Прыязджайце, добрыя людзі, у Беларусь!

 

Прыязджайце, добрыя людзі, у Беларусь!

Общество
14.12.2022
603

У сённяшні час, калі ў свеце так шмат міжнацыянальных супярэчнасцей, канфліктаў і нават войнаў, беларуская гасціннасць застаецца спакойным і гарманічным астраўком міралюбівасці ў свеце, важным інструментам у справе пагаднення і дружалюбнасці людзей розных нацый. Не сакрэт, што сэрцы добрых і неабыякавых людзей з такой вялікай і адначасова такой безабаронна-маленькай планеты Зямля не могуць не аб’ядноўвацца, станавіцца высакародна-сумленным адзінствам. У нашу шчодрую Беларусь хочуць, нягледзячы ні на што, прыязджаць многія турысты, госці. Наша айчыннае не толькі ў эканамічнай, але і ў духоўнай прасторы цалкам адпавядае спрадвечнай і такой сардэчнай, лагодна-ласкавай формуле народа “Калі ласка!”

Цікава, што нашы продкі нават неспа­дзяванага госця лічылі самым дарагім і чаканым, называючы яго пасланнікам Бога. Разважалі, што на небе рашуча асудзяць таго, хто зачыніць зямныя дзверы перад чалавекам, асабліва перад вандроўнікам, які трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. І сёння мы бачым, як Беларусь комплексна і ўсебакова аказвае сусветным бежан­цам розныя віды дапамогі. У той час, калі іншыя краіны, наадварот, працяг­ваюць будаваць агароджы варожасці і сцены лютасці, калі гінуць не толькі людзі, але і звяры, не разумеючы, чаму іх запаветная сцяжынка перакрыта дротам…

Беларускія гаспадыні на стол для гасцей традыцыйна ставілі ўсё самае смачнае. І ў нетаропкай размове імкнуліся праявіць сваю прыродную ветлівасць і добра­зычлівасць, прымаць гасцей з адкрытымі абдымкамі. У розных кутках Беларусі існавалі свае завядзёнкі гасцявання, народнага этыкету, але яны былі агульнымі ў праявах ветлівасці і добразычлівасці. Каб гасцям было мякка спаць, падлогу засцілалі кулямі саломы, якія зверху накрывалі посцілкамі і рагожкамі: нават у самай беднай хаце імкнуліся зрабіць начлег вандроўнікаў прыстойным і ўтульным.

Векавая беларуская мудрасць вучыць, што шчодрая гасціннасць – гэта і надзейны, добры ўрок на будучае: скрупулёзна і дэталёва выпрацоўвалася ўпэўненасць, што калі і нам давядзецца пабываць у іншай краіне, то і з намі абыдуцца не горш. Існуе нават шмат павер’яў: калі пеўнік праспявае на варотах ці веснічках, то трэба чакаць госця. Па накірунку пеўнікавай галоўкі можна нават вызначыць, з якой старонкі госць. Сабака брэша – госці ўжо на парозе. Стракатанне сарокі, павук, што спускаецца па павуцінні ў хаце, – таксама да гасцей! Нашы продкі вучылі пакідаць у незачыненай хаце хлеб-соль, мёд для гасцей, даваць прытулак падарожным, слухаць іх расповеды, як герой Яна Баршчэўскага, і расказваць свае гісторыі, знаёміць з нашай шчодрай і гасціннай ­ Беларуссю.

За многія стагоддзі беларусаў ведаюць у свеце як добрых працаўнікоў, адказных і сумленных, як мужны народ, які прыняў на сябе першы агонь Вялікай ­Айчыннай, як краіну шчырых і дбайных гаспадароў, якія заўсёды рады гасцям, гатовы пачаставаць як новым ураджаем, так і старымі прыпасамі-прысмакамі. Сёння ў нас  рэалізуецца мноства турыстычных праектаў. Тэлебачанне Беларусі, беларускія сайты і газеты часта паказваюць і апісваюць турыстычныя маршруты іншаземцам, якія затым прыязджаюць да нас і адкрываюць для сябе прыгожую, гасцінную, ветлівую Бацькаўшчыну. Нашы госці едуць  адпачываць на Браслаўскія азёры і Нарач, захапляюцца веліччу архітэктуры Мірскага і Нясвіжскага замкаў, прыгажосцю Камянецкай вежы, Каложскай і Спаса-Еўфрасіннеўскай цэркваў – сведкаў нашай нацыянальнай гісторыі. Едуць катацца на лыжах у Сілічы і Раўбічы. Вельмі добра, што ў інтэрнэце сёння можна пазнаёміцца з архітэктурнымі і культурнымі помнікамі Беларусі, дарогамі, гатэлямі, кухняй.  Пра саму ж гасціннасць беларусаў усе ве­даюць і без мiжнароднай сеткi – працуе сарафаннае радыё. Таму рознымі гасцінцамі ды са сваімі гасцінцамі да нас спяшаюцца турысты з замежных краін. Канешне, ад таго, як мы прымаем гасцей, залежыць наш імідж і аўтарытэт у свеце.

І так хочацца, каб наша сінявокая краiна працягвала заставацца самай гасціннай краінай, каб ва ўсіх нашых дамах і кватэрах станавілася больш званых гасцей, каб ­больш гасцей запрашалася на разнастайныя  ўрачыстасці, сямейныя ды вытворчыя. У Беларусі можна не толькі ўбачыць, але і самому прыняць удзел у старадаўніх народных абрадах і забавах, якія ў розныя часіны года праходзяць у гарадах, пасёлках і вёсках, этнаграфічных і краязнаўчых музеях.

Адметна, што літаральна ў любы час абсалютна ва ўсіх куточках Беларусі праходзяць цікавыя фестывалі і святы. Нацыянальны духоўны каляндар змястоўны і насычаны. І  гэта не проста фестывалі, гэта знакі-сведчанні нашай дружбы, нашай сілы, нашага яднання з іншымі народамі, адзінства прадстаўнікоў розных пакаленняў  саміх беларусаў. Гэта і знакамітыя музычныя і тэатральныя форумы, фестывалі народнай культуры, старажытных рамёстваў і нацыянальнай кухні, велікасвецкія балі, рыцарскія турніры і рэканструкцыі эпохі Сярэднявечча, незвычайныя экалагічныя святы…

Лічу, што культуралагічныя вандроўкі спрыяюць  яднанню народаў, яднанню душ і сэрцаў. Многія замежныя госці ­спецыяльна прыязджаюць у Беларусь, каб наведаць непаўторныя культуралагічныя мерапрыемствы.

Што ж больш за ўсё захапляе гасцей у нас? Айчынная гасціннасць.

Прыязджайце ў Беларусь! І я ўпэўнены: зоркі беларускай  дабрыні і неабыякавасці будуць вам яшчэ больш ярка свяціць і нават палымяна ззяць!

Канстанцін КАРНЯЛЮК.