Свята для душы прайшло ў гімназіі
Вучні 7 В класа спяваюць беларускую народную песню.
Мерапрыемствы пачаліся традыцыйнай акцыяй “Размаўляй са мной па-беларуску”, якую падтрымалі вучні ўсіх узростаў і настаўнікі, з задавальненнем атрымліваючы эмблему акцыі з рук дзесяцікласнікаў.
Цікава, пазнавальна і з запалам прайшлі конкурсныя праграмы, завочныя падарожжы, віктарыны, турніры, квэсты, музычна-літаратурныя кампазіцыі і экскурсіі, прысвечаныя беларускай мове, літаратуры і культуры, вуснай народнай творчасці, якія былі падрыхтаваны настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. Вучні сярэдняга звяна і старшакласнікі стваралі інтэрактыўныя воблакі слоў, прысвечаныя роднай мове, удзельнічалі ў анлайн-чэленджы “Мова краіны маёй”, у конкурсе творчых пісьмовых работ на тэму “За што я люблю родную зямлю”. Маленькія гімназісты таксама не засталіся ў баку. Яны падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі “Пажаданні роднай мове”, а таксама прынялі ўдзел у флаер-фэсце “Мой родны кут, як ты мне мілы…”.
Не абышлося і без прыемных сюрпрызаў. Вучні 8 В класа разам з настаўніцай Ліліяй Букліс падрыхтавалі незвычайныя падарункі – закладкі для кніг, на якіх былі змешчаны партрэты вядомых беларускіх пісьменнікаў і іх несмяротныя словы.
Цікава і займальна прайшла акцыя “Адчуй смак роднай мовы”, якая стала ўжо традыцыйнай для гэтага свята. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дзіна Каліта разам са сваімі вучнямі на перапынку частавала ўсіх незвычайнымі цукеркамі. На кожнай цукерцы былі прымацаваны паперкі са словам на беларускай і рускай мовах. Хлопцы і дзяўчаты, настаўнікі і работнікі гімназіі “каштавалі” не толькі цукеркі, але і сакавітыя словы роднай мовы. Салодкі быў смак кожнага слова!
Незвычайным адкрыццём стаў песенны марафон “Мова родная – мова модная!”. Цэлая кагорта гімназістаў (былі і настаўнікі!) раскрыла свае вакальныя здольнасці падчас выканання беларускіх песень. Марафон доўжыўся на працягу трох вялікіх перапынкаў, каб задаволіць жаданне ўсіх, хто хацеў паспяваць беларускія песні. Асаблівай папулярнасцю карысталіся такія вядомыя народныя песні, як “Касіў Ясь канюшыну”, “Ох, і сеяла Ульяніца лянок!”, “Цячэ вада ў ярок” і іншыя.
Вучні 8 Б правялі акцыю “Адчуй смак роднай мовы”.
Родная мова збірала разам вучняў, настаўнікаў і гасцей гімназіі, як ласкавая матуля, дорачы прыемныя хвіліны паяднання. А лагоднае восеньскае надвор’е панавала на працягу тыдня не толькі за вокнамі гімназіі, але і ў яе калідорах, класах і актавай зале.
Людміла Радзіён, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Гімназія г. Смаргоні”.