Балада пра мужнасць

 

Балада пра мужнасць

Общество
07.05.2022
588
Зінаіда Мейсак бярэ ў рукі пажаўцелы аркуш паперы і акуратна раскладае. Найперш мой позірк скіроўваецца на выяву ордэна Чырвонай Зоркі (у левым вугле) і пячатку чырвонага колеру “Войсковая часть 70911. Полевая почта”.

IMG_4527.JPG

А тэкст пісьма мы з Зінаідай Піліпаўнай чытаем разам: “Дорогой товарищ! Сообщаем Вам радостную весть. За героизм и мужество в борьбе против немецких захватчиков Ваш сын Иван Филиппович Корсак награждён орденом Красной Звезды.

Горячо поздравляем Вас и всю Вашу семью с высокой наградой. Желаем успехов на трудовом фронте в тылу. Будьте здоровы и счастливы. Командир части (прозвішча па аўтографу ўзнавіць цяжка – аўт.). 15.04.1945”. Гэты ліст і два ваенныя фотаздымкі – памяць пра брата, якую 92-гадовая Зінаіда Мейсак з Залесся беражліва захоўвае. 

IMG_4494.JPG

“На вайну нашага Івана забралі летам 1944 года, пасля таго, як Беларусь вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі аб’явілі пра дэмабілізацыю, Івану быў 21 год.  Наша сям’я тады жыла пад Вілейкай, у вёсцы Порса, - успамінае мая суразмоўца. – Хлопцам загадалі ісці пехатой на прызыўны пункт у Маладзечна. Шлях няблізкі. Хваляваліся мы за Івана. І небеспадстаўна. Неўзабаве да нас даляцела вестка, што калону з прызыўнікамі немцы бамбілі, многія загінулі. Не ведаю, якім чынам, але даволі хутка мы даведаліся, што брат і яго сябар жывыя.

З Маладзечна хлопцаў накіравалі пад Мінск, у Калодзішчы. Там яны прайшлі навучанне па ваеннай справе – і іх адправілі на фронт. Брат дайшоў да Германіі”.

На зваротным баку фотаздымкаў, якія захоўваюцца ў Зінаіды Піліпаўны, пазначана: на адным – “Германія, 30.01.46” і “12.10.46 г. Фрайбург”. Адтуль Івана перакінулі ў Расію,  дадому ён вярнуўся толькі летам 1947 года. Худы, саслабелы…

Хлопец неахвотна расказваў родным пра вайну. Ад яго сябра сям’я пачула: “Ваш Іван быў надзвычай бясстрашным. Ад заданняў ніколі не адмаўляўся. Калі трэба было выканаць што-небудзь важнае, гаварылі: “Корсака пашлём”, бо ведалі, што ён пойдзе – і даручаную справу выканае, як трэба. Вельмі надзейным і адказным воінам быў”.

IMG_4501.JPG

Калі Іван узнавіў сілы, актыўна ўключыўся ў камсамольскае жыццё вёскі. У 1948 годзе, калі арганізавалі мясцовы калгас, хлопец стаў працаваць на будаўніцтве кароўнікаў. Ад свайго бацькі – вядомага ва ўсёй акрузе цясляра і сталяра – пераняў майстэрства. Калі ажаніўся, пераехаў у Маладзечна, дзе працаваў на мэблевай фабрыцы.

Пражыў Іван толькі 62 гады. Свой апошні спачын знайшоў  на малой радзіме – у Порсах. “Хавалі брата, як героя, - ваенкамат выдзеліў машыну, духавы аркестр, - успамінае Зінаіда Піліпаўна. – Ушанаванне брат сапраўды зарабіў. Такім, як ён, мы і сёння абавязаны, што маем мірнае неба над галавой”.

Галіна АНТОНАВА.