У Смаргоні ўшанавалі дзяржаўныя сімвалы Беларусі і адкрылі раённую Дошку гонару
Ганаровае права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена ваеннаслужачаму Смаргонскай пагранічнай групы, падпалкоўніку Валянціну Драгуну і дырэктару музея-сядзібы М. К. Агінскага Людміле Градзіцкай.
Пасля гэтага да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзеньчук:
- Дзяржаўныя сімвалы Беларусі заснаваны на гераічнай гісторыі нашага народа і адлюстроўваюць стваральныя мэты беларускай дзяржавы, традыцыі, ідэалы і прынцыпы нашай суверэннай дзяржавы.
Мы імкнёмся да таго¸ каб наш народ жыў у дастатку, каб нашы дзеці раслі ў шчаслівых сем’ях, атрымлівалі добрую адукацыю і маглі ўвасабляць у жыццё свае мары. Жадаю моцнага здароўя, мірнага неба, дабрабыту і дабра.
У сваім прывітальным слове Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Свіла адзначыў:
- Кожная дзяржава мае свае сімвалы, і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гаворыць пра тое. Што галоўнымі сімваламі Беларусі з’яўляецца герб, сцяг і гімн. Менавіта ў гэтых сімвалах увасоблена ідэя незалежнасці, суверэнітэту, гісторыя стварэння і развіцця, а таксама самабытнасці нашага народа. Паважаныя сябры, шчыра жадаю вам добрага здароўя, поспехаў у працы.
У гэты дзень дванаццаць навучэнцаў Смаргоншчыны ўступілі ў піянерскую арганізацыю. Гальштукі дзецям павязалі прадстаўнікі раённай улады і грамадскіх арганізацый.
З прывітальнымі словамі звярнулася да прысутных старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Галдыцкая.
Напярэдадні свята Дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі атрымалі прадстаўнікі смаргонскай моладзі. Іх уручылі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шчасны і першы сакратар Сморгонскага райкама ГА «БРСМ» Кацярына Сарока.
На свяце таксама ўшанавалі лепшых працаўнікоў Смаргоншчыны, якія дасягнулі значных працоўных здабыткаў у 2021 годзе, тых, чые фотапартрэты занесены на раённую Дошку гонару.
З віншавальнымі словамі да прысутных звярнуўся старшыня Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Харужык:
- Сёння мы ўрачыста адкрываем раённую Дошку гонару і выказваем словы падзякі лепшым працаўнікам Смаргоншчыны. Так і павінна быць: каб лепшых людзей раёна бачылі і ведалі ўсе, раўняліся на іх і бралі прыклад, асабліва наша моладзь.
Толькі карпатлівай працай у любой прафесіі можна дасягнуць цудоўных вынікаў. Шчаслівы той чалавек, які займаецца любімай справай.
Шчыра дзякую вам, лепшыя працаўнікі Смаргоншчыны, за вашу сумленную працу, за цудоўныя паказчыкі ў рабоце, за актыўны ўдзел у сацыяльна-культурным будаўніцтве грамадска-палітычным жыцці нашага раёна.
Ад імя ўзнагароджаных выступіла Ірына Кот, выхавальнік дзіцячага дома сямейнага тыпу:
- Часта лаўлю сябе на думцы, што займаюся такой дзейнасцю, вынік якой цяжка ацаніць. Ці так я зрабіла? Можа быць, трэба было па-іншаму, больш мудра, разумна. Таму сёння я ўдзячная за тое, што мая праца так высока ацэнена.
Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падрыхтаваў падарункі ветэранам працы і прадстаўнікам сямейных дынастый. Іх уручылі першы намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Мядзвецкас і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віталь Івашка.
Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.