Пазнаць Беларусь, альбо Хто ведае пра смаргонскі традыцыйны народны строй?

 

Пазнаць Беларусь, альбо Хто ведае пра смаргонскі традыцыйны народны строй?

Общество
02.04.2022
1211

“Менавіта ў Беларусі я стала займацца рамесніцкай дзейнасцю. Тут створана добрае асяроддзе для яе развіцця. Магу сказаць, што я шчаслівы чалавек, бо займаюся любімай справай”, - з гэтых слоў пачалася наша размова з майстрыхай Людмілай Канаплёвай.


16.jpg

13.jpg

Бацька Людмілы Мікалаеўны – рускі (родам з Калужскай вобласці), а мама нарадзілася ў Беларусі (у Стоўбцах), але жыла тут нядоўга. Яе тата быў ваенным пагранічнікам, і сям’я ўвесь час “падарожнічала”. Людміла Мікалаеўна нарадзілася ў Комі АССР, у горадзе Пячора, на той час яе бацькі былі там на заработках.

У Беларусь яна перабралася ў 1990 годзе ўслед за бацькамі. “Мой тата быў будаўніком, у Смаргоні яму прапанавалі работу у будтрэсце №41, і ён згадзіўся. Будаваў у нашым горадзе дамы, у тым ліку і той, дзе я цяпер жыву, - расказвае Людміла Мікалаеўна. – Калі я прыехала ў Смаргонь, то лічыла сябе расіянкай. Цяпер не магу так пра сябе сказаць, бо жывучы больш за трыццаць гадоў у Беларусі зразумела, як важна мець сваё радавое гняздо, адчуваць пад нагамі зямлю, дзе жылі продкі. Таму цяпер, унікаючы ўсё глыбей у гістарычнае спазнанне Беларусі, прапускаючы праз сэрца тыя веды, якія атрымліваю, ужо магу гаварыць, што лічу сябе беларускай.

Вывучаць гісторыю і культуру беларускай зямлі мяне падштурхнулі мае захапленні. Калі я пачынала працаваць са скурай, абывацелі сцвярджалі, што скура – гэта не беларускія традыцыі. А я гаварыла: “Няпраўда! Смаргонь – сталіца гарбароў!”.

На працягу многіх гадоў Людміла Мікалаеўна стварала вельмі цікавыя рэчы са скуры, другіх вучыла працаваць з гэтым матэрыялам: вяла гурток у раённым Цэнтры культуры, займела вучняў – і неяк неназойліва пераключылася на лён. Уражвае фантазія і залатыя рукі майстрыхі, гледзячы на льняныя сувеніры, створаныя Людмілай Канаплёвай. Скарбонкі, абрусы, сурвэткі, торбачкі, бутэлькі, вазачкі, хатнія тапачкі, адзенне… Усё гэта карыстаецца попытам у тых, хто ўмее цаніць сапраўднае мастацтва.

1.jpg

2.jpg

3.jpg

4.jpg

5.jpg

6.jpg

15.jpg

14.jpg

На працягу апошніх пяці гадоў майстрыха захапілася яшчэ і стварэннем, а дакладней, узнаўленнем традыцыйных беларускіх народных строяў. 

9.jpg

12.jpg

11.jpg

10.jpg

На сустрэчы ў раённым Цэнтры культуры, дзе сабраліся ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Смаргонскія майстры” Людміла Мікалаеўна прадэманстравала палескі строй. Асобныя элементы яе касцюма – намітка (старажытны традыцыйны жаночы галаўны ўбор, які насілі замужнія жанчыны ў Беларусі), кашуля, бусы-каралі – рэчы арыгінальныя. Жаночую спадніцу замужняй жанчыны (андарак) Людміла Мікалаеўна пашыла з даматканага лёну, якому ўжо больш за 100 гадоў, гэту тканіну яна купіла на Лідчыне.

IMG_0051.JPG

“Я па адукацыі – швачка па пашыве верхняга адзення.  Але калі захапілася стварэннем народных строяў, то давялося перавучвацца, бо раней жанчыны сабе шылі адзенне ўручную. Гэта вельмі цікавая праца. Мяне прываблівае і лаканічнасць крою, і спазнанне розных відаў шва, якія сталі пазней асновай для стварэння машыннага, - кажа мая суразмоўца. - Даводзіцца шмат чытаць. Вывучаць гісторыю касцюма нельга без ведаў гісторыі беларускай вышыўкі, ручнікоў, абрусаў, традыцый (песні, танца, святаў і г. д.). Не перастаю дзівіцца, якая багатая гісторыя, культура ў Беларусі! Як важна людзям ведаць пра гэта!”

IMG_0053.JPG

У літаратуры апісаны  строі з 77 рэгіёнаў Беларусі, а вось што тычыцца смаргонскага строю, то тут пакуль прабел. Даволі шырока вядомы вілейскі строй, спецыялісты дапускаюць, што яго насілі і тыя, хто пражываў на тэрыторыі  Смаргоншчыны. Але Людміла Мікалаеўна ўпэўнена, што смаргонскі – дакладна адрозніваецца ад вілейскага. Яна займаецца вывучэннем гэтага пытання і можа ўжо сцвярджаць, што пры стварэнні смаргонскага строю майстрыхі выкарыстоўвалі светла-шэрае ці шэрае льняное палатно. Ярка кашулі не вышываліся, фартух таксама моцна не ўпрыгожваўся, нават вясельнае адзенне было даволі спакойнае ў плане аздаблення.  Спадніца (андарак) – шырокая, у невялікую клетку. На галаве – просты чапец (каптур) і хустка (намітак тут не насілі). А як прыкладна выглядае камізэлька (правільней сказаць, гарсэт ці кабат), можна пабачыць у музеі СШ №5 (там захаваўся экспанат з крэўскага боку). Галоўнае пытанне выклікаюць толькі паясы.

Ва ўяўленні Людмілы Канаплёвай смаргонскі строй існуе, і калі яго майстрыха адновіць – гэта стане адкрыццём ў народным мастацтве і культуры Беларусі. Ну, што ж, чакаць, мусіць, давядзецца нядоўга.

Галіна АНТОНАВА.

Фота аўтара і з архіва Людмілы КАНАПЛЁВАЙ. 


Статьи по теме: