкурсах. Напрыклад, сёлета на Гродзеншчыне будуць праходзіць фальклорны конкурс “Панямоння жыватворныя крыніцы” і абласны конкурс размоўнага жанру, у якіх прымуць удзел і культработнікі Смаргоншчыны.
У канцэртнай праграме, што прадставілі лылойцінскія артысты, прынялі ўдзел дзеці, моладзь і людзі больш сталага пакалення. Выступоўцы спявалі беларускія і рускія песні. “Разынкай” канцэрта стала жартаўлівая мініяцюра “Дзве суседкі” ў выкананні Юліі Парасевіч і Галіны Свірскай. Моцна апладзіравала публіка пасля таго, як Галіна Свірская прачытала байку “Конкурс прыгажосці”.
Дарэчы, у паўсядзённым жыцці самадзейныя артысты працуюць у розных сферах: паляводам – Анастасія Сінкевіч, Юлія Парасевіч – аператарам па доглядзе за жывёлай на свінаводчым комплексе, сторажам – Галіна Корвель. Анастасія Тапуць – у адпачынку па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў, а былая настаўніца Галіна Свірская ўжо на пенсіі. Побач з дарослымі і дзеці, якія даволі ўпэўнена трымаюцца на сцэне.
Лылойцінскі сельскі клуб – культурна-забаўляльны цэнтр, які збірае пад сваім дахам людзей, улюбёных у сваю малую радзіму і неабыякавых да культурнай спадчыны продкаў. Апантаная гаспадыня “цэнтра” Наталля Тапуць са сваімі аднадумцамі-валанцёрамі праводзіць розныя мерапрыемствы для вяскоўцаў і гасцей Лылойцяў. Іх ведаюць жыхары і іншых вёсак Смаргоншчыны, дзе самадзейныя артысты выступаюць з канцэртамі, а таксама пастаяльцы філіяла “Цёплы дом”, дзе пад адным дахам жывуць адзінокія людзі.
У клубе працуе гурток сольных спеваў, штомесяц збіраюцца ўдзельнікі аматарскіх аб’яднанняў “Суседзі” (дарослыя) і “Дамавёнак” (дзеці).
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.