Абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” адбудзецца ў Смаргоні

 

Абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” адбудзецца ў Смаргоні

Общество
13.07.2022
1816
У культурным жыцці Гродзеншчыны 6 жніўня адбудзецца вельмі слынная падзея – V абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Ён праходзіць з 2013 года з перыядычнасцю раз у два гады ў розных раёнах нашай вобласці. На гэты раз месцам правядзення абраны горад Смаргонь.

IMG_5470.JPG

Падрабязна аб фестывалі расказала адна з яго арганізатараў - загадчык аддзела традыцыйнай мастацкай культуры ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Яніна Барысевіч.

- Фестываль вядомы на ўсю рэспубліку. Да нас з задавальненнем прыязджаюць госці з іншых абласцей дзеля таго, каб паглядзець праявы традыцыйнай культуры Гродзеншчыны, дзякуючы якім мы адметныя сярод іншых абласцей. У свой час менавіта на Гродзеншчыне існавалі ўсе рамесныя тэхнікі ткацтва. Сёння адроджаны і бытуюць такія выбітныя тэхнікі, як белаўзорыстае ткацтва Панямоння, падвойнае ткацтва аг. Гудзевічы Мастоўскага раёна. Мы адрозніваемся ад іншых рэгіёнаў нашай краіны саломапляценнем, таму што яно ў нас мастацкае, дэкаратыўнае. У гэтым годзе Мастоўскі цэнтр рамёстваў прадставіць жгутовае пляценне з травы, якую збіраюць на берагах азер і рэк, пэўным чынам апрацоўваюць і затым ствараюць унікальныя рэчы, - зазначыла Яніна Анатольеўна.

Традыцыйна кожны раён Гродзеншчыны рыхтуе падворак, на якім прадстаўляе сваю адметную культуру: рамёствы, народныя строі, выканальніцкае майстэрства, мясцовы фальклор і традыцыйныя стравы.

- Калі казаць аб адметнасцях сёлетняга фестывалю, то неабходна адзначыць, што не будзе галоўнай сцэны. Усё будзе адбывацца на падворках, таму што традыцыйную культуру падзяліць на асобныя элементы не прадстаўляецца магчымым. На свята запрошаны фальклорны гурт з Гомеля “Ягорава гара” і арт-гурт “Багач” з Мінска. Мы ўспомнім такую важную дату, як 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, - падзялілася планамі Яніна Барысевіч. - Адбудзецца канцэрт лепшых народных калектываў “Люблю цябе, мой бераг родны…”, а таксама выступяць пераможцы абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Вельмі шырока на фестывалі будуць прадстаўлены стравы з таркаванай бульбы. У гэтым годзе ім быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Менавіта Гродзеншчына выступіла ініцыятарам. На радзе пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь не толькі дзяліліся рэцэптамі, але і частавалі сяброў рады гродзенскімі дранікамі.

Сімвалам фестывалю з’яўляецца пояс як повязь часу, абярэг, сімвал жыцця. Раён, у якім праводзіўся фестываль, перадае пояс новаму гаспадару, якому прадастаўлена ганаровае права прымаць фестываль. І ён на працягу года рыхтуе свой пояс.

- На адкрыцці мерапрыемства адбудзецца рытуал перадачы пояса са Свіслацкага раёна на Смаргоншчыну. Месца правядення фестывалю выбіраецца не выпадкова. Звычайна гэта рэгіён, дзе зроблены захады па захаванні і даследаванні традыцыйнай культуры. У канцы мінулага года “Смаргонскія найгрышы” атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта цікавы і даволі складаны элемент для пераемнасці. Тым не менш Смаргоншчына  здолела гэта зрабіць і будзе працягваць працу і далей. Наша задача заключаецца ў тым, каб не толькі паказаць традыцыйную культуру  раёна, але і ўславіць мясціну, дзе праходзіць мерапрыемства. Спадзяёмся, што Смаргонь заявіць аб сабе і пакажа сваю адметную багатую культуру, - рэзюміравала арганізатар фестывалю.

Арганізатары мерапрыемства ўпэўнены, што яно будзе цікавым не толькі для беларусаў, але і для жыхароў краін блізкага замежжа. Да канца года грамадзяне Літвы, Латвіі і Польшчы маюць права на безвізавы ўезд у нашу рэспубліку. Таму ў іх ёсць магчымасць наведаць фестываль і пазнаёміцца з самабытнай культурай Гродзеншчыны.

Аксана ГЕЙБОВІЧ.

Фота аўтара.