Сольскае перамір’е – у развіцці падзей Першай сусветнай вайны
Руская армія, выматаная вайной і вялікімі стратамі, не жадала ваяваць. Не былі вырашаны пытанні забеспячэння харчаваннем, абмундзіраваннем і правіянтам. Пасля Крэўскай аперацыі ў ліпені 1917 года актыўных баявых дзеянняў на Заходнім фронце больш не было. У рускіх акопах праходзілі мітынгі. Пачаліся братанні з германцамі. Супрацьстаяць маральнаму знішчэнню арміі было ўжо немагчыма. Становішча на Заходнім фронце было такое, што салдаты на сходах не хацелі слухаць нават бальшавіцкіх выступоўцаў, калі тыя закраналі якія-небудзь палітычныя пытанні. Іх цікавіла толькі адно: калі будзе заключаны мір, калі яны змогуць вярнуцца дадому.
Прыезд рускай дэлегацыі ў мястэчка Солы, лістапад 1917 г.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўлада перайшла Саветам. Хутка быў прыняты Дэкрэт аб міры, у якім прапаноўвалася: “Всем воюющим народам и их правительствам начать немедленно переговоры о справедливом, демократическом мире без аннексий и контрибуций”.
З успамінаў Вацлава Солскага, сябра Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта: “Неадкладна пасля прызначэння прапаршчыка Крыленка вярхоўным галоўнакамандуючым Савет Народных Камісараў стаў пасылаць па радыё заклікі пачаць перамовы з германцамі на асобных участках фронту. Такога роду тэлеграмы былі атрыманы ў войсках. Мне пра іх распавялі ваенныя лекары Ціхменеў і Пятроў, і яны тут жа выказалі жаданне адправіцца ў якасці дэлегатаў для заключэння перамір'я. У Мінску аказалася, што Ваенна-рэвалюцыйны камітэт ужо заняты падрыхтоўкай для адпраўкі першай дэлегацыі для перамоў аб заключэнні перамір'я на Заходнім фронце. Кандыдатуры ваенных лекараў былі тут жа зацверджаны. Але трэба было адшукаць яшчэ іншых салдат і афіцэраў, якія па магчымасці валодалі нямецкай мовай.
Мне ўспомнілася, што я сустракаў у Мінску Лорэнца, салдата мясцовага гарнізона, якога добра ведаў. Раней ёе вучыўся ў нямецкай гімназіі і выдатна валодаў нямецкай мовай. Я адшукаў яго, і ён адразу ж пагадзіўся ўвайсці ў склад дэлегацыі. Фактычным кіраўніком гэтай дэлегацыі зрабіўся Станіслаў Берсан, які таксама валодаў нямецкай мовай. Дэлегацыя адправілася на фронт з Мінска ў бок Смаргоні ў другой палове лістапада 1917 года. Берсан потым мне распавядаў, што немцам былі адпраўленыя адпаведныя тэлеграмы па радыё, якія апавяшчалі аб выездзе дэлегацыі і аб месцы, дзе яна пройдзе лінію фронту. Нямецкае камандаванне пакінула, аднак, гэтыя тэлеграмы без адказу, і калі дэлегацыя з белым сцягам выйшла з акопаў, то немцы ўсіх удзельнікаў арыштавалі, а пазней прывезлі дэлегатаў на аўтамабілях у штаб камандуючага Заходнім фронтам, нямецкага генерала фон Зауберцвейга, які знаходзіўся щ мястэчку Солы. Генерал, нягледзячы на тое, што дэлегаты гаварылі па-нямецку, размаўляў з імі праз перакладчыкаў, якія ведалі рускую мову дрэнна і да таго ж малапісьменных.
Гэта прывяло да канфлікту на першым жа пасяджэнні. Берсан і Лорэнц сказалі генералу, што яны добра размаўляць па-нямецку і звярнулі яго ўвагу на недакладнасці перакладу. Генерал фон Зауберцвейг чамусьці пакрыўдзіўся і заявіў, што перамовы будуць весціся праз перакладчыкаў, калі ж рускім дэлегатам гэта не падабаецца, то яны могуць адправіцца назад туды, адкуль прыехалі. Вёў ён сябе ўвогуле надзвычай груба, дэлегатаў трымалі пад замком у адведзенай для іх часткі нейкага будынка і прыводзілі адтуль на пасяджэння пад канвоем. Ужо пасля заканчэння перамоў прадстаўнікі германскага камандавання загаварылі з рускімі дэлегатамі па-нямецку, без перакладчыкаў. Генерал фон Зауберцвейг сказаў, што Лорэнц і Берсан ведаюць нямецкую мову лепш, чым многія з іх і што перамовы павінны былі весціся праз перакладчыкаў “па прынцыповых меркаваннях”. Старшынёй рускай дэлегацыі быў прызначаны салдат Сцяпан Шчукін. Усяго ў перамовах прынялі ўдзел 36 чалавек, па роўнай колькасці з абодвух бакоў.
Паседжанне дэлегацыі на заключэнні перамір'я ў м. Солы, 21лістапада 1917 г.
Пасля заканчэння перамоваў для рускіх дэлегатаў была падрыхтавана вячэра разам з нямецкімі афіцэрамі, ад якой яны адмовіліся, таму што сярод запрошаных не было нямецкіх салдатаў.
Такім чынам, Дагавор аб часовым перамір'і па ўсім Заходнім фронце быў падпісаны 4 снежня 1917 года ў мястэчку Солы , у будынку недалёка ад сённяшняй чыгуначнай станцыі Солы. На жаль, цяпер гэты будынак не захаваўся. Па ўступленні дагавора ў сілу з 12 гадзін 6 снежня 1917 года да 12 гадзін 6 лютага 1918 года на лініі фронту ад мястэчка Відзы да ракі Прыпяці неадкладна спыняліся ўсе баявыя дзеянні. Германскі і расійскі бок абавязаліся не праводзіць ніякіх падрыхтоўчых да наступу работ, буйных перасоўванняў войскаў з аднаго фронту на другі.
Гэтай падзеі чакалі з вялікай надзеяй салдаты – ахвяры вайны, якіх яна ператварыла ў дэзерціраў, свавольнікаў і анархістаў. Але за плячамі якіх былі гонар, мужнасць і гераізм.
Вольга САМАРКІНА,
навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея.