Канстанцін Дземідовіч: “Мы вяртаемся з горада – усё будзе класна!”

 

Канстанцін Дземідовіч: “Мы вяртаемся з горада – усё будзе класна!”

Общество
17.08.2022
2557
На падворку хаты мяне сустрэў імпазантны мужчына з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. І так ён арганічна ўпісаўся ў наваколле. Дом, двор, бытавыя пабудовы – паўсюль панавала атмасфера стогадовай даўніны.
Канстанціна Дземідовіча я ведала як рэканструктара ваенна-гістарычных падзей.  Сустракала ў Крэве на рыцарскім фэсце, на балях у Залессі ён быў у вобразе ўлана, падчас рэканструкцыі баёў Першай сусветнай вайны апранаў строй ваяра германскай арміі.
Але ж я ехала не на фэст, а туды, дзе Канстанцін адраджае стары крэўскі дом, які купіў гэтай вясной, і, прызнацца, не спадзявалася, што мой суразмоўца будзе ў поўным “абмундзіраванні”.

IMG_7705.JPG

IMG_7639.JPG

Хата з багатай гісторыяй

Я ведала Канстанціна як цудоўнага расказчыка і прыроджанага артыста, але ўбачыўшы яго працавітыя рукі, зразумела, што ён умее не толькі прыгожа “расцякацца алеем па дрэве”. Сваімі рукамі ён стварае ў Крэве аграсядзібу.

- Практычна ўсю работу тут выконваю сам. Я ж па афіцыйных дакументах рамеснік. Працую з дрэвам, металам, скурай… Хлопец вясковы, работы не цураюся. 

- Кожны раз калі Вас бачу, думаю, што па Вам плача кінематограф…

- Я ўжо здымаўся ў фільмах “Снайпер”, “Тунгус”, “Немец”, “Сляды апосталаў 2” і ў іншых мастацкіх і дакументальных. Але ж тое, чым я займаюся, таксама патрабуе артыстызму, - зазначае мой суразмоўца і пачынае расказваць пра свой новы кірунак дзейнасці. – Мы з жонкай, жывучы ў Мінску, марылі пра “домик в деревне”.  Прычым свой выбар спынілі на Крэве. Шукалі розныя варыянты да таго часу, пакуль аднойчы жонка, агледзеўшы сваім архітэктурным вокам (яна па адукацыі архітэктар) крэўскія пабудовы, не звярнула ўвагі на нашу цяперашнюю хату. Тут доўгі час ніхто не жыў, двор апанавала расліннасць… Мы знайшлі гаспадароў і прапанавалі ім прадаць дом.

Пра помнікі дрэвагліннай архітэктуры, якіх у раёне адзінкі (ёсць у Солах, Крэве, Снігянах), я чытала ў артыкулах смаргонскага краязнаўцы Уладзіміра Прыхача. Адзін з іх і прыдбала сям’я Дземідовічаў.

IMG_7650.JPG

Пакуль Дземідовічы не плануюць тут жыць (у суседніх Ярмаках ім засталася дзедава хата). Ствараюць аграсядзібу-музей.

Канстанцін упэўнены, што гэта самы лепшы дом, які толькі можна было купіць у Крэве. Ён з багатай гісторыяй. Пабудаваны ў 1926 годзе з гліны і галінак. Гаспадар нават вугал не заштукоўваў, каб госці бачылі “начынне” хаты. Яна мае два ўваходы, адзін з іх адразу з вуліцы, з дарогі.

IMG_7600.JPG

“Склеп пад хатай значна старэйшы за хату, - сцвярджае Канстанцін. - У 1915 годзе, калі царская армія адступала, людзі сыходзілі ў эвакуацыю, казакі спалілі Крэва, каб яно не засталося германцам. Калі я вычышчаў склеп, выявіў сляды пажарышча. Шмат вуголля, газніцу пашкоджаную і жаночыя каралі. Магчыма, гэта рэшткі пажару 1915 года. Хата проста абвалілася, а праз гадоў дзесяць на яе фундаменце сталі ўзводзіць новую”.  

Хата паціху ператвараецца ў музей з экспанатамі, знойдзенымі ў Крэве і яго ваколіцах, прывезенымі з іншых куткоў Смаргоншчыны.

IMG_7558.JPG

IMG_7647.JPG

“Раней я марыў: калі ў мяне з’явіцца хата, то двор будзе брукаваны. “Цяпер трэба на Крэва камяні цягаць”, -  падумаў, калі дом купіў. Але аказалася, што пад расліннасцю – брук. Уручную зняў дзесяцісантыметровы слой зямлі – і мая мара  дзяцінства збылася: у мяне ёсць брук, магчыма, старэйшы за хату. А цяпер уявіце: мы стаім на асфальце, заходзім у двор і ідзём па бруку – дарозе часу, а перад намі  - Крэўскі замак. З сучаснасці, з асфальту мы пераносімся ў гісторыю…”.

Побач з домам гаспадар плануе зрабіць майстэрню (ажыўляе старую пабудову), абавязкова – кузню. Хутка ўзвядзе альтанку, дзе госці змогуць прысесці за стол, адпачыць, папіць гарбаты, паспрабаваць мясцовыя стравы (цэпеліны, мачанку з блінамі, прыгатаванымі ў печы). “Дзе цяпер вы можаце паспрабаваць гэтыя стравы? Тут будзе “парафія” жонкі. Яна так смачна гатуе!” – кажа Канстанцін, і я разумею, што, мусіць, першай запішуся ў гэты “рэстаран”.

Музей пад адкрытым небам

Потым мы пераходзім, бадай, да самага важнага – дваровай экспазіцыі. “Мяне ці не з дзяцінства цікавіць ваенная гісторыя. Перадалося гэта захапленне ад мамы. З маленства яна чытала казкі мне і гістарычныя раманы. Таму нядзіва, што на сядзібе я прадстаўляю тры ваенныя эпохі Крэва: першая з іх – ХІІІ стагоддзе, часы Даўмонта Нальшанскага. Экспануюцца даспехі і вопратка. Згодна са сцвярджэннямі гісторыкаў, тут было княства Нальшанскае, а Крэва – яго сталіца. Я, як крэўскі хлопец, веру ў гэту гісторыю.

Другая экспазіцыя прысвечана Грундвальскай бітве – 1410 год. Калі Крэўская харугва пад кіраўніцтвам Яна Гаштольда ўдзельнічала ў Грундвальскай бітве, стаяла ў цэнтры войскаў Вялікага Княства Літоўскага, побач з нашымі суседзямі – Ашмянскай харугвай. Усе ведаюць, як крута сябе праявілі нашы продкі ў Грунвальдскай бітве!

Даспехі на гэту тэму ў нас таксама ёсць. У музеях шмат дзе можна паглядзець на цікавосткі праз шкло, зрабіць фотаздымак і ісці далей. А тут можна апрануць даспехі, зрабіць сэлфі на фоне Крэўскага замка. Можна пастраляць з лука, пакідаць сякеру, пагуляць у групавую гульню “сарві шапку”, пафехтаваць (але не жалезнымі мячамі, а гуманізаванымі цымбарамі).

IMG_7568.JPG

IMG_7578.JPG

IMG_7589.JPG

IMG_7562.JPG

IMG_7592.JPG

Трэцяя экспазіцыя напоўнена экспанатамі Першай сусветнай вайны. “Праз двор, дзе мы знаходзімся, праходзілі акопы першай лініі германскіх войскаў 379 ландвернага палка, які ішоў аж да замка. Полк стаяў у Крэўскім замку. Дарэчы, сам займаюся дзесяць гадоў рэканструкцыяй менавіта гэтага палка.

Я суаднёс фотаздымкі – сучасны, зроблены з космасу, і тагачасны, 1915 – 1918 гадоў, наклаў іх адзін на другі і цяпер магу сцвярджаць: акоп тут быў. У прынцыпе, ён захаваўся: частку я расчысціў ад смецця – магу паказаць. У акопе пастаўлю драўляны кулямёт. Прыкладна з гэтага месца зроблены і два вядомыя фотаздымкі 1916 года, дзе германцы сфатаграфаваліся ў акопах на фоне замка.

IMG_7580.JPG

На экспазіцыі – манекены ў германскім абмундзіраванні. Ёсць таксама копія летняй формы: яе я “скапіраваў” (пашыў) з той, у якой мой прадзед з Крэва ваяваў у 9 сапёрным палку. І зімовая амуніцыя пехацінца царскай арміі. Усю форму я пашыў сам.

IMG_7598.JPG

IMG_7574.JPG

Прыцягнуў на ўчастак гофру Першай сусветнай, якую германцы прывозілі сюды, на лінію фронту, і з дапамогай яе будавалі бліндажы: ці залівалі бетонам, ці зверху закладвалі бярвеннем.

І пра іншыя экспанаты Канстанцін можа расказваць бясконца: “Рыдлёўку знайшоў швагер у Нарачанскім возеры. Як вядома, у сакавіку 1916 года было вялікае наступленне рускай арміі праз пакрытую лёдам Нарач, дзе шмат загінула (замерзла) людзей. Салдаты і іх рыштунак апусціліся на дно возера. Колькі там усяго цяпер, невядома, а рыдлёўка трапіла да мяне ў калекцыю.

Ліхтарык да нас у “лагер” прынесла бабуля, калі мы здымаліся ў фільме пад Смаргонню. Паказала нам – і я адразу зразумеў, што бачыў такія на фотаздымках Першай сусветнай вайны. А пляжка дасталася ад прадзеда жонкі, на ёй нават клеймы засталіся”.

І так пра кожны экспанат.

“Хата майго дзеда знаходзіцца недалёка ад Крэва – у вёсцы Ярмакі. Яна стаіць роўненька на палявым лагеры царскай арміі. Адтуль салдаты з вінтоўкамі, са штыкамі ішлі да лініі фронту, у Крэва, да Юравай гары. Магчыма, у будучы мы зробім для турыстаў такі гістарычны маршрут, каб яны самі прайшлі па ім і адчулі сябе ваярамі”, - амаль у кожным слове майго суразмоўцы адчуваецца подых рэканструктара.

Потым Канстанцін пераходзіць да аповеду пра бліндажы. На адным з іх стаіць хата суседа, на ўчастку другога гаспадара – ажно тры доты. Для аматараў ваеннай гісторыі Крэва – сапраўды скарбніца інфармацыі. Як і для тых, хто вывучае гісторыю татар на беларускіх землях. “Далёка хадзіць не трэба. Мая суседка - Лейла Бікіраўна Мусіч, 1941 года нараджэння, - сапраўдная татарка. Мы прывыклі, што ў нас на покуце вісіць абраз, а ў яе – выпіска з Карана і фотаздымак мячэці. Я збіраю матэрыял пра мясцовых татар. Тут – у Крэве, Ластаях, Ардашах – такія выбітныя татары жылі. Назаву толькі адно імя: адсюль Мустафа Мурза Ахматовіч - першы камандзір эскадрона літоўскіх татар Імператарскай гвардыі, - мой суразмоўца робіць невялікую тэатральную паўзу і прамаўляе: - У свой час я шмат паездзіў на розныя фестывалі, нават за мяжой бываў. Паглядзеў на замкі, пазнаёміўся з гісторыяй. І задумаўся: “Чаму ў Нясвіжы, у Любчанскім замку ці ў Наваградку, у Мінску, каля Ратушы, у Мсціслаўі ці ў Полацку – так шмат робіцца, каб гістарычныя месцы сталі вядомымі і цікавымі для турыстаў. Чаму гэтага не зрабіць у нас? Каб мясцовыя прыйшлі і паслухалі. І турысты прыехалі, калі едуць у Кракаў ці Вільню.

Цяпер я ў захапленні, як замак аднаўляецца, як сталі прыязджаць экскурсіі. Калектыў у музеі цудоўны, прыкладае немалыя намаганні, каб у нас была свая старонка гісторыі, якую мы можам паказваць гасцям.

Крэўскае гарадзішча… Колькі там археолагі апошнім часам знайшлі цікавага. Неўзабаве яны падзеляцца з намі сваімі ведамі.

Дзеля таго, каб выклякаць інтарэс да Крэва, каб паказаць нашу крэўскую культуру, мець дачыненне да гэтага, я і вырашыў адкрыць аграсядзібу “Зорка Крэва”. У Беларусі – шмат мясцін прапіяраных. Але, трэба прызнаць, турыст заўсёды шукае нечага новага. То давайце дадзім яму новае. У нас яно ёсць”.

Штрыхі да партрэта героя

Хочацца яшчэ дадаць колькі штрышкоў да партрэта майго героя. Канстанціну – 38 гадоў. Нарадзіўся ў Ракаўцах. Потым сям’я перехала ў Жодзішкі, школу ён скончыў у Солах, цяпер прапісаны ў Крэве. Называе сябе дзіцем Смаргонскага раёна.

Скончыў Ашмянскі тэхнікум, потым Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Дыпламаваны бухгалтар, але па спецыяльнасці ніколі не працаваў. Пасля тэрміновай службы ў арміі быў на “кантракце”. Пэўны час жыў у Мінску, але ў сталіцы не прыжыўся.  

IMG_7689.JPG

“На вёсцы вольна дыхаецца. Што вялікі горад? Кватэры – гэта шпакоўні. Выходзіш на балкон – удыхнуў паветра, як той шпачок, і назад вярнуўся, -  разважае мой субяседнік. - Горад стамляе. А я гляджу на бацьку – і разумею, што вось так павінны жыць людзі. Тату – ўжо за 70, ён трымае гаспадарку... 

Вясной быў выпадак. Прыехаў да бацькі, прапанаваў яму дровы папілаваць. Пакуль я  пілу “завадзіў”, бацька велізарнае бервяно на плячы прынёс. Калі ўбачыў гэту “карціну” ўнук, здзівіўся: “Дзеда, ты, як Шварцнегер з “Камандас”! Гэта вёска. Тут такія людзі жывуць.

 І тады я падумаў: “Дай Бог, каб у 70 з гакам я таксама такім быў…”.

У нашых недалёкіх планах – з сям’ёй перабрацца ў вёску. Увогуле сярод маіх сяброў шмат народу мае жаданне пераехаць у сельскую мясцовасць. Мне здаецца, наеліся людзі гэтых гарадоў, гэтых бетонных джунгляў. У Крэве ёсць некалькі чалавек, якія за апошнія гады амаль поўнасцю сюды перабраліся”.

Напрыканцы нашай размовы Канстанцін прыпомніў такі аповед старых людзей: “Кажуць, калі збіраліся дзядулі, то вельмі любілі рабіць прадказанні. Адно з іх: як усе будуць у горад ляцець, так і назад вяртацца. Але ці будзе куды? Ці хопіць усім гарадскім месца?

І сапраўды. Колькі цяпер хат руйнуецца, колькі зносіцца, недагледжаныя – развальваюцца. Бывае, аж сляза наварочваецца на вока, калі бачыш, як вёскі, асабліва малыя, у заняпад прыходзяць. Але не поўнасцю. Мы вяртаемся з горада – і ўсё будзе класна!”.

IMG_7645.JPG

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара.