Сям‘я там, дзе жыве каханне

 

Сям‘я там, дзе жыве каханне

Общество
15.05.2022
3158
Аксана і Віталь Мацкевічы сёлета адзначылі 15-годдзе сумеснага жыцця. У народзе прынята лічыць гэту дату крыштальным вяселлем. Крышталь сімвалізуе чысціню сямейных адносін і пяшчоту пачуццяў, якія муж і жонка беражліва захоўваюць на працягу 15 гадоў сумеснага жыцця.

1.png

Гісторыя іх знаёмства – справа некалькіх год. Аксана прыгадвае, як упершыню ўбачыла яго на танцах. Віталь ей адразу прыглянуўся, але сяброўка папярэдзіла: “Ён заняты.” Праз некалькі год яны ізноў сустрэліся. На гэты раз Віталь звярнуў увагу на прыгажуню Аксану, але і яго папярэдзілі: “Яна занятая”. Мінуў час. Аксану, якая працавала цырульнікам, запрасілі ў адну з вёсак, каб зрабіць прычоскі мясцовым жанчынам. І вось там яны зноў выпадкова сустрэліся. Трэці раз аказаўся шчаслівым. Віталь запытаў, куды дзяўчына звычайна ходзіць на танцы, і ў бліжэйшыя выхадныя прыйшоў на невыпадковую сустрэчу. Аксана прыгадвае, што кавалер быў не асабліва рашучым, сустракацца прапанаваў не адразу, а праз пэўны час. А вось з другой прапановай – рукі і сэрца – Віталь не марудзіў. Некалькіх месяцаў адносін яму хапіла, каб упэўніцца, што сустрэў сапраўднае каханне.

На прапанову замужжа Аксана сказала: “Так”. Але сёння яна прызнаецца, што крыху сумнявалася, прыгадвала парады маці і бабулі, якія заўсёды перасцерагалі. Дарэчы, мудрасць старэйшых і сёння дапамагае ёй у жыцці.

- Мая бабуля некалі казала, што ніколі не трэба пры людзях сварыцца. Калі што не так, неабходна супакоіцца, пераначаваць з гэтай думкай і назаўтра спакойна ўсё абмеркаваць, - расказвае Аксана.

Віталь не ўтойвае, што парою бывае нястрыманым. Але мудрасць і лагоднасць жонкі здольны затушыць любое вогнішча яго душы. Ласкавым позіркам, шчырай усмешкай Аксаны вырашаюцца любыя непаразуменні. Яна ўпэўнена, што якім бы моцным і надзейным не быў мужчына, клімат у сям’і стварае жанчына. Можна быць сонейкам на небасхіле сямейнага жыцця, а можна быць перуном і страляць маланкамі. У доме Мацкевічаў парасоны не патрэбны. Тут можа і бывае пахмурна, але ніколі не дажджліва. І Аксана, і Віталь умеюць цаніць цяпло сямейнага ачага і вучаць гэтаму сваіх дзетак – Ангеліну і Арцёма. Арцём – футбаліст і лёгкаатлет, удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах. Ангеліна - натура творчая. Дзяўчынка складае і чытае вершы, іграе на фартэпіяна, спявае ў царкве на клірасе. Вакальныя здольнасці ў дзяўчынкі ад бацькі. Віталь таксама спявае ў царкоўным хоры. Дарэчы, спевы – адзін з любімых заняткаў Мацкевічаў. Усёй сям’ёй яны любяць сесці на канапе перад вялікім экранам і спяваць караоке. Да гэтай справы нярэдка далучаюцца сябры, якія любяць бываць у іх.

- Мы заўсёды рады гасцям. Амаль кожныя выхадныя сустракаемся з сябрамі. Рады, што знаёмыя любяць прыходзіць да нас, а таксама ўдзячны, што і яны нас нярэдка запрашаюць да сябе, - гаворыць Віталь.

Муж і жонка ўмеюць і адпачываць, і працаваць. Аксана – цырульнік, Віталь – будаўнік. Акрамя асноўнай работы ў мужа і жонкі шмат хатніх клопатаў. Жывуць яны ў прыватным доме, садзяць агарод, даглядаюць сад, падтрымліваюць парадак на газонах і кветніках. Абодва любяць гатаваць розныя стравы. У кожнага ёсць сваё фірменнае блюда. Для Аксаны зусім не праблема не даспаць ноч, каб раніцай сабраць мужу на работу “першае”, “другое” і піражок да чаю. Віталю, у свой час, таксама нярэдка хочацца парадаваць жонку і здзівіць смачнай вячэрай. І ў яго гэта цудоўна атрымліваецца.

Гледзячы на шлюбны фотаздымак Аксаны і Віталя, заўважаеш: муж і жонка за 15 гадоў амаль што не змяніліся. Вось толькі мудрасць жыцця шчодра пафарбавала віскі Віталя, і побач з усё такой жа ўсмешлівай і прывабнай Аксанай сёння ўжо не сціплы юнак, а ўпэўнены і салідны мужчына, які можа смела казаць: “Дом пабудаваў, дрэвы пасадзіў, сына з дачкой гадую”. “Дзякуй Богу за ўсё!” – Аксана і Віталь часта прамаўляюць гэтыя словы. Прамаўляюць не абыякава, укладаюць у іх глыбокі сэнс, як сапраўдныя веруючыя людзі.

Таццяна ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.