Новыя знаходкі археолагаў у Крэўскім замку

 

Новыя знаходкі археолагаў у Крэўскім замку

Общество
27.07.2022
1636
На Крэўскім замку, апрача рэстаўратараў, актыўна працуюць археолагі. Старажытны помнік архітэктуры прадаўжае здзіўляць знаходкамі. Нядаўна тут было знойдзена балістычнае ядро.

1.jpg

- Звонку паўднёвай сцяны мы знайшлі ядро (апрацаваны камень) дыяметрам 30 сантыметраў. Падобныя ядры ўжо знаходзілі на тэрыторыі Крэўскага замка ў 1985 годзе падчас яго даследавання экспедыцыяй Міхася Ткачова і Алега Трусава. Калі ў 1433 годзе князь Свідрыгайла штурмаваў замак, яго войскамі выкарыстоўваліся для абстрэлу балісты - зброя для кідання сферычных каменных снарадаў. Знойдзенае ядро сведчыць аб тым, што штурм замка адбываўся не толькі з боку галоўнай брамы і Княскай вежы, але і супрацьлеглай сцяны, - расказаў вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

Археалагічныя раскопкі ў сёлетнім сезоне вядуцца каля паўднёвай сцяны замка і ў Малой вежы, дзе падчас Першай сусветнай вайны знаходзіўся нямецкі бункер. Пасля рэстаўрацыі плануецца зрабіць у гэтай вежы экспазіцыю, прысвечаную Першай сусветнай вайне. 

- Прыблізна насупраць галоўнай брамы размяшчалася малая. Важнай задачай было вызначыцца з месцам яе знаходжання і выглядам. Па выніках даследавання мы робім выснову, што другі нямецкі бункер быў прыбудаваны да аркі малой брамы. У яе праёме была зроблена агнявая пазіцыя. Паколькі сама брама знаходзілася высока, да яе вялі драўляныя масткі. Мы можам цяпер прапаноўваць праектантам як захаваць сам бункер, так і аднавіць арку, - зазначыў Алег Іванавіч.

Дарэчы, у Малой вежы археолагамі раней былі знойдзены старажытныя прыступкі, а таксама самаробны жэтон кулямётчыка 3-га ландвернага палка, які ваяваў тут у гады Першай сусветнай вайны. Знаходка апошняга тыдня – падмурак незразумелай канструкцыі ўздоўж сцяны замка са знешняга боку. Па словах навукоўцы, магчыма, гэта выбрукоўка для мосціка да малой брамы, які ішоў паралельна сцяне.

- Археалагічных знаходак даволі багата, але сезон яшчэ не скончаны, даследаванні працягваюцца, - рэзюміраваў Алег Дзярновіч.

Аксана ГЕЙБОВІЧ.

Фота з архіва Алега ДЗЯРНОВІЧА.